Ашмяны. Магілёў. Віцебск. Ліда.

Ашмяны. Чыгунка да АЭС

Будаўніцтва атамнай станцыі ў Астравецкім раёне не распачалося, аднак чыгунку коштам 226 мільярдаў рублёў пракласці ўжо дамовіліся.

У Ашмянскім раёне прайшло пасяджэнне міжведамаснай камісіі па будаўніцтву чыгункі ад станцыі Ашмяны да будучай АЭС у Астравецкім раёне. Правёў пасяджэнне Віктар Пяткевіч — выконваючы абавязкі начальніка аддзела транспарту і камунікацый Гродзенскага аблвыканкама. Даўжыня новай чыгункі будзе 25 кіламетраў. Будаўніцтва яе выклікана неабходнасцю дастаўкі абсталявання на станцыю.

Магілёў. Рухавікі для астравецкай АЭС

Завод «Электрарухавік» пачаў серыйны выпуск двух новых мадэрнізаваных рухавікоў для атамных станцый.

Яны дапаўняюць шэраг рухавікоў, што выпускае завод для атамных станцый былога Савецкага Саюза, у першую чаргу Расіі. Плануецца выкарыстаць навінку на АЭС у Беларусі.

Віцебск. Незайздросны лёс былых вайсковых гарадкоў

Камітэт дзяржаўнага кантролю супольна з упраўленнем Дэпартамента федэральных расследаванняў правялі праверку на прадмет захавання і эфектыўнасці выкарыстоўвання ў вобласці былых вайсковых гарадкоў.

Праверка закранула гарадкі, якія былі перададзены ў камунальную ўласнасць у 1992–2004 гадах у Верхнядзвінскім, Талачынскім, Лепельскім, Аршанскім, Пастаўскім і Полацкім раёнах, а таксама ў гарадах Віцебск, Орша, Полацк і Наваполацк.

З 626 аб’ектаў падобнага кшталту толькі 479 задзейнічаны ў гаспадарцы. Нават тыя, што перададзены ў камунальную ўласнасць, але не падлягаюць эксплуатацыі, спісаны і зняты з бухгалтарскага ўліку, не былі дэманціраваны. Такіх аб’ектаў па вобласці на момант праверкі выяўлена 65. Складзены акты. Сума фінансавых спагнанняў з вінаватых у афіцыйным паведамленні не называецца.

Ліда. Навінка энергазберажэння

На тэрыторыі горада неўзабаве плануецца правесці рэканструкцыю дамоў, пасля чаго яны будуць мець мінімальнае энергаспажыванне.

За тры гады ў Лідзе будзе створана дэманстрацыйная пляцоўка з мэтай прапаганды эканоміі энергарэсурсаў у ЖКГ для ўсіх суб’ектаў гаспадарання ў Беларусі. Рэканструкцыі падлягаюць тры пяціпавярховыя «хрушчоўкі» ў цэнтры горада і тры на ўскрайку. Фінансуе гэты праект Гродзенскае абласное ўпраўленне ЖКГ, якое выйграла грант Еўрасаюза ў 180 тысяч еўра па праграме энергазберажэння. Гадавое энергаспажыванне ў гэтых дамах будзе зніжана з 240 кв/гадзін да 40 на 1 кв. м, што адпавядае нормам Германіі.

Дадатковае фінансаванне будзе здзяйсняцца з рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў. У Лідзе будзе таксама рэалізаваны праект па будаўніцтву дома з нулявым энергаспажываннем. Праект рыхтуюць нямецкія спецыялісты. Вядома толькі, што гэта будзе адміністрацыйны аб’ект у тры паверхі. Усё астатняе — сакрэт.

Каментаваць