Арсень Класкоўскі абдымае тэлевізар, калі паказваюць бацьку

Ля дзвярэй звычайнай двухпакаёўкі ў мінскім мікрараёне Серабранка натыкаюся на камоду. “Гэта вынік ператрусу ў Сашы дома 19 снежня. Разбамбілі ўсё: выламалі ручкі ў дзверцах шафаў, паламалі карніз, садралі фіранкі, нават адламалі жалезныя ножкі ў канапы. Прыйшлося выкінуць секцыю і ложак, а знесці ўніз камоду ў нас сілаў не хапае, — праводзіць мяне ў кватэру Вольга Класкоўская, якая пасля снежаньскіх падзеяў была вымушана разам з маці вярнуцца са шведскай эміграцыі.

Публічная расправа



Ля дзвярэй звычайнай двухпакаёўкі ў мінскім мікрараёне Серабранка натыкаюся на камоду. “Гэта вынік ператрусу ў Сашы дома 19 снежня. Разбамбілі ўсё: выламалі ручкі ў дзверцах шафаў, паламалі карніз, садралі фіранкі, нават адламалі жалезныя ножкі ў канапы. Прыйшлося выкінуць секцыю і ложак, а знесці ўніз камоду ў нас сілаў не хапае, — праводзіць мяне ў кватэру Вольга Класкоўская, якая пасля снежаньскіх падзеяў была вымушана разам з маці вярнуцца са шведскай эміграцыі.

Публічная расправа

33-гадовы Аляксандр Класкоўскі (малодшы) — былы супрацоўнік праваахоўных органаў, які сваёй міліцэйскай формай і актыўнымі паводзінамі на плошчы Незалежнасці 19 снежня прыцягнуў увагу ўсіх журналістаў. І не толькі. “Пасля прэзідэнцкіх выбараў на Аляксандра і ягоную сям’ю разгарнулася сапраўднае цкаванне. Відэазапіс з ягоным “пакаяннем, які распаўсюдзіў ГУУС праз некалькі дзён пасля арышту; хлуслівая інфармацыя пра ягонае звальненне з міліцыі — усё гэта выкарыстоўваецца, каб увесці людзей у зман, каб скампраметаваць майго брата. Ведаеце, у якім стане яго здымалі на камеру, дзе ён казаў, што шкадуе пра свае неабдуманыя паводзіны на плошчы і прызнаецца, што быццам бы ўжываў алкаголь напярэдадні акцыі? Перад гэтым двое сутак ён знаходзіўся ў “амерыканцы, прыкаваны да нейкай батарэі, без вады і ежы. Падчас спаткання са сваёй жонкаю ён сказаў, што быў проста знішчаны, і калі б не прачытаў гэты тэкст на камеру, не сядзеў бы побач з ёю, — эмацыйна апавядае Вольга Класкоўская.

На думку Вольгі, Аляксандру помсцяць за ягоную ранейшую службу ў міліцыі: “Сашавы суд будзе публічнаю расправай, каб паказаць усім, што будзе з тымі, хто не скарыцца ўладзе, хто будзе пратэставаць супраць таго жаху, які адбываецца ў краіне. Дарэчы, у прыватных гутарках былыя саслужыўцы Аляксандра выказваюць спачуванне і падтрымку сям’і.

За што хулігану далі дзяржпрэмію?

Сын журналістаў Аляксандр Класкоўскі пасля школы паступіў на журфак БДУ, займаўся спартовай журналістыкай. Правучыўшыся год і зразумеўшы, што не хоча прысвячаць сябе журналістыцы, Аляксандр змяніў спецыяльнасць на юрыдычную. “Пасля Саша працаваў 6 гадоў у міліцыі, быў інспектарам ДАІ. Саша вельмі часта прыносіў у Ленінскі РУУС Мінска, дзе тады працаваў, незалежныя газеты і чытаў іх разам са сваімі паплечнікамі, мог запоўніць пратаколы па-беларуску. Ідэалам Сашы быў Юры Захаранка, партрэт якога вісеў у братавым пакоі, — апавядае Вольга.

Маці Аляксандра, Людміла Класкоўская, прыгадвае, як сыну далі дзяржаўную прэмію: “Саша злавіў узброеных угоншчыкаў, за што атрымаў узнагароду. А зараз міліцыя гаворыць, што ён быццам бы п’яны ганяў на машыне, за што яго і звольнілі. Калі ж ён такі п’яніца і хуліган, як яго выстаўляюць, чаго ж яго ўзнагароджвалі?

