Арт-Лімуд ужо ў Беларусі

31 траўня ў Віцебску адкрылася I міжнародная канферэнцыя Арт-Лімуд-Беларусь — габрэйскае адукацыйна-забаўляльнае мерапрыемства, у якім прымаюць удзел больш за 450 чалавек з Беларусі, Ізраіля, Літвы, Малдовы, Расіі, Украіны і ЗША.



Лімуд у Беларусі


Пра гэта паведаміла «НЧ» памочнік амбасадара Ізраілю ў Беларусі па сувязях з грамадскасцю Вольга Дзмітровіч.

 

Канферэнцыя праводзіцца Саюзам беларускіх габрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын пры падтрымцы Лімуда СНД, амбасады Ізраілю, міжнародных габрэйскіх структур і беларускіх уладаў.

У 2013 годзе ў Ізраілі будзе адзначацца 90-годдзе прэзідэнта краіны. лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру, ураджэнца вёскі Вішнева Валожынскага раёна Мінскай вобласці Шымона Перэса і 100-годдзе з дня нараджэння сёмага прэмьер-міністра Ізраілю, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру, ураджэнца Брэста Менахема Бегіна.

У сувязі з гэтымі датамі ў межах канферэнцыі праводзіцца шэраг мерапрыемстваў. Так, 29 траўня ў Вішневе з удзелам дачкі прэзідэнта Ізраілю Цвіі Вальдэн адбыло адкрыццё выставы «Шымон Перэс: шлях ад Віленскай вуліцы ў Вішневе на Прэзідэнцкую вуліцу ў Іерусаліме», а таксама памятнага знаку на месцы, дзе стаяў дом Перскіх і дзе нарадзіўся будучы галава Дзяржавы Ізраіль.

30 траўня каля мемарыяла «Яма» у Мінску адбылася цырымонія памяці ахвяраў Халакосту.

На 3 чэрвеня ў Брэсце запланаваны вечар памяці Менахема Бегіна, а таксама адкрыццё выставы «Менахем Бегін: 1913–2013».

Акрамя таго, у праграму Арт-Лімуда ўвайшлі выступы вядомых дзеячоў расійскай і ізраільскай культур, у тым ліку Веніаміна Смехава, Уладзіміра Вішнеўскага і Аркадзя Ініна, аркестра «Klezmasters» пад кіраўніцтвам Льва Сандзюка, мастацкага кіраўніка тэатра «Ідзішпіль» Сасі Кешэта і рок-спявачкі Голдзі.

Каментаваць