Бабруйская падатковая: ні слова пра КДБ

5 мая 2012 года галоўны рэдактар газеты «Бабруйскі кур'ер» Анатоль Санаценка атрымаў адказ на свой зварот у інспекцыю Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі  Беларусь па Бабруйску.

У заяве ў падатковую Анатоль Санаценка ўказваў кіраўніцтву дадзенай установы на парушэнне яго правоў з боку работнікаў КДБ, якія 2,5 гадзіны ў кабінеце падатковай інспекцыі запалохвалі яго як журналіста — з-за публікацый  у СМІ на грамадска-палітычныя тэмы.

Анатоль Санаценка прапанаваў кіраўніцтву інспекцыі — у якасці кампенсацыі маральнай шкоды — прынесці яму афіцыйныя выбачэнні, замяніць падатковага інспектара, які «вядзе» іх прадпрыемства, а таксама звярнуць увагу на Працоўны кодэкс, паколькі падчас яго «гутаркі» з супрацоўнікамі КДБ падатковыя інспектары пакінулі свае працоўныя месцы больш чым на дзве гадзіны.

У сваім адказе першы намеснік начальніка інспекцыі Ю.Д. Тарабуеў пералічвае статус і рэгаліі Анатоля Санаценкі як кіраўніка прадпрыемства, прызнае факт яго запрашэння — у гэтай якасці — «для гутаркі і растлумачэнні парадку ліквідацыі» яго фірмы.

І ні слова не піша пра «эпізод» з КДБ — нібы і не было такой сустрэчы.

Больш за тое, Ю.Д. Тарабуеў паведамляе журналісту: «У сваіх дзеяннях работнікі інспекцыі строга кіруюцца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Падатковым кодэксам Рэспублікі Беларусь, іншымі нарматыўнымі прававымі актамі Рэспублікі Беларусь».

«Маючы вопыт пражывання ў няправавой дзяржаве, я меркаваў, што падатковая інспекцыя зробіць выгляд, што нічога не было. Так і адбылося », — каментуе Анатоль Санаценка.

Нагадаем, 5 красавіка 2012 года журналіст быў запрошаны ў бабруйскую падатковую інспекцыю на «размову» пра лёс узначаленага ім прадпрыемства — выдаўца газеты «Бабруйскі кур'ер».

У падатковай Анатоля Санаценка «сустрэлі» два супрацоўнікі КДБ, якія на працягу 2,5 гадзін спрабавалі аказаць на яго юрыдычны і псіхалагічны ціск. У прыватнасці, запалохваючы магчымым ужываннем да журналіста — за яго публікацыі ў розных электронных СМІ  — артыкула КК РБ 369[1] «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь».
 
Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Каментаваць