Аркадзь Крачун: «Мяне пакаралі за тое, што падняў вэрхал»

Кіроўца аўтобуса-«гармоніка» МАЗ-105 Аркадзь Крачун, які набыў скандальную славу пасля размяшчэння ў сеціве відэападборкі сваіх ДТЗ, пазбаўлены правоў.



Аркадзь Крачун, кіроўца мінскага аўтобуса, які за 2013 год трапіў у 20 аварыяў, стаў героем інтэрнэту. Ролік пра тое, як ягоны аўтобус уразаецца ў машыны, ужо набраў больш за 200 тысяч праглядаў.

Калі ягоны аўтобус «падразала» на дарозе якая-небудзь легкавушка, ён не тармазіў экстрана, а працягваў рух, у выніку наязджаючы на аўтамабіль. Сваю стратэгію паводзінаў на дарозе Карачун тлумачыў клопатам пра пасажыраў і жаданнем пакараць парушальнікаў дарожнага руху. 

І хаця доўгі час у яго не было праблемаў з ДАІ, некаторыя эксперты і калегі палічылі дзеянні вадзіцеля небездакорнымі ў шэрагу выпадкаў. Меркаванні карыстальнікаў інтэрнэту таксама падзяліліся — многія называлі Крачуна «вар'ятам» і заклікалі адабраць правы. 

Урэшце правы ў яго сапраўды адабралі. Ажно на два гады.

Сам вадзіцель вінаватым сябе не лічыць. Маўляў, беларускія вадзіцелі толькі між сабой могуць пакрычаць, што на дарозе «нехта няправы, падразае і ўвогуле казёл», а як даходзіць да справы — «язык за вуха засунуў, устаў на карачкі і збег у кусцік, абы не чапалі». 

«Мяне ж пакаралі за тое, што падняў вэрхал», — сказаў ён у інтэрв'ю «Белгазеце».   

У сваім водгуку на гісторыю Крачуна пад загалоўкам «Кіроўца, які хацеў стаць Богам» Аляксей Хадыка пісаў«І вось як у кроплі вады ў гісторыі з Крачуном адбіваецца сённяшняя сістэма арганізацыі беларускага грамадства. Крачун заўсёды неабвяргальны: бо ён – кіроўца дзяржаўнай машыны».

Але ж справа ў тым, што кіроўца дзяржаўнай машыны ў Беларусі толькі адзін. Усе астатнія — пасажыры. Якім праяўляць ініцыятыву не дазваляецца, згодна з правіламі руху.

Крачун гэтага не разумеў, хоць і мусіў бы, як прыхільнік палітыкі Аляксандра Лукашэнкі.  

Каментаваць