Бацька палітвязня: “Трэба камусьці пачынаць”

Слесара Аляксандра Квяткевіча судзяць разам з экс-кандыдатамі ў прэзідэнты Міколам Статкевічам і Дзмітрыем Уссам. Ні ў якіх апазіцыйных партыях і рухах Аляксандр ніколі не ўдзельнічаў. Як ён апынуўся ў СІЗА КДБ, распавялі яго бацькі.


“Пайшоў супраць нашай волі, — паведаміў Аляксандр Квяткевіч-старэйшы. — Ён вырашыў, што трэба ісці. Вечарам прыйшоў з галасавання і гаворыць: “Я пайду на плошчу. Мы яго не пускалі. Я яму казаў: “Саша, не ідзі, будуць праблемы. Але ён не паслухаў. Сабраўся і пайшоў.



Слесара Аляксандра Квяткевіча судзяць разам з экс-кандыдатамі ў прэзідэнты Міколам Статкевічам і Дзмітрыем Уссам. Ні ў якіх апазіцыйных партыях і рухах Аляксандр ніколі не ўдзельнічаў. Як ён апынуўся ў СІЗА КДБ, распавялі яго бацькі.


“Пайшоў супраць нашай волі, — паведаміў Аляксандр Квяткевіч-старэйшы. — Ён вырашыў, што трэба ісці. Вечарам прыйшоў з галасавання і гаворыць: “Я пайду на плошчу. Мы яго не пускалі. Я яму казаў: “Саша, не ідзі, будуць праблемы. Але ён не паслухаў. Сабраўся і пайшоў.


А ноччу — званок на мабільны тэлефон маці, Алены Міхайлаўны: “Мама, я дадому не прыйду. Я ў міліцыі.


Ператрус


Потым былі 12 сутак арышту на Акрэсціна. Пасля вызвалення — зноў арышт. На гэты раз Аляксандра змясцілі ў СІЗА КДБ, так званую “амерыканку. Затрымалі яго дома 4 студзеня. Прыйшоў участковы і чалавек у цывільным. На пытанне маці, навошта забіраюць яе сына, невядомы сказаў: “Трэба пальчыкі зняць. І яшчэ: “Не трэба было хадзіць на плошчу.


Ноччу прыйшла з ператрусам транспартная міліцыя. Ордэра на вобшук у яе не было. “Яны варочалі ўсё, — распавёў бацька. — Лазілі літаральна ўсюль. Я быў абураны. Кажу: “Я вас мог не пусціць, дзе ваша санкцыя, што вы робіце? “Ламалі б дзверы, — быў адказ. На пытанне, чаму ператрусам займаецца транспартная міліцыя, маёр у цывільным адказаў: “Таму што не хапае людзей.


А потым контрвыведка звоніць. Ставяць умову — ці робім у вас ператрус ці давайце ноўтбук. Завёз ім ноутбук. Потым прыехаў забіраць. Прыходжу. Выходзіць супрацоўнік у цывільным, але я ведаю, што ён маёр. Я ў яго прама пытаюся: “Ёсць крамола? Ён сказаў: “Няма. Толькі мне папрок: “Чаму не выхоўваеце сына?


“Амерыканка


У “амерыканцы Аляксандру Квяткевічу  споўнілася 24 гады. “Ён піша, што “ў мяне ўсё нармальна, я трымаюся. Галоўнае, каб у вас усё было добра. Дачцэ піша: “Сястрычка, падтрымлівай нашых, — распавядае Алена Квяткевіч.


“Ён хлопец загартаваны, не скардзіцца. Толькі за нас перажывае, — кажа бацька.


“Мы яго супакойваем, а ён нас супакойвае, — паведаміла маці. — Насіла яму перадачу. Прыслаў ліст: “Мамачка, дзякуй за перадачу. У перадачы было менавіта ўсё, што трэба. У кожным лісце і я пішу, і дачка: “Сынок, брацік, пішы, што перадаць. А ён: “Як звычайна. Вось што сама сабяру, тое і перадам.


