Бабруйск. Аляксандру і Валянціне Каваленкам не дазволілі пікет

Бабруйскі гарвыканкам (Магілёўская вобласць) не задаволіў заяву жыхароў горада Бабруйск Магілёўскай вобласці, пенсіянераў, мужа і жонкі Аляксандра і Валянціны Каваленкаў на правядзенне 9 кастрычніка пікетавання ў цэнтры гораду.



Аляксандр і Валянціна Каваленкі


Пікет, дзе збіраліся ўдзельнічаць толькі самі арганізатары Аляксандр і Валянціна Каваленкі, павінен быў прыцягнуць увагу жыхароў Бабруйска да праблемы невыканання сваіх абавязкаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Жаннай Мішур.

Нагадваем, што адзіны сын пенсіянераў знаходзіцца за кратамі ў Івацэвіцкай выпраўленчай калоніі № 22 (Брэсцкая вобласць). Нягледзячы на тое, што па справе юнака Генеральная пракуратура ў свой час вынесла пратэст, яго не задаволіў прэзыдыум Вярхоўнага суду. Муж і жонка Каваленкі дзясяты год імкнуцца ўзнавіць парушаныя правы свайго сына.

Як паведаміла карэспандэнту НЧ Валянціна Каваленка, у той жа дзень, як пенсіянерам была адмоўлена ў правядзенні пікету, у калоніі быў жорстка збіты іх сын. Жанчына ацэньвае здарэнне як правакацыю супраць свайго сына ў сувязі з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй яго бацькоў.

 “Але мы не збіраемся маўчаць. У сувязі са збіццём сына мы накіравалі тэрміновыя тэлеграмы кіраўніцтву краіны і праваахоўных структураў, а таксама паведамілі журналістам пра гэты жудасны выпадак”, — сказала Валянціна Каваленка. 

Каментаваць