Артур — адзіны гомельскі бяздомны, які не п’е і не паліць

Гэтую тройцу я сустрэла каля касцёла можна нават і на Тройцу. Восем гадоў таму. Але на той момант яны ўжо 18 гадоў жылі без «пэўнага месца жыхарства». Як птушкі.
Вова і Алег — двое з трох братоў 

Вова і Алег — двое з трох братоў 



Тады было нейкае свята, і было спякотна. Яны туляліся ля плоту і вышуквалі позіркамі ў натоўпе тых, хто мог даць якую капейчыну. Рванулі ўтрох і да мяне. «Дапамажыце чым можаце!». Жахнулася з таго, што ў 30-гадовую спёку былі ўтрох у зімовым абутку.

«Вы хворыя, ці што? Спёка ж такая, чаго вы ў ботах?»

«А дык у нас іншага абутку няма, ну дзе мы возьмем?» — пачалі ныць яны трыма жорсткімі, бы той нажоўкай па металу, галасамі, папсаванымі «баярышнікам» і «Прымай». Загадала ім сядзець тут, у парку ля плоту, і нікуды не сыходзіць. Пайшла дахаты, знайшла старыя кеды, сандалі. Абула, карацей, гаротнікаў. Плюс мне ў карму.


Тады мы і пазнаёміліся. Вова, Алег, Артур — тры браты, бяздомныя. За плячыма — палова жыцця, «зоны», СІЗА ды ІЧУ. У «плюсе» — працяглы стаж ужывання алкагольных напояў, у мінусе — жонкі, дзеці, кватэры, працы. Засталася вуліца і бадзянні, уцёкі ад мянтоў і злосных суайчыннікаў. Падвалы. Макулатура. Метал. Рэдкія каштоўныя знаходкі ў сметніках.

Кажуць, што гомельскую кватэру страцілі ў 1998 годзе. Чаму — праз махінацыі, ці праз лішнюю даверлівасць, праз махлярства? Банальна прапілі?

«Ат, не хочам пра гэта, ну давай не будзем, га? Ну ты як маленькая — гады такія былі тады, 90-я, тады так было», — умольна просяць мяне.

Васямнаццаць гадоў жыцця на вуліцы. Утрох. Не хочуць успамінаць мінулае жыццё. Тое, дзе была сям’я — маці, бацька, можа, пахла на кухні пірагамі з карыцай, і раніцай цябе падымалі ў школу, а вечарам клапаціліся, каб паеў і ў час лёг спаць, і выспаўся. Зараз падвал, гарачыя трубы зімой. А летам — пад кожным кустом і стол, і дом.

Калі спрабую завесці размовы пра дзяцінства, ранейшае жыццё, Вова глядзіць на мяне ўмольна, і боль прасякае яго зморшчаны твар, ён амаль плача. «Навошта гэта? Было і было, не трэба мінулае варушыць», — так просіць.

Алег згодна і роспачна ківае сівой галавой, махае рукой, ат, маўляў, хопіць, усё дурное, нічога не вернеш.

Неяк зімой дні тры іх не было пад касцёлам. Дзе толькі дзеліся. Аказалася — начавалі ў падвале, і нехта іх там замкнуў. Ці знарок, ці проста выпадкова. Але сядзелі пад замком тры дні, пакуль зноў жа выпадкова не вырваліся на волю. Так іх замыкалі колькі разоў.

Прыбытак зараз адзін — метал. «На бутэльках ці на паперы не працягнеш, толькі на метале зараз», — тлумачыць Алег.

Брат яго, Вова, мог бы і пенсію ўжо па ўзросце атрымліваць. Ды ногі не ходзяць — і ў прамым, і пераносным сэнсе, каб абысці ўсе інстанцыі, абабіць парогі ды назбіраць паперак на тую пенсію.

«Можа, вам бы ў якую вёску паехаць, там недзе прыбіцца?» — пытаюся. «А не. У вёску не паедзем, мы ж гомельскія, тут нарадзіліся, тут усё сваё. А што далей будзе — ну як Бог дасць», — ківае Алег.

Іх брат Артур — гэта асобная гісторыя. Ён не п’е — ужо шэсць гадоў. А чатыры месяцы таму кінуў і паліць. «Дастала мяне гэтая гадасць. Ну як кінуў, як кінуў. Проста ўзяў ды кінуў, у студзені яшчэ», — гаворыць і працягвае мне шакаладную цукерку. У яго заўсёды ёсць цукеркі з сабой.



Шэсць гадоў не п’е. Неверагодна. Але жыве на вуліцы. Ад факту кідання алкаголю кватэры і працы не з’яўляюцца. Хоць выглядаць стаў прыстойна, апрануўся нармальна, сочыць за сабой.

