Асамблея за аб’яднанне

Асамблея дэмакратычных няўрадавых арганізацый Беларусі, у складзе якой каля 280 грамадскіх аб’яднанняў, прыняла заяву адносна сітуацыі раз’яднанасці ў дэмакратычных палітычных колах напярэдадні выбарчай прэзідэнцкай кампаніі.

Асамблея дэмакратычных няўрадавых арганізацый Беларусі, у складзе якой каля 280 грамадскіх аб’яднанняў, прыняла заяву адносна сітуацыі раз’яднанасці ў дэмакратычных палітычных колах напярэдадні выбарчай прэзідэнцкай кампаніі.

Старшыня Рабочай групы Асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч паведаміў: “Заява адрасаваная шырокай аўдыторыі: патэнцыйным кандыдатам у прэзідэнты, лідэрам палітычных партыяў і рухаў. Але, у першую чаргу, тым актывістам грамадскага і палітычнага сектараў, якія зацікаўленыя ў дэмакратычных пераменах у Беларусі. Дакумент ухвалілі сябры Рабочай групы Асамблеі НДА, у склад якой уваходзяць прадстаўнікі найбольш уплывовых грамадскіх аб’яднанняў Беларусі.

“Мы, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці Беларусі, глыбока занепакоеныя сітуацыяй у дэмакратычных палітычных колах краіны напярэдадні выбарчай прэзідэнцкай кампаніі. Раз’яднанасць дэмакратычных прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта краіны, няздольнасць вызначыць адзінага кандыдата, адсутнасць у іх супольных стратэгічных мэтаў і распрацаванага плану дзеянняў ставяць пад сумнеў сур’ёзнасць іх намераў, — гаворыцца ў заяве.

Сябры Рабочай групы ад імя дэмакратычнай грамадзянскай супольнасці паабяцалі прыняць “чынны ўдзел у інфармаванні, актывізацыі, арганізацыі беларускага грамадства напярэдадні выбараў дзеля дасягнення правоў і свабод і адбудовы дэмакратычнага ладу.

Таксама ў заяве адзначаецца ўстрывожанасць адсутнасцю ў дэмакратычным лагеры ўзгодненага стаўлення да рэжыму і будучыні Беларусі. У сувязі з паўсталымі напярэдадні выбараў праблемамі сябры Рабочай групы Асамблеі НДА заклікаюць палітычных дэмакратычных лідэраў да стратэгічнага і практычнага аб’яднання.

“Дадзеная заява — гэта, можна сказаць, пазіцыя пэўнай часткі грамадскага сектару Беларусі, інтарэсы якой рэпрэзентуе Асамблея НДА. Спадзяемся, палітычныя лідэры з ліку патэнцыйных кандыдатаў усё ж такі ўлічаць меркаванне неабыякавых беларусаў, задзейнічаных у працы аб’яднанняў трэцяга сектару. Грамадзянская супольнасць Беларусі не можа заставацца ў баку ад вызначальных палітычных падзеяў, таму мы вырашылі данесці наш погляд на наяўную перадвыбарчую сітуацыю, — рэзюмаваў старшыня Рабочай групы Асамблеі НДА і спікер Форуму грамадзянскай супольнасці усходняга партнёрства Сяргей Мацкевіч.

Паводле прэс-рэліза Асамблеі НДА

Каментаваць