Балонская перспектыва беларускай вышэйшай школы

Ці гатовая беларуская вышэйшая адукацыя да ўступлення ў ЕПВА, якія існуюць стратэгіі далучэння нашай краіны да Балонскага працэсу, якія рызыкі і перавагі ёсць у розных стратэгіяў?



Ці гатовая беларуская вышэйшая адукацыя да ўступлення ў ЕПВА, якія існуюць стратэгіі далучэння нашай краіны да Балонскага працэсу, якія рызыкі і перавагі ёсць у розных стратэгіяў?

Пра гэта разважаюць Яўген Прэйгерман (ГА «Дыскусійна-аналітычная супольнасць "Ліберальны клуб"»), Святлана Мацкевіч (эксперт Агенцтва гуманітарных тэхналогіяў), Юлія Лакіна (эксперт у галіне вышэйшай адукацыі, арганізацыйнага развіцця і няўрадавага сектара) і Уладзімір Дунаеў (мадэратар, Агенцтва палітычнай экспертызы).

Уладзімір Дунаеў: Беларусь пакуль застаецца адзінай еўрапейскай краінай, якая знаходзіцца па-за Еўрапейскай прасторай вышэйшай адукацыі ці таго, што называецца Балонскім працэсам. У канцы лістапада Беларускае міністэрства адукацыі накіравала Балонскаму сакратарыяту свой даклад аб стане вышэйшай адукацыі ў краіне і заявіла пра гатоўнасць падпісаць Балонскую дэкларацыю. Для таго, каб далучыцца да ЕПВА, краіна мусіць адпавядаць двум крытэрыям: па-першае, ратыфікаваць Культурную канвенцыю Рады Еўропы і, па-другое, яе вышэйшая адукацыя павінна падзяляць каштоўнасці, мэты і асноўныя напрамкі палітыкі ЕПВА. Першую ўмову Беларусь выканала яшчэ 1993 годзе. А вось другая можа стаць перашкодай для далучэння Беларусі да Балонскага працэсу. Я прапаную абмеркаваць тры пытанні: ці гатовая беларуская вышэйшая адукацыя да ўступлення ў ЕПВА, якія існуюць стратэгіі далучэння нашай краіны да Балонскага працэсу, якія рызыкі і перавагі ёсць у розных стратэгіяў.

Яўген Прэйгерман: Я не займаюся глыбока пытаннямі вышэйшай адукацыі. Але відавочна, што з пункту гледжання гэтых крытэрыяў сістэма адукацыі, на жаль, не гатовая да ўступлення ў Балонскі працэс. Маю ўвагу як чалавека, які не факусуецца на тэхнічных дэталях, прыцягваюць 2 рэчы: акадэмічныя свабоды і самакіраванне ўстановаў адукацыі. Па гэтых двух параметрах мы не падыходзім пад тое, што прынята ў Еўропе. Іншая справа, што я не разглядаю гэта як перашкоду, якая павінна нас спыніць і прымусіць рухацца ў зваротным кірунку.

Святлана Мацкевіч: Аналіз беларускай сітуацыі сведчыць пра тое, што гатоўнасці да Балонскага працэсу няма. І, перш за ўсё, у плане каштоўнасцяў. Ад савецкага часу нам засталася аўтарытарная сістэма кіравання вышэйшай адукацыяй. І нават калі быў нейкі момант, калі пераўтварэнне гэтай сістэмы было магчымае, Беларусь гэтым не скарысталася. Больш за тое, улады замацавалі сістэму падпарадкавання ўніверсітэтаў Міністэрству адукацыі і ліквідавалі рэшту акадэмічных свабодаў. Гэта прывяло да таго, што сёння акадэмічная супольнасць няе мае свайго голасу, і нават страціла сябе ў якасці суб'екта. Сістэма адукацыі ёсць, а суб'ектаў, якія ўдзельнічаюць у прыняцці рашэнняў і кіраванні ВНУ, няма.

Так, ёсць суб'ект пад назвай “прэзідэнт Беларусі, якому належыць выключнае права на вызначэнне адукацыйнай палітыкі, ёсць урад, якому перадаюцца паўнамоцтвы па яе рэалізацыі. Але ўсе астатнія ўдзельнікі адукацыйных адносінаў бяспраўныя і безадказныя. Няма паўнавартаснай акадэмічнай супольнасці, а ёсць наёмныя прафесары, якія дзейнічаюць у адзіночку, здавольваюцца толькі тым, што яны адчыталі пэўны аб'ём лекцыяў.

Пазбаўленыя суб'ектнасці тыя, хто карыстаюцца паслугамі адукацыйнай сістэмы: гэта студэнты і іх бацькі, якія аплачваюць гэтыя адукацыйныя паслугі. І тут мы зноў сутыкаемся з сітуацыяй, што студэнцкая супольнасць, можа і хацела б, але не вельмі ведае, як уключацца ў адукацыйную палітыку, як выстаўляць свае патрабаванні і ўступаць у палітычную камунікацыю.

Калі ўзяць рынак працы і працадаўцаў, якія карыстаюцца вынікамі працэсу адукацыі, то і яны не маюць голасу ў пытаннях якасці адукацыі.

