Баль правіць сіла

Цягам тыдня было зафіксавана некалькі выпадкаў нахабнага парушэння закону супрацоўнікамі міліцыі ў часе затрымання актывістаў апазіцыі. Маладыя людзі пасля гэтых кантактаў з міліцыяй патрапілі ў шпіталі.



Цягам тыдня было зафіксавана некалькі выпадкаў нахабнага парушэння закону супрацоўнікамі міліцыі ў часе затрымання актывістаў апазіцыі. Маладыя людзі пасля гэтых кантактаў з міліцыяй патрапілі ў шпіталі.

Быў жорстка збіты АМАПам маладафронтавец Раман Пратасевіч, які вывесіў у цэнтры Мінска бел-чырвона-белы сцяг у падтрымку віцебскага актывіста КХП-БНФ Сяргея Каваленкі. «Мяне адвялі кудысьці за вугал, каб не відаць было. Трымалі двое, заламаўшы рукі. Яшчэ адзін стаяў, біў мяне па галаве і нагах, і яшчэ двое стаялі ззаду, каб нічога не было бачна», — распавёў непаўнагадовы актывіст «Маладога фронту» тэлеканалу «Белсат».

Раман Пратасевіч вывесіў бел-чырвона-белы сцяг непадалёку ад будынка Адміністрацыі Лукашэнкі. Унізе пад пажарнай лесвіцай яго ўжо чакалі міліцыянты ў цывільным і спецназаўскі мікрааўтобус. Пасля збіцця Пратасевіча завезлі ў пастарунак, дзе пратрымалі больш за 4,5 гадзіны.

Актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Андрэй Моўчан таксама вырашыў правесці акцыю салідарнасці з Каваленкам. Пасля акцыі яго знайшлі ў аддзяленні траўматалогіі бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. Чэрапна-мазгавая траўма, пералом сківіцы, траўмы хрыбетніка — вось вынік сустрэчы з міліцыяй.

«Я выйшаў з бел-чырвона-белым сцягам у падтрымку Сяргея Каваленкі. Але далёка не прайшоў. Пад’ехалі супрацоўнікі міліцыі. Яны пачалі мяне забіраць, выхопліваць з рук сцяг. На пытанне, чаму вы мяне чапаеце, яны нічога не адказвалі. Потым мяне са сцягам павалаклі да машыны. Там на мяне нацягнулі кайданкі. І пагрузілі ў іншую машыну. У той машыне мяне і пачалі збіваць. Некалькі разоў я адключаўся. Не памятаю, як мяне везлі. Ачуняў толькі ў аддзяленні міліцыі на нейкай лаве. Адтуль «Хуткая дапамога» павезла ў шпіталь», — так скончылася акцыя салідарнасці для Андрэя.

Моўчан да збіцця



У мінскі шпіталь з ізалятара на Акрэсціна быў пераведзены і намеснік старшыні «Маладога фронту» Мікалай Дземідзенка. Прычына — пагаршэнне стану здароўя. 15 мая Міколу Дземідзенку суд Цэнтральнага раёна даў 10 сутак адміністрацыйнага арышту нібыта за «дробнае хуліганства». За дзень да гэтага міліцыянты ўварваліся ў кватэру да актывістаў «Маладога фронту», збілі, а потым даставілі маладых людзей у аддзяленне ўнутраных спраў Фрунзенскага раёна. Разам з Мікалаем былі затрыманыя актывісты Зміцер Крамянецкі і Раман Васільеў.

Маладафронтаўцы збіраюцца звяртацца ў міжнародныя арганізацыі з мэтай прызнання адміністратыўна арыштаваных актывістаў руху вязнямі сумлення. Гэта звязана з тым, што традыцыйна актывістаў судзяць за «хуліганку», а «палітычных» артыкулаў у Крымінальным кодэксе быццам бы і няма, таму іх нельга прызнаць палітвязнямі.

Каментаваць