Апазіцыя БНФ: Дакументы не хлусяць

У прыватным смаленскім выдавецтве «Інбелькульт» з друку выйшаў 800-старонкавы том пад назвай «Апазіцыя БНФ у Вярхоўным Савеце ХІІ склікання: дакументы, факты, каментарыі», укладзены кандыдатам гістарычных навук Аляксандрам Кур’яновічам.



Чалавек, прозвішча якога ў кнізе згадваецца больш за сорак разоў, натуральна, я не мог не пазнаёміцца са зместам гэтай капітальнай публікацыі. Адразу хачу адзначыць, што ўкладальнік правёў велізарную працу, знайшоў у архівах і падшыўках перыядычных выданняў дакументы, у тым ліку фатаграфіі, часам ужо і падзабытыя, за што ён заслугоўвае безумоўнай павагі.

Публікацыя як бы дадае дадатковай вагі чатыром кнігам майго калегі па тым Вярхоўным Савеце, журналіста Сяргея Навумчыка («Сем гадоў Адраджэння», «Дзевяноста першы», «Дзевяноста чацвёрты» і «Дзевяноста пяты»). Толькі Аляксандр Кур’яновіч паставіў дакументы ў цэнтр сваёй публікацыі. А, як вядома, дакументы не хлусяць.

Кніга развейвае шэраг міфаў, якія пашыраліся пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі не толькі афіцыйнай беларускай прапагандай. Дакументы дазваляюць расставіць кропкі над «і» ў пытанні прыняцця Вярхоўным Саветам Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце ў ліпені 1990 года. У кнізе прыводзяцца тэкст праекту гэтай Дэкларацыі, які, раней за ўсё, быў падрыхтаваны Беларускім народным фронтам, тэксты выступаў прадстаўнікоў Апазіцыі БНФ па найбольш прынцыповых палажэннях гэтага дакумента, якія былі пазней праігнараваныя і забытыя, у тым ліку і Станіславам Шушкевічам, пра што сведчаць некаторыя пазнейшыя інтэрв’ю апошняга.

Наогул жа, пры адборы дакументаў Кур’яновіч выразную перавагу аддаў дакументам эканамічнага і агульнаграмадскага характару, распрацаваным прадстаўнікамі Апазіцыі БНФ — праектам Праграмы эканамічнай рэформы, Кодэкса «Аб зямлі», законаў «Аб мясцовым самакіраванні і мясцовай гаспадарцы», «Аб уласнасці на зямлю», «Аб Кантрольнай палаце», «Аб міліцыі (паліцыі)», «Аб барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю», «Аб рэферэндуме», дэкрэта «Аб уладзе», парламенцкіх пастаноў «Аб стварэнні ўпраўлення па выпуску дзяржаўных знакаў», «Аб рэарганізацыі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь» і некаторых іншых. Ужо гэта цалкам разбівае запушчаны міф, нібыта «ў Вярхоўным Савеце апазіцыя займалася збольшага пытаннямі беларускай мовы і беларускай культуры».

Але ёсць і недахопы, якія, натуральна, можна было б выправіць пры перавыданні. Па-першае, адбор законапраектаў і выступаў пры іх абмеркаванні мае налёт суб’ектыўнасці. Напрыклад, у той час былі высока ацэненыя экспертамі, у тым ліку міжнароднымі, законапраекты «Аб уласнасці», «Аб банках і банкаўскай дзейнасці», «Аб нетрах» — стратэгічна важныя для адноўленай беларускай дзяржавы — і вельмі шкада, што ў зборы Аляксандра Кур’яновіча месца для іх не знайшлося. Як не знайшлося месца і для законапраекта «Аб грамадзянстве», які, бадай што, як ніводзін аналагічны дакумент у рэспубліках тагачаснага СССР, улічваў і нацыянальныя інтарэсы Беларусі, і гарантаваныя міжнароднымі дакументамі правы чалавека. Як кіраўніку адпаведнай працоўнай групы Апазіцыі БНФ мне давялося прадстаўляць гэты законапраект на другой сесіі Вярхоўнага Савета ў кастрычніку 1990 года. Тады ён быў правалены камуністычнай большасцю беларускага парламента, але не прайшло і года, як асноўныя яго палажэнні былі ўсё ж такі прынятыя ў складзе Закона «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь». Не змешчаныя ў зборніку і праекты законаў і пастаноў, датычных стварэння беларускай арміі, Нацыянальнай гвардыі і памежнай службы, праекты рэфармавання падатковай сістэмы, увядзення беларускай грашовай адзінкі, дакументаў аб пераадоленні наступстваў Чарнобыльскай катастрофы і інш.

Цяпер некалькі слоў адносна аўтарскіх каментароў да дзейнасці Апазіцыі БНФ у цэлым і да распрацаваных ёй дакументаў. Не-не, ды ўзнікае адчуванне, што аўтар каментара робіць аглядку на тое, што некаму ў сённяшняй кіроўнай эліце гэтая кніга можа не спадабацца. Таму не раз можна сустрэць агаворкі кшталту «гэта адзначалася палітычнымі апанентамі, у тым ліку і Аляксандрам Лукашэнкам». Было б, дарэчы, цікава, каб сёння (без купюр і рэдагавання!) нехта ўзяў ды выдаў тэксты ўсіх выступаў Аляксандра Лукашэнкі ў Вярхоўным Савеце ХІІ склікання, каб неабазнаны — асабліва малады — чытач мог параўнаць узровень гэтых прамоў з адпаведнымі прамовамі дэпутатаў Апазіцыі БНФ.

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2015-11-08 23:15:03
Лічу, што выданне з крыху адстароненым поглядам на падзеі 25-гадовай даўніны патрэбна, бо многія непасрэдныя ўдзельнікі тых падзей "ваююць" міжсобку і нават не робяць выгляд, што
імкнуцца да аб'ектыўнасці.
  • ВР
  • 2015-11-09 15:01:24
Лічу, што такія "адстароненыя" кнігі пра падзеі 25-гадовай даўніны патрэбны. Лічыў так і ўчора, але мой каментар кудысьці знік ;( Дарэчы, выдавецтва "Інбелкульт"
называецца - з адным мяккім знакам. Пра гэта я даведаўся на сайце arche.by, дзе прадстаўлены для азнаямлення некаторыя старонкі "Апазіцыі БНФ".

Каментаваць