Апазіцыянерам ствараюць імідж «лузераў»

Кампанія «Гавары праўду!» распавяла пра вынікі рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты. У кампаніі салідарныя з меркаваннем іншых палітычных гульцоў: улада імкнецца зрабіць апазіцыйным кандыдатам у дэпутаты імідж «лузераў».



Прынамсі, такая агульная тэндэнцыя прасочваецца і на прыкладзе рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты ад «ГП».

Напярэдадні размовы каардынатар «Гавары праўду!» Андрэй Дзмітрыеў крышачку адышоў у гісторыю. Два гады таму, напярэдадні парламенцкіх выбараў 2012 года была абвешчаная ініцыятыва «Грамадзянская дамова». Мэтай гэтай ініцыятывы было як рашэнне мясцовых праблемаў грамадзянаў, так і ўцягванне людзей у палітыку. «Гаварыпраўдоўцы» імкнуліся паказаць, што без палітычных пераўтварэнняў у краіне мала што можна зрабіць і на мясцовым узроўні. А каб былі палітычныя рэформы, трэба, каб як мага больш грамадзянаў удзельнічала і ў палітычным жыцці.

Пасля парламенцкіх выбараў была пастаўленая амбіцыйная задача: вылучыць на мясцовых выбарах тысячу кандыдатаў у дэпутаты. Спраўджана яна была толькі напалову — напачатку кампаніі 487 чалавек пагадзіліся пайсці ў дэпутаты ад «Гавары праўду!».

Хто гэтыя людзі? «ГП» вельмі ўважліва паставілася да сваіх прэтэндэнтаў. Сярод вылучэнцаў толькі 17 чалавек вылучаліся ў Мінску. 51 чалавек планаваў вылучыцца ў саветы вышэйшага узроўню — абласныя і Мінскі гарадскі. 372 вылучаліся ў гарадскія і раённыя саветы, і 67 — у сельскія.

Палітыкай больш цікавяцца мужчыны — іх ад «ГП» было 358 кандыдатаў, але і жанчын было 129. Што цешыць кіраўніцтва кампаніі, толькі 121 з іх з’яўляецца сябрам якой-небудзь палітычнай партыі. Дарэчы, Дзмітрыеў адзначыў, што з «партыйных» некаторыя толькі «падстрахаваліся», уступіўшы ў партыю, каб вылучыцца ад яе кандыдатам, калі будуць «зарубленыя» сабраныя подпісы. А вось 366 чалавек — гэта беспартыйныя, якія не належаць да партыяў. Пры гэтым, 347 чалавек ніколі раней не балатаваліся кандыдатамі ў дэпутаты — гэта іх першы крок у публічнай палітыцы. Прычым 149 чалавек з гэтых 347 — людзі, якія прыйшлі ў «Гавары праўду!» праз сацыяльныя акцыі — тыя, хто раней у палітыцы ангажаваны не быў увогуле. А зараз яны сталі лідарамі, і нават балатаваліся ў кандыдаты.

Асобная лічба — 307 чалавек з 487 не пабаяліся заявіць пра сваё месца працы. «Самае распаўсюджанае пытанне ў выбаршчыка: за што жыве кандыдат? Дзе ён працуе? Як ён зарабляе, наколькі ён паспяховы? Улада стварае ўражанне, што ад апазіцыі ва ўладу лезуць нейкія маргіналы, якія заўсёды нідзе не працуюць. Мы вылучылі 307 чалавек, якія маюць працу, і 180 «часова беспрацоўных», — адзначыў Дзмітрыеў.

Але вынік рэгістрацыі, па словах Дзмітрыева, даволі сціплы. Хаця, гэта гледзячы з якога боку. На сёння зарэгістравана 107 кандыдатаў, падтрыманых кампаніяй «Гавары Праўду!». Яшчэ 38 чалавек абскарджваюць адмову ў рэгістрацыі ў вышэйстаячых выбарчых камісіях альбо ў судзе. З аднаго боку, рэгістрацыйныя камісіі «выкасілі» каля 70% кандыдатаў ад «ГП». З другога — усё роўна гэтая ініцыятыва застаецца лідарам сярод іншых дэмакратычных структур па колькасці кандыдатаў у дэпутаты.

Дзмітрыеў таксама заўважыў: на этапе рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты свядома «выкрэсліваліся» мацнейшыя.

«Першымі, каго ўлада адсякала, гэта былі людзі, якія мелі месца працы. Другімі — тых новых людзей, якія прыйшлі да нас і атрымалі вядомасць менавіта дзякуючы «працы на месцах», праз сацыяльныя акцыі. Трэція кандыдаты «на адсеў» былі ў тых месцах, дзе ў нас найбольш паспяхова праводзіліся лакальныя акцыі. Там, дзе мы добра працавалі, там не рэгістравалі нашых кандыдатаў», — адзначыў Дзмітрыеў.

