Аўтавакзал “Маскоўскі” — ахвяра “Газпрома”

У пятніцу стала вядома (паведамленне інфармацыйнага агенцтва “Інтэрфакс-Захад” з’явілася ў інтэрнэце ў 17.49), што яшчэ днём раней, 4 красавіка Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб будаўніцтве шматфункцыянальнага комплексу на месцы папулярнага сярод жыхароў і гасцей беларускае сталіцы аўтавакзалу “Маскоўскі”.



Значыць, гэты сучасны вакзал, якім карысталіся многія і многія жыхары, аддадзены на знішчэнне расійскаму газаваму манапалісту. Мінчукоў, беларусаў увогуле, па трагічнай завядзёнцы, ніхто з уладароў краіны не спытаў. На першая месца зноў выйшлі грошы.  

Як адзначаецца ва ўказе, у 2013–2018 гадах прадугледжваецца рэалізацыя ААТ “Белтрансгаз” інвестыцыйнага праекта па будаўніцтве шматфункцыянальнага комплексу ў Мінску ў межах вуліцаў Філімонава — праспекта Незалежнасці — вуліцы Макаёнка, які ўключае ў сябе гатэль, паркінг, фізкультурна-аздараўленчы комплекс, медыцынскі цэнтр, аўтаномную энэргагенеруючую прыладу. Пра гэта паведамляе прэс-служба афіцыйнага кіраўніка РБ.

Таксама, як вынікае са згаданага паведамлення, інвестару дзеля будаўніцтва і абслугоўвання гэтага шматфункцыянальнага комплексу будзе прадстаўлены ў арэнду зямельны надзел у 8,27 гектара. За права заключэння дамовы арэнды інвестар павінен сплаціць у бюджэт беларускае сталіцы 17,2 мільёна долараў ЗША.

Апроч таго, паведамляюць у прэс-службе Лукашэнкі, інвестар кампенсуе ў бюджэт Мінску страты, звязаныя з выняткам зямельнага надзелу ды зносам комплексу будынкаў аўтавакзалу “Маскоўскі” агульнаю сумаю ў 13,7 мільёнаў долараў. Да таго ж, калі верыць інфармацыі, інвестар мае пералічыць у бюджэт сталіцы Беларусі грошы ў мэтах беззваротнага фінансавання будаўніцтва ў горадзе шматузроўневай транспартнай развязкі на перакрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Філімонава ў памеры 50 адсоткаў ад сумы праекта, а таксама будаўніцтва жылога дому на 30 кватэраў для шматдзетных сем’яў, што будзе каштаваць 3,3 мільёна долараў.

Прэс-служба афіцыйнага кіраўніка таксама паведамляе, што, паводле ўказу, тавары, што будуць увозіцца ў Беларусь тавары ў рамках рэалізацыі праекта да 31 снежня 2018 году будуць вызваленыя ад мытаў і падатку на дадатковую вартасць. Указ Лукашэнкі набыў сілу ў дзень апублікавання.      

Што гэта значыць? А тое, што на карысць расійскага алігархату мы, мінчукі, пазбаўляемся аднаго з будынкаў сучаснае забудовы, на які было прыемна паглядзець. Відаць, мала каму не даводзілася карыстацца паслугамі аўтавакзалу “Маскоўскі”, ці то калі кіруешся ў Нацыянальны аэрапорт “Мінск”, ці то на поўнач краіны, бо менавіта з “Маскоўскага” рушылі аўтобусы на Полацк, Лагойск, Плешчаніцы ды іншыя гарады і мястэчкі.

“Маскоўскі” меў насамрэч еўрапейскі знешні выгляд. Чаму ж так званы інвестар і ўлады, якія нават не саромеюцца шыбаваць па свеце “з торбаю” у пошуках фінансавых падачак, абралі менавіта гэтае месца на “вялікіх прасторах” беларускае сталіцы, дзе і так пакуль што яшчэ багата вольных плошчаў? Паглядзіце, у раёне Нацыянальнае бібліятэкі, якую тыя ж амерыканцы вызначылі, мякка кажучы, не самым прывабным і прыгожым будынкам Беларусі, колькі ёсцяка свабоднае плошчы? А што, на сталічных ускрайках яе няма? Ёсць. Дык навошта ўсё гэта робіцца?

Логіку ў рашэннях тутэйшых уладаў шукаць шмат у якіх выпадках бессэнсоўна. Той жа “мэр” Ладуцька заяўляў, што “Маскоўскі” не з’яўляецца помнікам архітэктуры, таму знос аўтавакзалу не стане стратаю для гораду. Калі гэта шараговы будынак, дык чаму ж аўтарскі калектыў гэтага вакзала, здадзенага ў эксплуатацыю зусім нядаўна - у 1999 годзе, быў уганараваны Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь?

У Санкт-Пецярбургу “Газпром” не так даўно атрымаў “адлуп”, калі хацеў пабудаваць свой офіс — “Охта-цэнтр” у самым цэнтры расійскай паўночнай сталіцы. Беларускія ўлады, якія вельмі і вельмі залежаць ад палітыкі “Газпрома”, — больш падатлівыя. Знесці практычна новы і сучасны аўтавакзал на карысць “бабладаўцам” з усходняй суседкі – раз плюнуць. Як і плюнуць на меркаванні соцень жыхароў Мінска, якія ўжо паставілі свае подпісы пад зваротам супраць зносу аўтавакзалу “Маскоўскі”. 

Відэа сюжэт на гэту тэму:

http://novychas.info/video/autavakzal_maskouski_likviduju/

Каментаваць