Астравецкая АЭС вачыма затрыманай журналісткі

Ціха-мірна жылі, нікому справы не было, а з будаўніцтвам гэтай АЭС дадалося ў нас клопатаў — нібыта паскардзіўся працаўнік астравецкага РАУС, дзе трымалі нас, незалежных журналістаў, ды Анатоля Лябедзьку.



Уезд у Астравец. Фота bymedia.net


Вандроўка на Астравеччыну двух журналістаў і лідара Аб'яднанай грамадзянскай партыі абяцала быць спакойнаю, бо яшчэ напярэдадні ніхто не забараняў апазіцыйным палітыкам бесперашкодна ездзіць па забруджаных радыяцыяй зонах Беларусі. У нашых планах былі гутаркі з жыхарамі, а таксама здымкі цяперашняга этапу будаўніцтва АЭС. Дарогай з Мінску нас ні разу не спынялі, толькі ў Астраўцы мы заўважылі за сабою “хвост”. Прычым аўтамабілі віжуноў змяняліся — агулам іх было 7. Мы дзівіліся гэткай мабілізацыі дзеля некалькіх гасцей са сталіцы!

 

Цудоўнае перайначанне
 

Экскурсію нам мусілі правесці мясцовыя актывісты Мікалай Уласевіч ды Іван Крук. Спадар Мікалай, каардынатар кампаніі “Астравецкая атамная — гэта злачынства”, акурат на гэты дзень атрымаў позву ў суд. Відавочна, з мэтаю перадухіліць ягоны ўдзел у “Чарнобыльскім шляху”. Гэта — рэха прапановы Уласевіча правесці ў родным горадзе антыядравы пікет. Выканкам адхіліў зварот актывіста, падкрэсліўшы: “Плошча Леніна служыць месцам правядзення толькі дзяржаўных святаў”.
 

Дарэчы, уласна горадам Астравец стаў усяго месяц таму. Перад тым ён быў пасёлкам гарадскога тыпу. Цяпер жа новаспечаны горад расце як на дражджах, аднак гэта не выглядае натуральна: на хуткую руку паставілі новыя шматкватэрныя дамы для працаўнікоў станцыі, касметычна абнавілі цэнтр гораду. Чакаецца, што з адкрыццём станцыі насельніцтва Астраўца, дзякуючы прыбылым, павялічыцца ўтрая, з 9 да 30 тысячаў.
 

Згоды мясцовых жыхароў на будаўніцтва станцыі ніхто не пытаў. Як не пыталі і ў рэшты беларусаў: рэспубліканскага рэферэндуму паводле гэтага пытання гэтак і не адбылося.
 

Цяпер на будаўніцтве і ў адміністрацыі АЭС працуюць каля тысячы асобаў. Сярод іх — расейцы, якія найчасцей кіруюць будаўнічымі працамі. Будаўнікі наймаюцца з усёй Беларусі, працуюць вахтавым метадам. Міліцыянты скардзяцца, што з іх прыездам у паселішчы вырасла колькасць правапарушэнняў, звязаная перадусім са злоўжываннем алкаголем.

 

Будаваць нельга спыніць
 

У гадавіну чарнобыльскай катастрофы ў Астраўцы — ціха: ні пратэстаў, ні антыатамных плакатаў. Затое прымаў грамадзянаў дэпутат парламенту Адам Кавалька. Мы прыбылі ў заяўлены час, каб абмеркаваць грамадскі розгалас вакол будаўніцтва АЭС. Аднак заспелі на месцы толькі старшыню Варнянскага сельсавету — Марыю Шыманец, якая паведаміла, што Кавалька ўсіх ахвотных прыняў і ўжо з’ехаў. Адказваць замест яго на бягучыя пытанні чыноўніца адмовілася.
 

Да пляцоўкі будаўніцтва атамнай станцыі было ўсяго некалькі кіламетраў, і мы пастанавілі накіравацца туды. Дарогаю пабачылі ўжо гатовы ўказальнік: «Белорусская АЭС», — хоць аб’екту яшчэ не існуе.
 

