Атамны рэактар пад Мінскам — глупства, характэрнае для СССР

Наколькі бяспечна будаваць, хай сабе толькі даследчы, але атамны рэактар за 7 кіламетраў ад Мінска?

Праз некалькі гадоў у Беларусі запрацуюць не два, а тры атамныя рэактары. Трэці плануецца пабудаваць… у 7 кіламетрах ад Мінска.

Пра гэта паведаміў дырэктар інстытута “Сосны” Андрэй Кузьмін. Паводле яго слоў, той жа “Расатам” у Соснах” пабудуе “даследчы ядзерны рэактар і Цэнтр ядзерных даследаванняў”.

Што гэта будзе за рэактар, якой магутнасці і для якіх канкрэтна мэтаў яго будуць выкарыстоўваць беларускія навукоўцы, не ўдакладняецца. Але ў дадзеным выпадку больш актуальны адказ на іншае пытанне: наколькі бяспечна будаваць, хай сабе толькі даследчы, але атамны рэактар так блізка да горада?

Беларускі навуковец-фізік, былы сябра Чарнобыльскай камісіі Вярхоўнага Савета СССР Юрый Варонежцаў, планы па будаўніцтве атамнага рэактара ля Мінска лічыць глупствам.

Юрый Варонежцаў: “Па шчырасці, я не ведаю, навошта там гэты рэактар і што яны там збіраюцца даследаваць. Але ў кожным выпадку размяшчаць яго ледзь не ў горадзе — гэта глупства, характэрнае для СССР. Тады нават у цэнтры Масквы было некалькі даследчых рэактараў. Але рэч у тым, што кожны аб’ект, які мае дачыненне да “мірнага атама”, небяспечны”.

Звычайна, кажа Варонежцаў, у такога кшталту інстытутах будуюць невялікай магутнасці рэактары. Але нават невялікі рэактар мае адну, але вялікую хібу — ён выпрацоўвае ядзерныя адкіды.

Юрый Варонежцаў: “Кожны рэактар ― гэта найперш вытворца ядзерных адкідаў. Гэта, як і кожныя іншая вытворчасць, не застрахаваная ад пазаштатных сітуацый. А пазаштатная сітуацыя на аб’екце з атамным рэактарам пагражае жыццю і здароўю вялікай колькасці людзей. Асабліва, калі гэты аб’ект знаходзіцца непадалёк ад густанаселенага горада”.

Калегу падтрымлівае расійскі фізік-ядзершчык Андрэй Ажароўскі.

Андрэй Ажароўскі: “Будаваць новы рэактар, хай і невялікі, але непадалёк ад горада ― гэта нейкае сярэднявечча. Бо ўсё адно могуць адбывацца аварыі з выкідам радыяцыі ў навакольнае асяроддзе. Да прыкладу, у Расіі, побач з Белаярскай атамнай станцыяй у горадзе Зарэчным Свярдлоўскай вобласці месціцца падобны даследчы рэактар. Паводле афіцыйных звестках “Расатама”, гэты рэактар вінаваты ў тым, што бліжэйшы вадаём забруджаны плутоніем, еўропіем і іншым “злобнымі” радыенуклідамі. Проста “нешта пайшло не так” з сістэмамі ачысткі і ахалоджвання”.

 

Паводле слоў расійскага эксперта, даследчыя атамныя рэактары прымяняюцца і ў медыцынскіх мэтах. Але і гэта ўжо “ўчорашні дзень”.

Андрэй Ажароўскі: “Звычайна такія рэактары выкарыстоўваюцца ў матэрыялазнаўстве. Каб ведаць, як ва ўмовах радыяцыйных палёў паводзяць тыя ці іншыя матэрыялы. Часам выкарыстоўваюцца для медыцыны: для напрацоўкі ізатопаў. Але ўжо даўно ізатопы напрацоўваюць на цыклатронах ― нашмат менш небяспечных прыладах. Як навуковая прылада, даследчы ядзерны рэактар не з’яўляецца сёння нечым важным. Найхутчэй, рэактар прызначаны для “абслугоўвання інтарэсаў” Астравецкай атамнай станцыі. Не выключана, што размовы пра рэактар у “Соснах” ― гэта частка піяр-кампаніі па прасоўванні БелАЭС. Бо дастаткова складана выступаць супраць навукі. Але нават для навукова-даследчага рэактара, які можа несці небяспеку, неабходна шукаць іншае месца, далей ад сталіцы. Як па мне, то карысці ад яго ніякай, бо няма такіх задач, якія б выключана з дапамогай такіх “дробных” рэактараў можна было вырашыць”.

euroradio.fm



Каментаваць