Арцём Сітнікаў: Мая праца мне падабаецца

Герой чарговага артыкула рубрыкі «Я працаваў па размеркаванні» — Арцём Сітнікаў. Ён захапляецца фізікай і піша вершы. Хлопец — часты госць музычных імпрэзаў, на якіх спявае ўласныя пераклады «БГ» на беларускую.



Арцём Сітнікаў


А яшчэ быў лаўрэатам конкурсу «Экслібрыс».

Арцём атрымаў размеркаванне ў Дзяржаўны інстытут метралогіі, а пасля застаўся там працаваць. Гісторыя гэтага хлопца — прыклад таго, як маладога спецыяліста можа задавальняць абсалютна ўсё. 

Са студэнцкай аўдыторыі — адразу ў Беларускі дзяржаўны Інстытут метралогіі

Арцём скончыў фізіка-матэматычны клас, таму пытанне «куды ісці далей?» асабліва не паўставала. Здаўшы добра ЦТ, ён падаў дакументы на прыборабудаўнічы факультэт БНТУ на спецыяльнасць «біятэхнічныя і медыцынскія апараты і сістэмы».

Аднак паступіць — гэта адно, а вось ведаць, дзе хочаш працаваць, — зусім іншае. Таму, калі Арцём вучыўся ва ўніверсітэце, то будучыню сваю асабліва не ўяўляў. «Такая спецыфіка ў нашых тэхнічных ВНУ, што ты проста вучышся. Шчыра кажучы, я асабліва і не думаў, чым хачу займацца», — кажа хлопец. Тэмай ягонага дыпломнага праекту была распрацоўка апарата для рэабілітацыі каленнага сустава.

Не дадала вызначанасці і пераддыпломная практыка, якую Сітнікаў праходзіў на прадпрыемстве, дзе вырабляюць медыцынскую мэблю. Арцём кажа, што распрацаваў апарат для рэабілітацыі каленнага сустава і меркаваў, што гэтага будзе дастаткова, каб гэта прадпрыемства накіравала на яго заяўку на размеркаванне. Яго ўжо былі пагадзіліся ўзяць туды працаваць, даслаць заяўку ў БНТУ на размеркаванне. Але ў апошні момант яму сказалі, што вольных месцаў на прадпрыемстве няма.

Гэта, па шчырасці, прывяла хлопца ў некаторую разгубленасць. Справа ў тым, што падчас вучобы ён нават не задумваўся пра будучую працу. Канешне, каб атрымаць якія грошы, працаваў, але дзе давядзецца і не па спецыяльнасці: падпрацоўваў на будоўлі, гандляваў парфумам. Дапамог Арцёму загадчык кафедры, на якой спецыялізаваўся хлопец. Прафесар параіў звярнуцца ў Беларускі Дзяржаўны інстытут метралогіі. Арцём з’ездзіў, паразмаўляў з начальнікам аддзела, і ўсё вырашылася. Інстытут накіраваў запыт і ўзамен атрымаў маладога спецыяліста Арцёма Сітнікава.

Арцём Сітнікаў — лаўрэат конкурсу Экслібрыс

Працавалася лёгка

Шчыра кажучы, зразумець, чым жа займаўся Арцём падчас свайго размеркавання, з першага разу досыць складана. «Я ўжо прывык да таго, што нават самыя блізкія людзі не ведаюць, чым я займаюся», — жартуе хлопец. Калі ў яго пытаюцца, што такое «метралогія», ён адказвае: «навука пра тое, як будаваць метро». А калі пытаюцца, «што ты робіш на працы?», ён адказвае «вымяраю даўжыню прадметаў лінейкамі», што ў прынцыпе на нейкую сотую долю з’яўляецца праўдай.

Метралогія — гэта навука аб вымярэнні, бо «метр» — гэта вымярэнне. Сам па сабе інстытут — гэта розныя аддзелы, кожны з якіх мае сваю спецыялізацыю, распавядае хлопец. Напрыклад, адзін аддзел займаецца акустычнымі велічынямі (працуе з гукам), другі — займаецца механічнымі велічынямі (працуе з вагай, сілай), трэці — з лінейкамі. Па словах Арцёма, яго сектар — самы цікавы, бо займаецца дзяржаўнымі выпрабаваннямі.

«Мой дзень пачынаўся з руханкі. Затым я абавязкова рабіў сабе гарбату па-англійску, з малаком, і з’ядаў бутэрброд з сырам. Пасля ехаў на працу. На працы адразу ўключаў кампутар і чытаў навіны ў Фэйсбуку», — распавядае Арцём. Першы месяц сваёй адпрацоўкі малады спецыяліст сядзеў на працы і… пісаў вершы. Па яго словах, праца была настолькі сумная і нецікавая, што нічога іншага больш не заставалася. «Першы месяц было шмат нейкіх паперак, стандартаў… Я нічога не разумеў. І толькі калі пачалася праца з рэальным металам, тады ўжо стаў паціху ва ўсё гэта ўнікаць. Нават спадабалася», — узгадвае Арцём.