Будоўля раскінулася шырока. Стаіць шмат аўтамабіляў працаўнікоў, чаргою ездзяць фуры, да пляцоўкі пракладаюць рэйкі чыгункі. На тэрыторыі два квадратныя кіламетры ёсць адміністрацыйныя пабудовы, уласны бетонны завод, вырытыя два катлаваны пад рэактары. Паводле Уласевіча, заліты абы-як падмурак першага катлавану ўжо пачаў даваць расколіны.
 

Кіраўніцтва быццам спяшаецца. У красавіку віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка заявіў, што працы на будоўлі першага блоку АЭС ідуць з апярэджаннем графіку на 4 месяцы, другога – на 8–10 месяцаў. Ці варта ганарыцца хуткасцю будаўніцтва такога адказнага аб’екту, як атамная электрастанцыя, Сямашка не ўдакладніў.

 

У Астравецкім РАУС. Міліцыя з народам?
 

Старшыня службы аховы астравецкай АЭС чамусьці не пажадаў прадэманстраваць вынікі гэтай сапраўды стаханаўскай працы і выклікаў міліцыянтаў ратаваць “святы аб’ект” ад відэакамеры. Штосьці аператар усё ж паспеў зняць, але і тыя рэдкія кадры яго прымусілі пазней выдаліць. Зрэшты, у архівах дзяржтэлеканалаў багата кадраў з гэтай пляцоўкі: дазвол на здымкі атрымліваюць толькі тыя, хто інтэрпрэтуе іх у слушным кірунку.
 

У кабінеце маёра, дзе я давала тлумачэнні, вісеў плакат-ідылія “Беларуская АЭС — у гармоніі з прыродаю”.
 

“А як вы ставіцеся да магчымага суседства з атамнай станцыяй? — пытаюся ў міліцыянта. — Не паспелі ачуняць пасля Чарнобылю, пераўтвараем Астравец у Прыпяць...” — “А хто яго ведае, як да яе ставіцца, — адказвае міліцыянт. — Нам галаўнога болю дадалося, але, можа, мясцовым праца будзе ды электраэнергія таннейшая... Хаця калі ў нас што таннела?”.
 

Умовы працы на будоўлі няроўныя. Беларускія будаўнікі атрымліваюць каля 4–6 мільёнаў за месяц. Расейскія падраднікі: інжынеры, прарабы ды іншыя — у 10 разоў болей.

 

Астравеччына — стратэгічны аб’ект



Пакуль мы даказвалі, што не злачынцы ды не шпіёны, міліцыянты затрымалі і Анатоля Лябедзьку. Ягоны аўтамабіль праверылі, ці няма там антыатамных улётак. Мікалая Уласевіча, які мусіў распавесці на “Чарнобыльскім шляху” пра сітуацыю ў Астраўцы, затрымала спачатку астравецкая міліцыя, а затым маладзечанская. Натуральна, у Менск, на акцыю, ён не паспеў.
 

З малым ліхам пакінуўшы “сардэчных” праваахоўнікаў беларускай ядравай сталіцы, мы ад’ехалі за межы паселішча, каб зрабіць інтэрв’ю з праваабаронцам Іванам Круком. Але і ў лесе нас заспела ўжо знаёмая “цывільная” машына. Працаўнікі ў штацкім абагульнілі, што мы не можам здымаць тут без акрэдытацыі. “У Астраўцы?” — удакладнілі мы. “У Рэспубліцы Беларусь”, — не разгубіўся хлопец.
 

Праўда, аказалася, што іх цікавіць наша актыўнасць не па ўсёй краіне, а толькі на падуладнай тэрыторыі — Астравеччыне. Роўна на мяжы Ашмянскага раёну хлопцы развярнуліся і пакінулі нас.
 

А мы пакінулі ціхі, мірны, як атам, Астравец, зняць які нам гэтак і не дазволілі.
 

Каментаваць