Родныя зняволеных, якіх пасадзілі ў СІЗА КДБ раней, усе гавораць: як толькі прывезлі “палітычных — увялі абмежаванні. Раней можна было перадаваць шакаладкі, цукеркі шакаладныя, сала. А як палітычных прывялі — усё, адбой, нельга. Арэхі, семкі і са свайго прыгатавання — нічога нельга. Хоць бы кавалак сала які перадаць ці яшчэ што. Сын адразу, як трапіў у “амерыканку, папрасіў перадаць кніжкі. Таксама нельга.


Ён піша добрыя лісты. Ведаеце, не настолькі я яго падбадзёрваю, наколькі ён нас. “Са мной сядзяць вельмі добрыя людзі, — напісаў ён. — Жывем утрох, дзелімся, мірна жывем. У нас добрыя зносіны, разам гатуем.


Хобі


Алена Квяткевіч паказвае вырабы з дрэва, якія зрабіў сын. Бо ён яшчэ і майстра па дрэве. Сава, папугай і шмат іншых прыдумак Аляксандра. А ў зняволенні ён знайшоў сабе новы занятак — размалёўвае гелевымі асадкамі хусткі. Родныя перадаюць яму белую матэрыю, а ён ім — каляровыя карцінкі. На адной хустачцы з мішкам напісана: “Трымайся! “Колькі нам прыслаў, яны ўсе розныя. Дзве ва ўнука, але я іх не забіраю. Ён сказаў: “Бабуля, гэта мае любімыя, не забірай, — кажа Алена Міхайлаўна.


Дома Аляксандра чакае і яго чатырохногая любіміца Зара. “Глядзець гэтую сабаку, я ўжо на пенсіі, мне цяжка. І сын у кожным лісце піша: “Дзякуй, што Зару глядзіце!. Канешне, яна ўсё адчувае. Як плачу, прыйдзе, пакладзе мне лапу на калена і мордачку. Шкадуе, — сказала маці.


“Ладна мы. Мы перанясем, мы ўжо прызвычаіліся да ўсяго. Да ўсялякага жыцця. Але чаму павінны пакутаваць нашы дзеці? За што?


“Моладзь мацнее нас


“Кампрамату супраць яго няма, — разважае бацька. — Але не вераць, што ён сам пайшоў на плошчу. Як гэта ён пайшоў сам? Значыць, хтосьці яго падбухторыў. Ну вось, шукайце, капайце…


Здавалася б не пакрыўджаны. Жыў у нас, ні ў чым не меў патрэбу. Чаму пайшоў? Гэта вельмі сур’ёзная праблема. Я пачынаю аналізаваць, чаму. Для мяне вось гэту хату атрымаць было праблемай. А ён жыве тут, ніякіх праблем. Што яму трэба? Я мог пайсці. Таму што мне было цяжка. Я станавіўся на ногі вельмі цяжка. Ён жыве тут лёгка. А чаму супраць ідзе? Пытанне! Проста вось што адбылося, я не магу зразумець. Не магу.


Якім ён выйдзе? Нармальны ці які, я ж не магу сказаць. Могуць там яго скалечыць. Таму гэта складана. Выйдзе, і што ён будзе рабіць? Там лёсы выпраўляюцца і ламаюцца.


У сувязі з апошнімі падзеямі многія людзі зразумелі, што адбываецца ў Беларусі. Тое, што можна разглагольстваваць пра добрае жыццё, і тое, што рэальнасць — гэта дзве вялікія розніцы. Цэны растуць, камунальныя растуць. Усё расце. Куды больш?


У многіх людзей расплюшчыліся вочы. Вось гэта галоўнае. Тое, што народ бачыць, што ў Беларусі робіцца. Мы можам толькі на кухні гаварыць. А моладзь ідзе. Яны нас мацнее.


Ну трэба камусьці пачынаць, я так думаю. Трэба памятаць, што мы ўсё-такі людзі.
 

Каментаваць