«Шчыра скажу — ну не п’ю я, а што плёну? Усё роўна як жыў на вуліцы, і так і жыву. Як шукаў метал па сметніках — так і шукаю. Хаця не, няпраўда. Кінуць піць — вялікая справа. Я толькі зараз і жыць пачаў, жыву і радуюся. Толькі было б дзе жыць!» — кажа Артур.

Неяк ён прыбіўся да аднаго пенсіянера-гамельчука, які любіў выпіць, але ўсё-такі меў кватэру. Дазволіў Артуру жыць у яго за невялікую плату. Але вымотваў п’яны нервы цвярозаму.

«П’янкі, гулянкі, кампаніі. Цяжка, калі цвярозы, гэта выносіць. І да мяне чапляецца — прынясі віна, прынясі віна! У яго цыроз, жывот такі — як у цяжарнай, памірае, ды проста гніе, а віно гэтае смокча. Ён не жылец, жывы труп», — расказваў неяк пры сустрэчах Артур.

Ён сам быў «цырознікам», і ўрачы з таго свету дасталі неяк. І таксама праз гэта і кінуў піць шэсць гадоў таму. Дапамаглі сёстры міласэрнасці — з каталіцкага ордэну Маці Тэрэзы, якія з 90-х у Гомелі кормяць галодных, даглядаюць хворых, дапамагаюць бедным.

Дапамаглі Артуру і Ананімныя Алкаголікі, якія першы час збіраліся ў Доме міласэрнасці ў сясцёр.

Потым той гаспадар кватэры, які пусціў пажыць бяздомнага, памёр. Чакана. Артура ж, таксама чакана, сваякі папрасілі вызваліць памяшканне. Зноў — вуліца.

«Я сабе нармальны такі гараж знайшоў. Парожні. Нікому не патрэбны. Спаць там можна, але рэчы там не пакінеш — пакрадуць. Вопратка, абутак зімовы. Пакрадуць усё», — перажывае Артур.

Нейкі час жыў у адной кабеты-пенсіянеркі. Тая, былая настаўніца, аматар да «беленькай» ды «чарвівага». З кабетай, ды яшчэ пітушчай — таксама жыццё не цукар і не мёд. «Я лепш у тым гаражы атабаруся», — кажа ён.

Часта я сустракаю яго на гомельскіх вуліцах. Часам — у адной кавярні ў цэнтры Гомелю, дзе ён п’е гарбату з пірожным і зараджае ліхтарык. У доўгія размовы Артур не кідаецца. Перакінемся словам, і ён спяшаецца: «Ну ладна, давай, сустрэнемся, трэба ісці — шукаць хлеб штодзённы».

Артура наўрад ці хто возьме на працу ў такім узросце — 57 гадоў. Спадзявацца няма на каго. «Хіба толькі свет не без добрых людзей. Можа, я мог бы жыць з некім, дапамагаць па гаспадарцы, можа, прыглядаць за хворым. Мне бы нейкі кут недзе знайсці, пажыць нармальна, ну хоць трохі. Недзе павінна быць выйсце», — яшчэ спадзяецца Артур.

Яго браты і гэтага не просяць, не чакаюць, не мараць. Хіба толькі паесці, можа, часам выпіць. Ды і гары яно ўсё гарам.

«Слухай, ну а што рабіць? Што рабіць, га? Жывым у магілу не палезеш, правільна? На тым свеце і без нас хапае, ужо колькі мільёнаў ці мільярдаў там. Тут трэба неяк выжываць», — разважае Алег.

Яны трымаюцца, і маюць «хлеб наш надзённы», як і большасць гомельскіх бяздомных, дзякуючы сёстрам міласэрнасці Маці Тэрэзы. Тыя амаль штодзень ладзяць для бяздомных абеды. Адзіная ўмова — быць цвярозым. Калі яе немагчыма выканаць — ну што ж, застанешся без абеду. Сёстры кажуць, што п’яным есці не так ужо і трэба.

Многія людзі, якія прайшлі праз Дом міласэрнасці, маюць зараз статус «былых бяздомных», бо з дапамогай сясцёр аднавілі дакументы, кінулі піць, знайшлі працу, уладкаваліся ў інтэрнаты, знайшлі здымныя пакоі ці кватэры. Іншыя жаніліся.

Часта на святы ў сясцёр праводзіцца, як жартам называецца, «Вечар сустрэчы выпускнікоў». Збіраюцца тыя, хто раней бадзяўся па сметніках, а зараз жыве і працуе, убачыў цвярозы свет без алкаголю. Гэта вельмі прыязныя і цёплыя сустрэчы, на якіх людзі дзеляцца сваім досведам цвярозага жыцця.

Можа быць, некалі на такіх сустрэчах сваёй гісторыяй са шчаслівым паўфіналам падзеліцца і Вова з Алегам, ці Артур.

naviny.by

Каментаваць