Завод, які распрацаваў пэўны прыбор, павінен быць унесены ў спецыяльны рэестр сродкаў вымярэння, а вытворца — атрымаць сертыфікат. Для таго, каб такі прадукт маглі прадаваць, ён мусіць прайсці дзяржаўнае выпрабаванне. Гэты прыбор і трапляў у рукі Арцёма: «Нам прыходзіла заяўка ад завода, я глядзеў аб’ём працы, выстаўляў кошт, падпісваў дамову, тады ўжо складаў замову з заводам. Яны аплачвалі, прывозілі прыборы, а я іх правяраў. Глядзеў, ці дакладна яны паказваюць. Напрыклад, неабавязкова, каб чайнік даводзіў ваду да 100 градусаў цюцелька ў цюцельку. Але іншая справа — манометр або тэрмометр. Людзям жа важна, каб ён паказваў дакладную тэмпературу, а не на пяць градусаў больш. Таму мы кідаем прыборы, трасем… Карацей, выпрабоўваем… Калі прыбор прайшоў усе выпрабаванні, то ў выніку выдаецца акт, што ён добры. Завод атрымлівае сертыфікат, які азначае, што прыбор можа цяпер прадаваць», — з лёгкай іроніяй, нібыта для чайніка, тлумачыць мне Арцём асноўны сэнс сваёй працы.

Бывала так, што па некалькі дзён Арцём не меў ніякіх выпрабаванняў. Тады, кажа хлопец, ён у абед ішоў у падвал, састаўляў два крэслы і драмаў там гадзінку. Як той казаў, спецыяліст спіць, а размеркаванне ідзе.

Арцём Сітнікаў

Адбыў размеркаванне і застаўся там працаваць

«Я ведаю, што ў асноўным маладыя спецыялісты пасля двух гадоў адпрацоўкі сыходзяць некуды ў іншае месца. Магчыма, я сам па сабе чалавек непатрабавальны, але мне ўсё падабаецца ў маёй працы. Нічога мяняць, прынамсі пакуль, я не збіраюся», — дзеліцца ўражаннямі Арцём.

А што можа не падабацца? Па словах хлопца, на працы няма жорсткага рэжыму. І праца Арцёма — не сядзячая. Ён меў шмат камандзіровак і выездаў на заводы, дзе праводзіў выпрабаванні. А гэта заўсёды цікава — новыя людзі, знаёмствы. Тым больш для чалавека, які захапляецца яшчэ і літаратурай.

Акрамя таго, у адрозненні ад некаторых іншых маладых спецыялістаў, Арцём заўжды меў адносна добры заробак. Ужо нават пару гадоў таму ён атрымліваў нешта каля 300 долараў у беларускім эквіваленце, што не так дрэнна для маладога спецыяліста.

«Ці хапала гэтых грошай, і на што яны сыходзілі?» — запыталася я ў Арцёма. «Вось я зараз частую цябе пірожным… (сапраўды, падчас нашай размовы я ела пірожнае, смачнае, дарэчы). На такія смачняшкі грошы заўжды і сыходзілі. Сто долараў я аддаваў на здымнае жыллё. Астатнія грошы траціў у асноўным на прадукты, падарункі сябрам, музычныя інструменты. Нейкія асабліва каштоўныя і вялікія рэчы набываў вельмі рэдка. А яшчэ я спяваю ў хоры, таму частка грошай сыходзіла на ўсялякія выезды», — адказаў Арцём.

Знайшлося прымяненні і творчым здольнасцям маладога спецыяліста. У інстытуце, дзе працуе каля 600 чалавек, часта праходзяць розныя фестывалі і канцэрты. На іх Арцём прыходзіць заўжды з гітарай, губным гармонікам і беларускім рокам.

Арцём дагэтуль удзячны свайму загадчыку кафедры, які параім яму звярнуцца ў Інстытут метралогіі: «Іншае месца працы я сабе шукаць пакуль не збіраюся. Мая праца мне падабаецца. Адзінае, хацелася б ад сябе больш аддачы і самаразвіцця ў прафесійнай галіне. Калі працы шмат, тады, натуральна, я ў яе пагружаюся. А калі працы не маю, то тады цяжка сябе прымусіць вольны час траціць на прафесійнае самаўдасканальванне. Тады я звычайна нешта чытаю ці пішу вершы. Але мне насамрэч пашанцавала, бо размеркаванне мне дало працу, якая гарманічна спалучыла ў сабе стасункі з тэхнікай, людзьмі і самім сабой».

Чытайце таксама: "Ветэрынар: як выжыць і не страціць веру ў прафесію"

Каментаваць