Вольга абвяргае звесткі, што яе брата пазбавілі вайсковага звання.Яна лічыць, што агучаная непраўдзівая інфармацыя накіравана зноўку ж на дыскрэдытацыю яе брата: “Вайсковага звання можна пазбавіцца толькі рашэннем суда ці ўказам прэзідэнта. Датычна Сашы не ўжывалася ні першая, ні другая мера, а таму ён афіцыйна лічыцца лейтэнантам у запасе.

Дарэчы, падчас ператрусу ў Класкоўскіх 19 снежня супрацоўнікі КДБ у ліку іншага сканфіскавалі вайсковую і міліцэйскую формы. Нядаўна абедзве формы вярнулі. Міліцэйскую, у якой Аляксандр быў на плошчы, — адмытую ад крыві.


Ішоў на свята — апынуўся ў турме

Аляксандр Класкоўскі не быў частым удзельнікам апазіцыйных вулічных акцый. “19 снежня ён ішоў на свята — апынуўся ў турме, — сумна гаворыць Людміла Класкоўская. “Для Сашы гэтая вулічная акцыя сапраўды была святочнай. Я ўвечары 19 снежня званіла брату са Швецыі, дык ён і паразмаўляць не мог: “Усё, малая (я — малодшая сястра), няма калі. Трэба змагацца. Пайшоў змагацца. І кінуў слухаўку. Саша быў упэўнены, што 19 снежня будзе днём перамогі, — дадае Вольга.

“Дзень перамогі скончыўся для Аляксандра збіццём і арыштам. Вольга і Людміла Класкоўскія амаль не сумняваюцца, што працягам будзе турма. “Саша гатовы да вялікага турэмнага тэрміну, прынамсі так ён піша, — паказвае Вольга лісты ад брата, якія даходзяць з вялікімі цяжкасцямі. Саша гатовы, сям’я — не. “Сям’я ў катастрафічнай сітуацыі, як фінансавай, так і псіхалагічнай. Саша быў адзіным кармільцам, ягоная жонка Наталля зараз у дэкрэтным адпачынку, даглядае трох дзетак — 12-ці, 7-мі і 2-х гадоў, — гаворыць Вольга. Каб неяк выжываць без мужа, Наталля з дзецьмі пераехала да сваіх бацькоў у Бялынічы.

“Нядаўна наведвала іх, дзеці ўвесь час пытаюцца пра бацьку. Старэйшыя, Лёша і Даша, ведаюць пра арышт, перапісваюцца з ім. А малы Арсень — не. Мы яму нічога не казалі, бо гэта ж будзе псіхалагічная траўма на ўсё жыццё. Аднойчы ён сядзеў у пакоі, дзе ішлі навіны па БТ, і раптам паказалі Сашу. Арсень пабачыў, кінуўся да тэлевізара з воклічамі: “Татка! Татка! Вы казалі, што ён у камандзіроўцы, а ён вунь дзе, ён у тэлевізары! Пасля ўвесь вечар сядзеў ля тэлевізара, абдымаў яго, гладзіў. Мы нешта выдумалі, але не ведаю, ці паверыў, — узгадвае Людміла.

На сямейнай нарадзе Класкоўскія вырашылі дзяцей у суд не браць. Аляксандр Класкоўскі — самы багаты на абвінавачванні з удзельнікаў акцыі 19 снежня. Яго вінавацяць ажно па 4-х пунктах: арганізацыя і ўдзел у масавых беспарадках, незаконнае прысваенне звання службовай асобы і абраза прадстаўніка ўлады. “Саша ўпэўнены, што атрымае не менш за 10 гадоў. Просіць, каб мы Наталлю і дзетак даглядалі. Зразумела, што мы ў Швецыю ўжо не вернемся — трэба ж камусьці і перадачы Сашу насіць, і наведваць яго ў калоніі, — гаворыць Людміла. Класкоўскія спадзяюцца, што пасля прысуду нарэшце атрымаецца перадаць Аляксандру ягоную ўлюбёную кнігу — “Доўгая дарога дадому Васіля Быкава, якую не дазволілі перадаць у “амерыканку.

 

Каментаваць