Апякун-парламенцёр знойдзецца для кожнага палітвязня

Міжнародная кампанія ў абарону беларускіх палітвязняў еўрапейскімі парламенцёрамі набірае хаду: за гэты тыдзень яшчэ два дэпутаты нямецкага Бундэстагу сталі апекунамі.

Міжнародная кампанія ў абарону беларускіх палітвязняў еўрапейскімі парламенцёрамі набірае хаду: за гэты тыдзень яшчэ два дэпутаты нямецкага Бундэстагу сталі апекунамі.

Франц Цёнес з фракцыі сацыял-дэмакратаў узяў шэфства над экс-кандыдытам у прэзідэнты Мікалаем Статкевічам, а Філіп Місфельдэр , спікер па пытаннях міжнароднай палітыкі ад парламенцкай фракцыі ХДС/ХСС, аб’явіў пра апякунства над старшынём “Маладога Фронту Змітром Дашкевічам.

Старшыня нямецкай праваабарончай арганізацыі “Libereco і адначасова арганізатар кампаніі “Шэфства над палітвязнямі Ларс Бюнгер распавёў “Новаму Часу акалічнасці кампаніі: “Мы намагаемся прыцягнуць увагу да праблемы палітычных зняволеных у Беларусі і наладзіць асабістыя трывалыя статункі паміж імі і еўрапейскімі палітыкамі. Найперш мы запытваем пра магчымасць апякунства ў дэпутатаў Бундэстагу і Еўрапарламента, але мы хочам уключыць у кампанію дэпутатаў нацыянальных парламентаў розных краін, што ўваходзяць у ЕС. Збольшага мы кантактуем з парламенцёрамі, якія займаюцца правамі чалавека і міжнароднай палітыкаю, цікавяцца Беларуссю.

Паводле словаў Ларса Бюнгера, “палітычнае апякунства ўключае ў сябе публічныя заявы ў падтрымку палітвязня і яго сям’і, дасыланне лістоў на імя Аляксандра Лукашэнкі з патрабаваннем вызваліць вязня, віншаванні “апякунца са святамі, лабіраванне станоўчых рашэнняў датычна ціску на беларускія ўлады.  Нямецкі праваабаронца заўпэўнівае, што ўдзельнікі кампаніі будуць шукаць апекуноў для ўсіх палітвязняў, а не толькі для экс-кандыдатаў у прэзідэнты і вядомых грамадскіх актывістаў: “Мы спадзяемся знайсці дэпутатаў-апекуноў для ўсіх людзей, якія знаходзяцца пад крымінальным пераследам пасля падзеяў 19 снежня ў незалежнасці ад узроўню іх вядомасці ў грамадстве. Такіх людзей больш за 50, а таму гэты пошук зойме час.

Ларс Бюнгер падзяліўся бліжэйшымі планамі кампаніі “Шэфства над палітвязнямі: “Хутка пра апякунства аб’явяць Мануэль Саразін, дэпутат Бундэстагу ад Партыі зялёных, і дэпутат Еўрапарламенту, хрысціянскі дэмакрат Міхаэл Гахлер. Парламенцёры возмуць шэфства адпаведна над Мікітам Ліхавідам і Паўлам Севярынцам.

Нагадаем, на дадзены момант пад апёкаю еўрапейскіх дэпутатаў знаходзяцца Андрэй Саннікаў, Зміцер Бандарэнка, Аляксандр Атрошчанкаў, Мікалай Статкевіч і Зміцер Дашкевіч.
 

Каментаваць