Антон Астаповіч просіць распачаць крымінальную справу па факту зруйнавання помніка ў вёсцы Шэметава

Распачаць крымінальную справу па факту зруйнавання помніка ў вёсцы Шэметава Мядзельскага раёну Мінскай вобласці. З такой прапановай звярнуўся ва упраўленне Следчага камітэту Рэспублікі Беларусь па Мінскай вобласці старшыня Беларускага добраавотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры  Антон Астаповіч.

 



Акрамя таго, ён накіраваў ліст у Мядзельскі райвыканкам. У лісце, між іншым, адзначаецца, што ў вёсцы Шэметава Мядзельскага раёну Мінскай вобласці знаходзіцца помнік архітэктуры канца XVIII — сярэдзіны XIX стагоддзяў “былая сядзіба Казіміра Сулістроўскага: фрагменты парку, уязная алея, сістэма сажалак, касцёл, званіца, плябанія, гаспадарчы двор і руіны спіртзаводу”, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. 

17 лістапада выяўлена, што зруйнаваны будынак стайні, які ўваходзіць у склад гаспадарчага двара былой сядзібы Сулістроўскага. Факт зруйнавання стайні мае прыкметы парушэння артыкулу 27 і 28 закону “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь” і артыкулу 344 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Пункт 2.3 артыкулу 10 закону аб ахове спадчыны прадугледжвае, што мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы ўдзельнічаюць у рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы аховы помнікаў шляхам арганізацыі і садзейнічання ажыццяўленню мерапрыемстваў па захаванню і аднаўленню гісторыка-культурных каштоўнасцяў. А пункт 2.4 артыкулу 10 гэтага ж закону прадугледжвае з боку мясцовых выканаўчых органаў правядзенне ўліку помнікаў, а таксама забеспячэнне кантролю за іх утрыманнем і выкарыстаннем.

На падставе пункту 2.5 вышэйназванага закону Антон Астаповіч просіць прадаставіць грамадскаму аб’яднанню інфармацыю пра тое, якія мерапрыемствы праводзяцца адказнымі супрацоўнікамі райвыканкама па кантролі за ўтрыманнем і выкарыстаннем гісторыка-культурных каштоўнасцяў на тэрыторыі Мядзельскага раёну, а таксама якія дзеянні праведзены мясцовымі ўладамі па выяўленню і прыцягненню да адказнасці асобаў, вінаватых у зруйнаванні стайні гаспадарчага двару ў вёсцы Шэметава.

Акрамя таго, старшыня таварыства просіць прыцягнуць да адказнасці супрацоўнікаў Мядзельскага райвыканкама, якія ў межах сваіх службовых абавязкаў не ў поўнай меры выконвалі патрабаванні пунктаў 2.3 і 2.4 артыкулу 10 закону аб ахове спадчыны, што прывяло да руйнавання помніка архітэктуры. 

У каментары карэспандэнту НЧ Антон Астаповіч адзначыў, што колькі ні існуе незалежная Беларусь, знішчальнікі помнікаў адчуваюць сябе вальготна. “Столькі прыкладаў ужо ёсць, што руйнуй налева, руйнуй направа, і –як з гусі вада. Сапраўды, татальная безадказнасць спараджае крымінальнае злачынства, а можа нават лепей сказаць, што спараджае злачынствы пазіцыя праваахоўных органаў, якія яскрава дэманструюць адсутнасць жадання прыцягваць да адказнасці за знішчэнне спадчыны. Не надта верыцца ў вяршынства закону, але факт знішчэння помніка на сядзібе Шэметаўшчызна адбыўся, і гэты факт мы, як грамадзяне, не можам не заўважыць. Таму падрыхтаваны чарговыя звароты ў праваахоўныя і выканаўчыя органы ўлады аб прыцягненні вінаватых да адказнасці. Паглядзім, што яны скажуць. Адказ  будзе адбіткам, па якому можна рабіць пэўныя высновы”, — сказаў старшыня таварыства аховы помнікаў.

На здымках Антона Астаповіча — стайня ў Шэметава да і пасля разбурэння. 

Каментаваць