Бацькі палітвязняў просяць Будзіміра спыніць галадоўку

У чацьвер сваякі палітвязняў накіравалі супольную тэлеграму вядомаму блогеру Дзмітрыю Галко (у блогасферы – Будзімір) з просьбаю спыніць галадоўку пратэсту.



У чацьвер сваякі палітвязняў накіравалі супольную тэлеграму вядомаму блогеру Дзмітрыю Галко (у блогасферы – Будзімір) з просьбаю спыніць галадоўку пратэсту.

“Вашая справа ўжо прынесла свой плен, гэта вялікая ахвяра дзеля вызвалення людзей. Зараз трэба збіраць сілы і  яднацца дзеля ўратавання нашай краіны.  Мы спадзяемся, што Вы паставіцеся з павагай да нашай просьбы, - пішуць у тэлеграме бацькі вязьняў, сярод якіх Атрошчанкавы Сяргей і Ірына, Казуліны Уладзіслаў і Яўгенія, Лобавы Анатолій і Марына, Кім Таццяна, Саннікава Алла, Севярынец Таццяна, Браніцкая Віялета, Халіп Люцына ды іншыя 

Галадоўнік Дзмітрый Галко тэлеграму ўжо атрымаў. “Я ўзяў тайм-аўт падумаць над гэтаю прапановаю. Галадоўку я не спыняў, але праз дзень-два абвяшчу сваё рашэнне. У сувязі з апошнімі трагічнымі падзеямі змяніўся інфармацыйны фон, і галадоўка застаецца амаль незаўважнай, але ніякіх жа зменаў датычна вызвалення палітвязняў не адбылося…Мне неабходна ўсё грунтоўна ўзважыць, - гаворыць Дзмітры Галко.

Тым часам, стан здароўя галадоўніка пагаршаецца: “Удзень я адчуваю сябе больш-менш, але вось учора засядзеўся даночы, дык сэрца проста выскоквала. Дзмітры Галко не выключае магчымасці звярнуцца да лекараў, якія б маглі сачыць за ягоным самаадчуваннем.

Нагадаем, шаснаццаць дзён таму Дзмітрый Галко абвясціў галадоўку з нагоды жорсткага прысуду 20-гадоваму Мікіту Ліхавіду за ўдзел у акцыі пратэсту 19 снежня (тры з паловаю гады турмы); мінімальнае патрабаванне галадоўніка – неадкладнае вызваленне юнака. Рашэнне аб спыненні ці працягу галадоўкі Будзімір днямі аб’явіць  у сваім блогу ў “Жывым часопісе budzimir.livejournal.com.
 

Каментаваць