Аперацыя “Баграціён”: ад параз да перамогі

Напярэдадні аперацыі Заходні фронт 11 разоў беспаспяхова спрабаваў наступаць.



У 1943–1944 гадах войскі Заходняга фронту Чырвонай Арміі правялі 11 беспаспяховых наступальных аперацый супраць групы армій "Цэнтр" вермахту, заявіў 19 чэрвеня ў Мінску на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Беларусь: памятнае лета 1944 года" міністр абароны Беларусі, генерал-лейтэнант Юры Жадобін.

Ён звярнуў увагу на тое, што ў савецкай гістарыяграфіі праблемныя пытанні, што тычацца беспаспяховых наступальных дзеянняў Заходняга фронту напярэдадні стратэгічнай аперацыі па вызваленню Беларусі "Баграціён", глыбока не вывучаліся альбо проста замоўчваліся.

"З 12 кастрычніка 1943-га па 1 красавіка 1944 года войскі Заходняга фронту на Аршанскім і Віцебскім напрамках правялі 11 аперацый, якія ўсе закончыліся беспаспяхова. Прычым, войскі панеслі неапраўдана вялікія страты, а фронт не выканаў пастаўленыя перад ім задачы. Па загаду Стаўкі вярхоўнага галоўнакамандуючага надзвычайная камісія пад кіраўніцтвам члена Дзяржаўнага камітэту абароны Георгія Маленкова праверыла працу штабу Заходняга фронту. Па выніках гэтай праверкі 12 красавіка 1944 года Дзяржкамітэт абароны  прыняў адпаведную пастанову, дзе адзначаны шэраг нездавальняючых фактаў, у тым ліку нездавальняючае ўпраўленне з боку камандуючага фронтам генерала арміі Васіля Сакалоўскага, членаў ваеннага савету фронту генерал-лейтэнантаў Мікалая Булганіна і Льва Мехліса, грубае парушэнне камандуючым злучэннем правіл арганізацыі і замацавання наступу, адсутнасць узаемадзеяння паміж родамі войскаў і непісьменнае выкарыстанне артылерыі. На выснове дадзеных надзвычайнай камісіі было вырашана зліквідаваць Заходні фронт і на яго аснове стварыць Другі і Трэці Беларускія франты. Шэраг военачальнікаў былі знятыя са сваіх пасадаў і папярэджаны аб недапушчэнні паўтарэння памылак. На адказныя пасады былі прызначаныя таленавітыя палкаводцы, такія, як камандуючы войскамі Трэцяга Беларускага фронту 38-гадовы генерал-палкоўнік Іван Чарняхоўскі", — сказаў Юры Жадобін.    

Віцэ-прэм’ер беларускага ўраду Анатоль Тозік паведаміў, што 21 чэрвеня ў Светлагорскім раёне Гомельскай вобласці будзе адкрыты мемарыяльны знак, прысвечаны пачатку беларускай наступальнай аперацыі “Баграціён”. Апроч таго, паводле ягоных слоў, неўзабаве на сталічным праспекце Пераможцаў адчыніцца новы будынак Беларускага дзяржаўнага музею гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. 

На канферэнцыі неаднаразова гучала думка пра неабходнасць “у сучаснай інфармацыйнай вайне адстойваць перад фальсіфікатарамі гісторыі справядлівую справу тварцоў вялікай Перамогі”.   

Пад час адкрыцця канферэнцыі экспанаваліся выставы дакументаў і кніг, прысвечаных 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Канферэнцыя з удзелам беларускіх і расійскіх гісторыкаў праводзіцца ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і працягнецца два дні.

Каментаваць