Аргкамітэт руху салідарнасці “Разам” патрабуе свабоду Кірылу Сілівончыку

Аргкамітэт руху салідарнасці “Разам” у Польшчы ў сваёй заяве ад 30 красавіка заклікае грамадзян Беларусі падтрымаць беларускага патрыёта Кірылу Сілівончыка, які быў арыштаваны 18 снежня 2014 года і асуджаны ў Расіі на два гады турмы быццам бы за рэпост у сацыяльных сетках, а таксама патрабуе неадкладнага вызвалення свайго бязвіннага супляменніка. 



Аўтары заявы лічаць няўзважанымі заявы некаторых беларускіх праваабаронцаў аб быццам бы нейкай віне Кірылы Сілівончыка. “Гэтыя фантазёры забыліся, што размова ідзе пра Расію, якая парушае міжнароднае права. У расійскіх СМІ вольна пачуваюцца гіркіны, барадаі ды іншыя тэрарысты, якія развязалі крывавую вайну ва Украіне. Размова ідзе пра Расію, што выкрала з тэрыторыі Украіны ўкраінскіх грамадзянаў, найбольш вядомыя з якіх — дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны Надзея Саўчанка і лідар УНА-УНСО Мікола Карпюк. Да ўсяго мы не ведаем, якія метады прымянялі расійскія карныя органы ў дачыненні да 22-гадовага Кірылы Сілівончыка дзеля таго, каб прымусіць яго прызнаць сваю “віну” і адмовіцца ад абскаржвання яўна неадэкватнага прысуду”, — зазначаецца ў заяве.

Яе аўтары разумеюць складанасць абароны Кірылам Сілівончыкам сваіх правоў у сённяшняй Расіі і патрабуюць ад афіцыйных уладаў Беларусі “этапавання беларуса на Радзіму і вызвалення праз амністыю, бо рэпост у сацыяльных сетках не з’яўляецца падставай для зняволення чалавека на два гады”.

У знак салідарнасці з Кірылам Сілівончыкам рух салідарнасці “Разам” заклікае аргкамітэт “Еўрамайдана Варшава” правесці ў польскай сталіцы супольнае пікетаванне амбасады Расіі.
 

Апроч таго, аргкамітэт руху салідарнасці “Разам” прыняў заяву наконт беларусізацыі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту ў Вільні (Літва). У заяве нагадваецца, што 21 сакавіка 2011 года рух прыняў зварот да  дэмакратычных партый, грамадскіх аб’яднанняў і ініцыятываў, грамадзянаў Беларусі, кіраўніцтва ЕГУ, Еўракамісіі і Еўрапарламенту пра неабходнасць беларусізацыі ВНУ. “Нягледзячы на тое, што такія ж падыходы выказвалі прадстаўнікі беларускай грамадскасці, у тым ліку старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь у 1991–1994 гадах Станіслаў Шушкевіч, яны не былі ўспрынятыя кіраўніцтвам ЕГУ на чале з былым рэктарам Анатолем Міхайлавым. Такім чынам навучальная ўстанова, выкладанне ў якой вялося пераважна на расійскай мове, пераўтварылася ў частку рэваншысцкага “русского мира”, — адзначаецца ў заяве.

Пасля таго, як рэктарам ВНУ абраны прафесар Дэвід Полік, аўтары заявы звяртаюцца да яго з просьбай правесці беларусізацыю ўніверсітэта, які ачоліў новы рэктар. “Беларуская нацыя сёння перажывае гуманітарную катастрофу — праводзіцца палітыка татальнай русіфікацыі, адной з праявай якой з’яўляецца адсутнасць хоць адной беларускамоўнай ВНУ”, — падкрэсліваецца ў заяве.
 

Яе аўтары лічаць, што ў сённяшніх рэаліях, калі расійская мова выкарыстоўваецца як падстава для агрэсіўных дзеянняў Крамля, недапушчальным з’яўляецца рускамоўнае навучэнне беларусаў у Літве — краіне Еўразвязу. Аўтары заявы нагадваюць, што гэтае навучанне, у тым ліку, адбываецца за сродкі, што выдзяляюцца для пашырэння дэмакратыі ў Беларусі.
 

Рух салідарнасці “Разам” звяртае ўвагу “на крайнюю неабходнасць беларусізацыі ЕГУ дзеля стварэння першай сапраўды беларускай навучальнай установы ў свеце, захавання нацыянальнай ідэнтычнасці студэнтаў і пераўтварэння гэтага ўніверсітэту ў сапраўдную базу падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў для будучай вольнай Рэспублікі Беларусь”.
 

Заявы былі прынятыя ў Варшаве на чарговым сходзе сяброў і прыхільнікаў руху салідарнасці “Разам”. На паседжанні таксама былі абмеркаваныя пытанні, звязаныя з рыжскім самітам “Усходняга партнёрства”. У сувязі з пагрозай легітымізацыі беларускіх уладаў вырашана правесці пікетаванне амбасады Латвіі ў Варшаве 12 траўня а 14:00

Каментаваць