Астаповіч патрабуе захаваць сілуэт гістарычнай забудовы Мінска

Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч дабіваецца захавання сілуэту гістарычнай забудовы Мінска. Пра гэта гаворыцца ў лісце на імя генеральнага пракурора Аляксандра Канюка.

 



Фота: www.belaruspartisan.org


Астаповіч нагадаў, што яшчэ ў сакавіку аб’яднанне накіравала ў Генпракуратуру ліст аб узвядзенні ЗАТ “Стройэнэрга” прыбудовы да будынка па вуліцы Ракаўскай 16-б (гаворка ідзе пра ўзвядзенне прыбудовы для дыпламатычнага прадстаўніцтва Еўразвязу да будынку амбасады Італіі — М.Г.)  

 

На думку старшыні таварыства, прыбудова прынцыпова змяняе аб’ёмна-планіровачную структуру, што склалася, і спосаб забудовы помніка дойлідства “Гістарычны цэнтр Мінска”, стварае новую горадабудаўнічую сітуацыю, якая пазбаўляе архітэктурную каштоўнасць яе якасных характарыстык і не дазваляе праводзіць далейшыя працы ў адпаведнасці з методыкамі і матэрыяламі комплексных навуковых вышуканняў.

 

Усё гэта мае прыкметы парушэння пунктаў 1 і 4 артыкулу 27, артыкулу 28 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь”, а таксама артыкулу 33, пункту 5 артыкулу 36, пунктаў 2, 3 і 5 артыкулу 43 гэтага закону.

 

Для прадухілення чарговага правапарушэння пры правядзенні прац на помніку Астаповіч прасіў спыніць працы па ўзвядзенні прыбудовы да будынка па Ракаўскай 16-б, скасаваць узгадненні праектна-каштарыснай дакументацыі, атрыманыя па-за межамі заканадаўства, ажыццявіць праверку парадку ўзгаднення навукова-праектнай дакументацыі спецыялістамі Міністэрства культуры і сябрамі Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры.

 

Пасля гэтага звароту таварыства паўторна звярталася з нагоды працягу прац на аб’екце ў Генпракуратуру і атрымала адказ ад 17 траўня, у якім начальнік аддзела па нагляду за выкананнем прыродаахоўнага і зямельнага заканадаўства Рыгор Шостак паведаміў пра адмену ў 2012 годзе папярэдніх узгадненняў праектнай дакументацыі з боку Мінкультуры і Мінскага гарадскога камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва, пра адкліканне экспертнага заключэння па праектна-каштарыснай дакументацыі і дазволу на выкананне будаўніча-мантажных прац. Прычым паўторнае заключэнне Мінкультуры па праектнай дакументацыі абмяжоўвала вышыню прыбудовы трыма паверхамі.

 

Аднак зараз працы на аб’екце не толькі працягваюцца, але вышыня прыбудовы разам з цокальным паверхам ужо дасягнула шасці паверхаў, што ў два разы перавышае ўзгодненае праектнае рашэнне.

 

У гэтай сітуацыі Астаповіч просіць Канюка правесці праверку парадку выканання прац на прыбудове да будынку па Ракаўскай, 16-б, прыпыніць будаўніча-мантажныя працы на аб’екце, прыцягнуць да адказнасці вінаватых у незаконным будаўніцтве па артыкулу 383 (самаўпраўства) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, прыняць рашэнне аб прывядзенні вышыні прыбудовы ў адпаведнасць з узгодненай праектнай дакументацыяй.

 

 

 

 

Каментаваць