Антон Астаповіч скардзіцца на мітрапаліта Філарэта

Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч просіць пракуратуру горада Мінска правесці праверку і даць прававую ацэнку дзеянням мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, патрыяршага экзарха Беларусі, які не прадставіў адказ на зварот грамадскага аб’яднання.



Фота belhist.ru


У лісце Астаповіча ў пракуратуру паведамляецца, што 24 студзеня таварыства накіравала пісьмовы зварот на імя ўладыкі Філарэта, які на 12 сакавіка не даў адказ грамадскаму аб’яднанню, чым парушыў артыкул 9 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў”.

Старшыня таварыства лічыць, што мітрапаліт Філарэт здзейсніў адміністрацыйнае правапарушэнне, прадугледжанае артыкулам 9.13 Кодэксу Рэспублікі Беларусь ад адміністрацыйных правапарушэннях, згодна катораму парушэнне заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў цягне за сабою накладанне штрафу ў памеры ад 4 да 20 базавых велічынь.    

У гэтай сітуацыі Астаповіч просіць пракуратуру прызнаць неправамернымі і ўціскаючымі правы грамадскага аб’яднання на атрыманне інфармацыі, а таксама парушаючымі заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў дзеянні галавы Беларускага экзархату Рускай праваслаўнай царквы, абавязаць яго прадставіць таварыству адказ на зварот, а таксама скласці пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні ў адносінах да ўладыкі Філарэта.

Каментуючы НЧ свой зварот у пракуратуру, Астаповіч паведаміў, што за апошнія гады грамадскае аб’яднанне неаднаразова звярталася да кіраўніка экзархату з нагоды парушэння заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны некаторымі прыходамі Рускай праваслаўнай царквы на тэрыторыі Беларусі. “Але наш апошні ліст да ўладыкі Філарэта ўтрымліваў не крытыку, а пазітыўную прапанову”, — падкрэсліў кіраўнік таварыства. Ён нагадаў, што з 2011 году дзейнічае новая рэдакцыя закону аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў, з якой вынікае, што ігнараваць пісьмовыя звароты не могуць ні якія юрыдычныя асобы.

Сучасная сталічная вуліца Вызвалення ў Ракаўскім прадмесці, на якой знаходзіцца будынак Мінскай епархіі, да саветаў мела назву Васкрасенская па размяшчэнню на гэтай вуліцы царквы Уваскрашэння Хрыстова (зараз — паміж будынкамі №№ 6 і 8 на вуліцы Вызвалення). Васкрасенская царква мела даўнюю гісторыю, што пацвярджаецца шматлікімі архіўнымі дакументамі і пазначэннем на планах гораду з канца XVIII стагоддзя. У сувязі з тым, што тэрыторыя, дзе месцілася святыня, знаходзіцца ў землекарыстанні экзархату, мы прапанавалі правесці добраўпарадкаванне з пазначэннем на мясцовасці контураў перыметру сцен царквы. Пры гэтым  спецыялістамі архітэктурнай секцыі таварыства праведзены аналіз крыніц і бібліяграфіі, на падставе якога лакалізавана месцазнаходжанне Васкрасенскай царквы і зроблена яго прывязка да сучаснай горадабудаўнічай сітуацыі, што дазваляе пазначыць на мясцовасці контуры плану храма. Мы прапанавалі на валанцёрскай аснове распрацаваць навукова-праектную дакументацыю на дадзены від прац. Але праходзіць час, парушаюцца ўсе нарматыўныя тэрміны, а нам не адказваюць. І тады ўзнікае пытанне, чым кіруецца праваслаўная царква ў сваіх ўзаемаадносінах з навакольным светам: законамі, канонамі ці паняццямі? На маю думку ўсе павінны кіравацца законамі”, — сказаў Антон Астаповіч.

Каментаваць