Асноўная прычына нерэгістрацыі кандыдатаў — нібыта «несапраўдныя» подпісы. «Як і на парламенцкіх выбарах 2012 года, мы ў некаторых акругах сабралі не толькі подпісы, але і з кожнага, хто даваў подпіс, бралі яшчэ і заяву ў тым, што ён гэты подпіс паставіў свядома і добраахвотна. У 2012 годзе суды, дзякуючы гэтым заявам, абавязвалі рэгістраваць нашых кандыдатаў», — паведаміў Дзмітрыеў. Але не факт, што гэта падзейнічае на суддзяў гэтым разам, адзначыў ён.

Другая прычына таксама традыцыйная — памылкі ў падатковых дэкларацыях.

Але трэцяя з’яўляецца «ноў-хаў» новага Выбарчага кодэкса. Некаторых кандыдатаў, паведаміў Дзмітрыеў, не зарэгістравалі з-за адсутнасці сэртыфіката аб сярэдняй адукацыі, альбо неадпаведнасці адукацыі профілю працы.

«Калі вы напісалі, што вы палітычны аналітык, вы павінныя пацвердзіць, што вы сапраўды маеце гэтую спецыяльнасць. Альбо вы працуеце ў гэтай якасці, і тады ў працоўнай кніжцы павінен быць запіс пра гэта, альбо вы павінны прадставіць сертыфікат, што вы навучаліся гэтаму… Гэта было асноўнай прычынай адмоваў у рэгістрацыі ў Мінску», — сказаў Дзмітрыеў.

Дарэчы, аднаму такому «гаварыпраўдоўцу» адмовілі ў рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты таму, што ён прадставіў у камісію дыплом пра заканчэнне нямецкага ўніверсітэта. Ці то ў камісіі нямецкай мовы не ведалі, ці то ў нас сапраўднымі з'яўляюцца толькі «айчынныя» дыпломы аб вышэйшай адукацыі, але факт застаецца фактам – не зарэгістравалі.

То бок, улады на прыкладзе зарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты будуць паказваць, што апазіцыянеры — лузеры. Што большасць з іх «нідзе не працуе», што яны не маюць дачынення да паспяховых дзеянняў, што яны маргіналы, і што ў іх збольшага невысокі ўзровень адукацыі.

Але ж, падаецца, што кандыдатаў ад «Гавары праўду!», як зарэгістраваных, так і выкрасленых, гэта мала хвалюе. Адзіная праблема, па словах Дзмітрыева, што кампаніі «Права выбару», якая будзе займацца назіраннем і супрацьстаянню магчымым фальсіфікацыям вынікаў выбараў, трэба будзе тэрмінова перагледзець свой план па назіранні і адправіць назіральнікаў туды, дзе кандыдаты зарэгістраваныя. У астатнім жа як зарэгістраваныя, так і не зарэгістраваныя кандыдаты ў дэпутаты «працягваюць працаваць па павестцы «Народнага рэферэндум», паведаміў Дзмітрыеў.

Прычым, што парадаксальна, па ягоных словах, подпісы пад ініцыятывай «Народны рэферэндум» збіраюцца лягчэй, чым подпісы за кандыдатаў у дэпутаты. «Трэба прызнаць, што ўлада сёння зрабіла ўсё, каб поўнасць дыскрэдытаваць мясцовыя саветы ў вачах людзей. І я думаю, каб сёння ўлады ўвогуле б адмовіліся ад мясцовых саветаў, гэтага б ніхто не заўважыў. Тыя дэпутаты мясцовых саветаў, якія ёсць, сёння не выконваюць функцыі дэпутатаў — яны не займаюцца вырашэннем праблемаў людзей, а існуюць дзеля ўзгаднення нейкіх мясцовых інтарэсаў», — адзначыў Дзмітрыеў.

За два месяцы з тых часоў, калі быў абвешчаны масавы збор подпісаў пад ініцыятывай «Народны рэферэндум», сабрана крыху больш за 19.000 подпісаў. Дзмітрыеў спадзяецца, што за час мясцовай кампаніі, за месяц агітацыі, колькасць подпісаў за рэферэндум дасягне неабходнага мінімуму ў 50.000. «Пасля мы перададзім гэтыя подпісы ў парламент, каб ён ініцыяваў правядзенне рэферэндуму з тымі шасцю пытаннямі, якія ў нас ёсць», — паведаміў Дзмітрыеў.

Інфаграфіка: «Гавары Праўду!»

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2014-02-24 23:20:15
Успамінаю, як у 2010 г. "ГП" збірала подпісы за вуліцы В. Быкава ў Мінску і Гродне. Някляеў ганарыўся, што сабралі дзясяткі тысяч. А вынік? І яшчэ: інфаграфіку да беларускамоўнага
артыкула цяжка было даць па-беларуску?

Каментаваць