“Arche” зноў адмовілі

Міністэрства інфармацыі паўторна адхіліла просьбу часопіса перарэгістравацца з новым заснавальнікам.



Пра гэта паведаміў прэс-службе ГА “БАЖ" выканаўца абавязкаў галоўнага рэдактара “Arche-Пачатак" Алесь Пашкевіч.

Па яго словах, гэтым разам міністэрства не задаволіла сама працэдура падачы дакументаў, хаця яна цалкам паўтарала мінулую спробу.  

Я падаў дакументы 3 студзеня як адзін з заснавальнікаў арганізацыі (ТАА “Гайсак"), якая хоча ўзяць на сябе функцыю выдаўца часопіса, па даверанасці дырэктара, — кажа Алесь Пашкевіч. — Гэтаксама мы рабілі і мінулым разам, але тады прэтэнзіі выклікала мая кваліфікацыя як галоўнага рэдактара. Зараз мы заяўлялі на рэдактара іншага чалавека – Валерыя Булгакава. Дык цяпер у міністэрстве заяўляюць, што сама працэдура падачы дакументаў чамусьці там не адпавядае..."

Пакуль што адмова прагучала ў вуснай форме, але цягам тыдня Алесь Пашкевіч атрымае пісьмовы адказ, дзе спадзяецца ўбачыць дакладную фармулёўку падставаў для адмовы.

Нагадаем, што першы раз у перарэгістрацыі “Arche" адмовілі ў канцы мінулага года. У лістападзе журналісты, што працавалі над выданнем «Arche-Пачатак», накіравалі ў Мінінфарм просьбу зрабіць заснавальнікам і выдаўцом часопіса ТАА “Гайсак і перарэгістраваць выданне. 

У снежні часопісу адмовілі з-за неадпаведнасці заяўленага галоўнага рэдактара кваліфікацыйным патрабаванням. Маецца на ўвазе пяцігадовы стаж працы на кіраўнічых пасадах адпаведнага профілю.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць