Астравец. Вілейка. Масты

Астравец. “EKOTOPFILM 2009

Астравец. “EKOTOPFILM 2009

Рэпартаж “Атамны Астравец Мікалая Ваўранюка прайшоў адбор да ўдзелу ў конкурсе 36-га Міжнароднага фестывалю фільмаў, звязаных з тэматыкай збалансаванага развіцця, “Ekotopfilm 2009, які адбудзецца 19–23 кастрычніка ў Браціславе. Рэпартаж знаёміць гледачоў з праблемай будоўлі атамнай электрастанцыі. Тэма АЭС у Беларусі — краіне, што пацярпела ад Чарнобыльскай катастрофы, нікога не пакідае абыякавым. Мікалай Ваўранюк у сваёй стужцы падае меркаванні жыхароў Астравецкага раёна: як сябраў пратэстнага камітэту, так і прыхільнікаў будоўлі АЭС, якія спадзяюцца на новыя месцы працы і развіццё рэгіёна. У “Атамным Астраўцы гучаць аргументы фізікаў, якія падтрымліваюць развіццё атамнай энергетыкі, эколагаў і медыкаў, што даследуюць наступствы катастрофы ў Чарнобылі. Мікалай Ваўранюк вось ужо два гады супрацоўнічае з тэлеканалам “Белсат. Ён вядомы сваім шматгадовым досведам журналісцкай працы ў Беластоцкім аддзеле Польскага грамадскага тэлебачання TVP S.A.


Вілейка. Зноў пра крыжы


19 верасня ў вілейскую міліцыю былі запрошаны вілейскія актывісты спадары Малярчук, Наркевіч, Сюдак. Яны 15 верасня падпісалі заяву супраць зносу крыжоў на месцы расстрэлу Расціслава Лапіцкага, стваральніка ў пасляваенны час моладзевай антыбальшавіцкай арганізацыі супраціву. Але ж замест разбору самой заявы ў міліцыі ім паведамілі, што ідзе адміністратыўны працэс. Вілейскі райвыканкам звярнуўся ў РАУС, каб міліцыя разабралася з удзельнікамі несанкцыянаванага мітынгу. Менавіта так райвыканкамаўскія ідэолагі назвалі мерапрыемства па ўсталёўцы крыжоў. Туды ж прыкладзена заява і дырэктара Вілейскага лясгасу, які патрабуе “разабрацца з крыжамі на тэрыторыі яго ўгоддзяў. Супраць актывістаў заведзена справа.

Нагадаем, што 1 верасня, на дзень нараджэння Расціслава Лапіцкага, людзі ўсклалі кветкі на месца расстрэлу, усталявалі крыжы.


Масты. Па свеце на веласіпедзе

Шасцідзесяцігадовы старшы трэнер мастоўскай ДЮСШ па лёгкай атлетыцы, былы настаўнік фізкультуры, дванаццаціразовы чэмпіён Беларусі і сярэбраны прызёр чэмпіянату свету па паліятлону Іосіф Лісай шмат падарожнічае. Сёлета на веласіпедзе “Аист паехаў на Азоўскае мора. Па словах спартсмена, паездка заняла 39 дзён, ён праехаў 3850 кіламетраў, з’еў каля 300 кілаграмаў памідораў і схуднеў на 12 кілаграмаў. Першая паездка на вялікую адлегласць адбылася ў 1992 годзе, калі Іосіф паехаў на заробкі ў Польшчу і даехаў на веласіпедзе да Мазурскіх азёраў. З 1998 года ён стаў падарожнічаць рэгулярна. У 2002 годзе Лісай пабываў на месцы Грунвальдскай бітвы, праз год даехаў да Сопату. У 2006 годзе аб’ехаў увесь Крым. На наступны год плануе паездку зноў на Грунвальд, дзе адбудзецца святкаванне 600-годдзя бітвы, пасля чаго марыць з’ездзіць у Грэцыю.

Багаж падарожніка просты, і ў ім усё неабходнае — намёт, спальнік, цёплыя рэчы, парасон, рэмкамплект, відэакамера, фотаапарат. З ёжы — толькі сала. Садавіну, гародніну, хлеб купляе ў мясцовых жыхароў.

Каментаваць