Асцярожна, чыноўніцтва!

Міліцыя папярэджвае грамадзян, якія звяртаюцца па дапамогу да чыноўніцтва.
 

Пра гэта НЧ паведаміла актывіста Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры, жыхарка горада Бабруйск Валянціна Каваленка.

28 жніўня яе выклікалі па тэлефону на прафілактычную гутарку да намесніка начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Бабруйскага гарвыканкама, палкоўніка міліцыі Аляксандра Сяргеева ў сувязі са скаргамі жанчыны ў Адміністрацыю прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым Валянціне Каваленка спачатку не назвалі прычыну выкліку і зрабілі гэта толькі пасля таго, як яна адмовілася прыйсці без матывіроўкі.

Жанчыне было вынесена афіцыйнае папярэджанне. Ёй забаронена парушаць парадак у грамадскіх месцах і нецэнзурна лаяцца, выказваць у адносінах да чыноўнікаў падчас выканання імі службовых абавязкаў абразлівыя і паклёпніцкія довады, што не пацвярджаюцца дакументальна, а таксама прымаць удзел у незаконных мітынгах, дэманстрацыях і пікетаваннях, якія парушаюць правапарадак і правы другіх грамадзян.

Пры невыкананні гэтых палажэнняў папярэджання жанчына будзе прыцягнутая да адказнасці. На папярэджанні Каваленка напісала, што яна з’яўляецца законапаслухмянай грамадзянкай, не парушала і не парушае законы Рэспублікі Беларусь.

Падобнае адбылося і з актывісткай ініцыятывы, жыхаркай  Мазыра Галінай Герасімавай. На працягу жніўня яе спачатку выклікалі да начальніка аддзела ўнутраных спраў Мазырскага райвыканкама, падпалкоўніка міліцыі Пятра Зыкуна, а потым жанчыну наведаў участковы міліцыянер, капітан міліцыі Анатоль Кубскі.

Прычынай гэтых сустрэч таксама сталі лісты з Адміністрацыі прэзідэнта з інфармацыяй пра тое, што Герасімава зневажала супрацоўнікаў адміністрацыі і службы бяспекі кіраўніка дзяржавы. На пратаколе апытання, складзеным участковым, Герасімава напісала, што абвінавачванні, якія інкрымінуюцца ёй, з’яўляюцца паклёпніцкімі, і прапанавала апытаць сведак з ліку ўдзельнікаў ініцыятывы, а таксама дала іх адрасы і тэлефоны.

Каментуючы гэтыя падзеі,  юрыстка Тамара Сяргей адзначыла, што ў адносінах да ўдзельнікаў ініцыятывы пачалася чарговая кампанія запалохвання. «Замест таго, каб вырашаць праблемы грамадзян, некаторыя чыноўнікі пагражаюць людзям, выкарыстоўваючы праваахоўныя органы, а таксама імкнуцца падмануць грамадзян. Але падмануць хаду гісторыі нікому і ніколі не ўдавалася. Бо хітрасць — толькі пачатак розуму, а да яго вянца — мудрасці — вельмі доўгі шлях, на які здольны не кожны», — сказала юрыстка.
 

Каментаваць