Апазіцыю дапытваюць

Тэракт у мінскім метро КДБ выкарыстоўвае, каб зноў цягаць апазіцыянераў на допыты. Прычым як жыхароў сталіцы, так і іншых гарадоў.

У Рагачове актывіст Дзяніс Дашкевіч быў тэрмінова выкліканы 12 красавіка ў мясцовы аддзел КДБ. Для апытання наконт тэракта, які адбыўся 11 красавіка ў Мінску.

Тэракт у мінскім метро КДБ выкарыстоўвае, каб зноў цягаць апазіцыянераў на допыты. Прычым як жыхароў сталіцы, так і іншых гарадоў.

У Рагачове актывіст Дзяніс Дашкевіч быў тэрмінова выкліканы 12 красавіка ў мясцовы аддзел КДБ. Для апытання наконт тэракта, які адбыўся 11 красавіка ў Мінску.

«У мяне пыталіся, дзе я быў у той дзень, ці ёсць у мяне сведкі, якія пацвердзяць, што я менавіта быў дома, ці ў краме, ці на працы. Таксама пытанні тычыліся таго, ці чуў я ад каго-небудзь з апазіцыі пра падрыхтоўку тэракта. Ці 19 снежня на Плошчы ў Мінску гучалі заклікі да выбухаў. Натуральна, я адказаў, што не — нічога такога не чуў», — распавёў актывіст праваабарончаму цэнтру «Вясна».

На допыт у КДБ выклікалі і Людмілу Дзянісенка, кіраўніка Брэсцкай гарадской арганізацыі партыі левых «Справядлівы свет». Для «дачы сведчанняў», звязаных з выбухам у метро. «Думаю, што я не апошняя», — зазначыла яна.

З нагоды тэракта ў Мінску ў мясцовых чэкістаў пабываў 12 красавіка каардынатар аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя» па Гомельскай вобласці Юры Клімовіч. «Дапытвалі пра асобных сяброў і прыхільнікаў БХД. Паколькі я адмовіўся штосьці казаць, яны сказалі, што будуць выклікаць усіх», — паведаміў актывіст.

У Мінску 12 красавіка быў выкліканы на гутарку Ігар Багачык. Пра тое, чым ён займаўся напярэдадні вечарам, яго распытвалі супрацоўнікі ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю.

«Вясна» паведамляе і пра шэраг выпадкаў, калі да мінскіх і рэгіянальных актывістаў наведаліся супрацоўнікі праваахоўных органаў. Аднак іх не было дома. Іх родным міліцыянты заявілі, што актывістаў хочуць апытаць, дзе яны знаходзіліся падчас выбуху ў метро.

«Праваабаронцы заклікаюць праваахоўныя органы, якія займаюцца расследаваннем трагедыі, не нагнятаць у грамадстве атмасферу падазронасці і страху. І паспрабаваць як мага хутчэй знайсці сапраўдных злачынцаў», — адзначылі ў «Вясне».

Каментаваць