Апошнія гады Фары Вітаўта, або Як знішчалі самы старажытны касцёл Гродна

29 лістапада спаўняецца 54 гады, як Гродна страціў свой самы старажытны каталіцкі храм — касцёл Найсвяцейшай Марыі Панны, у народзе проста Фара Вітаўта.



На вежы прапанавалі арганізаваць парашутную вышку

Першая ўзгадка пра драўляную Фару Вітаўта адносіцца да далёкага 1389 года. За амаль шэсць стагоддзяў існавання храм не адзін раз перабудоўваўся, належаў і каталікам, і праваслаўным. Перажыў абедзве сусветныя войны і застаўся амаль непашкоджаным. Аднак у тагачаснай савецкай дзяржаве, дзе панавала палітыка атэізму і храмаборства, магутны старажытны касцёл быў непажаданым элементам не толькі для агульнага выгляду гораду, але і для пануючай ідэалогіі.

Спачатку ўлады вырашылі выкарыстоўваць храм для размяшчэння там установы па нарыхтоўцы ільну, у лютым 1949 года частку будынка занялі таварыствы садзейнічання арміі і флоту. Менавіта тады паступілі прапановы, каб на вежы касцёлу арганізаваць парашутную вышку.

 

У снежні 1951 года будынак перадаюць “Аўтатрактарзбыту” як склад для запчастак, затым Гарпрамхарчу, Галоўабутакзбыту, універмагу.

У сакавіку 1958 года гарвыканкам дазволіў рэканструяваць Фару Вітаўта пад шырокаэкранны кінатэатр, але гэтую ініцыятыву не рэалізавалі. У 1959 годзе была спроба аддаць храм пад перабудову ў Дом фізкультуры, але і гэты праект аказаўся правальным. Гэтыя варыянты перабудовы прадугледжвалі капітальныя змены знешняга выгляду касцёла, напрыклад, ліквідацыю вежы са званіцай.

Невядомы гарадзенец пагражаў узарваць мост

8 сакавіка 1961 года гарвыканкам прымае пастанову № 213 “О сносе аварийного здания военного костела на площади Советской”. Была створана цэлая дзяржаўная камісія, якая павінна была кантраляваць падрыхтоўчыя працы для ліквідацыі Фары Вітаўта. Знішчыць храм было вырашана з дапамогай выбухоўкі. Працу даручылі спецыялістам з Ленінграду на чале з прарабам М. Пінам. Кошт ліквідацыі касцёла складаў 19,5 тысяч савецкіх рублёў (гэта кошт васьмі аўтамабіляў “Масквіч” М-407 або 24 матацыклаў “Урал” або 459 пыласосаў “Чайка” або 8,5 тоны Доктарскай каўбасы).

Цікава, што адным з удзельнікаў падрыўной групы была  жанчына, пра якую ў хуткім часе па Гродне папаўзлі чуткі, нібыта яна моцна захварэла. Гарадзенцы ўспрымалі гэта як Божае пакаранне для разбуральніцы храму.

Падрыхтоўчыя працы да выбуху пачаліся 27 лістапада, каля касцёла пастаянна знаходзіліся міліцыянты. Гарадзенцам, якія жылі побач з храмам, забаранялася падыходзіць да вокнаў.

Была толькі адна спроба абараніць Фару Вітаўта — ананімны тэлефонны званок у гарвыканкам. Невядомы выставіў ультыматум: калі знясуць касцёл, то ў адказ будзе ўзарваны мост. Мясцовыя ўлады адразу адрэагавалі на пагрозу і на мосце ўначы з’явіліся ўзброеныя каравулы, а днём мост патрулявалі міліцыянеры, якія не дазвалялі надоўга затрымлівацца на ім.

Усё навокал было ў чырвоным пыле

У ноч з 28 на 29 лістапада ўсё было гатова да выбуху, тэрыторыю вакол касцёла ачапіла ўзброеная варта, а людзей, якія жылі побач, вывелі з дамоў на час аперацыі. Час выбуху быў прызначаны на 2 гадзіны ночы. Выбух павінен быў адбыцца пасля падачы сігналу.

За 15 хвілін да выбуху камендант Саматонін падаў першы сігнал — у неба ўзляцела зялёная ракета. Гэта азначала, што праз 15 хвілін пачнецца аперацыя. За 3 хвіліны да выбуху той жа таварыш выпусціў чырвоную ракету, што азначала “ўсім заняць свае месцы”.

Неўзабаве гродзенцы адчулі моцны штуршок і дзіўны гук — накіраваны выбух узняў касцёл уверх, а калі асеў пыл, то на месцы велічнай старажытнай Фары Вітаўта ўжо былі руіны.

Фара Вітаўта

Сведкі тых падзей распавядаюць, як раніцай Савецкая плошча, вуліцы Савецкая, Ажэшкі і іншыя навакольныя вуліцы былі ў чырвоным пыле. Дзеці лазілі па рэштках храма, адтуль іх ганялі вайскоўцы. Праз год, у 1962 годзе, на месцы Фары Вітаўта збудавалі скверык, які потым стаў любімым месцам гарадзенскіх выпівох.

Памяць у Гродне пра Фару Вітаўта

Але гісторыя найстарэйшага гарадзенскага каталіцкага храму яшчэ не скончылася. Пасля развалу Савецкага саюза, у 1992–1993 гадах па ініцыятыве тагачаснага намесніка старшыні гарвыканкама Аляксандра Мілінкевіча на месцы, дзе быў храм, праводзіліся археалагічныя раскопкі. Калі знайшлі добра захаваныя падмуркі, з’явіліся ідэі адбудовы касцёла, але ніводная з іх не была рэалізавана.

Фара Вітаўта

Падмуркі ізноў закапалі і да 2014 года на месцы касцёлу далей быў сквер. У час чарговага фестывалю нацыянальных культур на месцы магутнага храму адкрылі памятны знак, які зараз нагадвае гарадзенцам пра страчаны касцёл Найсвяцейшай Марыі Панны.

 

 “Твой стыль” 

Каментаваць