Уладзімір Дунаеў: Вы маеце на ўвазе, што, хоць у нас абвяшчаецца дзяржаўна-грамадскі характар кіравання вышэйшай адукацыяй, насамрэч, грамадскага ўдзелу ў кіраванні вышэйшай адукацыі няма? Ніякіх механізмаў рэалізацыі гэтага ўдзелу, раўнапраўнага партнёрства дзяржавы, працадаўцаў, студэнтаў, іншых удзельнікаў адукацыйнага працэсу нашае заканадаўства не прадугледжвае. І гэта прама супярэчыць Балонскім прынцыпам.

Святлана Мацкевіч: Тое, што заканадаўства недасканалае, з гэтым цяжка спрачацца. Але нават калі б хтосьці паспрабаваў рэалізаваць у нашай адукацыі прынцып дзяржаўна-грамадскага ўдзелу ў кіраванні, мы сутыкнуліся б з цэлым шэрагам перашкодаў не толькі прававога характару.

Уладзімір Дунаеў: Мы сутыкнуліся б з адсутнасцю суб'ектаў, якія да гэтага гатовыя. Гэта, вядома, вельмі істотная перашкода для ўключэння ў ЕПВА. Але калі эксперты ацэньваюць ступень гатоўнасці беларускіх ВНУ, яны зыходзяць з назіраных і правераных рэчаў. Аналізуецца заканадаўства і тэндэнцыі яго развіцця. Ці ёсць прыкметы таго, што нашая адукацыя развіваецца ў бок аўтаноміі суб'ектаў адукацыйнага працэсу, акадэмічнай свабоды, раўнапраўнага партнёрства. Усё гэта з'яўляецца неад'емнымі складовымі часткамі таго, што мы называем Балонскім працэсам. Вядома, важныя таксама структурныя параметры адукацыйных сістэм. Нам не абысціся без абмеркавання адрозненняў у архітэктуры вышэйшай адукацыі, гэта значыць, адпаведнасці таго, што нашае міністэрствам адукацыі спрабуе выдаць за дзвюхпрыступкавую структуру вышэйшай адукацыі, Балонскім цыклам бакалаўр–магістр–доктар. Мы павінны ацаніць працэдуры прызнання замежных ступеняў і дыпломаў і праграмы мабільнасці студэнтаў. Мы не зможам прайсці міма прынцыповага адрознення пабудовы беларускай сістэмы кантролю якасці ад еўрапейскага падыходу да ацэнкі якасці.

Юлія Лакіна: Летась я рабіла аналіз адпаведнасці беларускай адукацыі Балонскай сістэме для USAID. Мае высновы ўлічвалі вопыт імплементацыі Балонскай мадэлі ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. На жаль, наша сістэма не гатовая да ўключэння ў ЕПВА. У гэтым мае высновы цалкам супадаюць з высновамі альтэрнатыўнага дакладу, які быў прадстаўлены Балонскаму сакратарыяту Грамадскім беларускім Балонскім камітэтам 19 снежня 2011 года. І гэта тычыцца не толькі прынцыповай неадпаведнасці каштоўнасцяў: акадэмічная свабода, інстытуцыянальная аўтаномія, але і многіх іншых параметраў. «Перыяд адлігі», які ў вышэйшай адукацыі доўжыўся, паводле майго вопыту працы з беларускімі ВНУ, гадоў шэсць, не прывёў да прыкметнага збліжэння з еўрапейскімі мадэлямі кантролю якасці адукацыі, структуры і зместу праграмаў і шмат чаго іншага. На жаль, з 2004 года мы вярнуліся да таго, што было ў Савецкім саюзе, дзе ўсё кантралявалася адміністрацыйна. І ўсё, што выкладалася ў ВНУ, залежала ад палітыкі Камуністычнай партыі Савецкага Саюза.

Калі ў нас кажуць пра перавагі далучэння да ЕПВА, то часта маюць на ўвазе перш за ўсё прызнанне дыпломаў. Гэта, вядома, вельмі важнае пытанне. Але прызнанне нашых дыпломаў залежыць не столькі ад фармальнага падпісання Балонскай дэкларацыі, колькі ад адпаведнасці структуры і зместу нашых адукацыйных праграмаў еўрапейскім мадэлям. Трэба сказаць, што нашы дыпломы на еўрапейскім рынку працы прызнаюцца і цяпер. Але гэта вельмі працяглы працэс. І пацвярджаць уласную кваліфікацыю неабходна даволі доўга. Аднак ва ўсіх дыскусіях аб перспектывах далучэння Беларусі да ЕПВА рэдка абмяркоўваецца іншы бок прызнання дыпломаў. На жаль, у нашай краіне замежныя дыпломы наогул не прызнаюцца. Пацвердзіць дыплом вышэйшай адукацыі, атрыманы за межамі РБ, за выключэннем Расіі, Казахстана і яшчэ некалькіх краінаў, няма рэальнай магчымасці. Нягледзячы на тое, што Беларусь ратыфікавала канвенцыю аб прызнанні кваліфікацыяў, гэты працэс так і не пайшоў. Тыя студэнты, якія атрымліваюць акадэмічную ступень за мяжой, часта нават не звяртаюцца за яе пацвярджэннем у Беларусі.

Уладзімір Дунаеў: Яўген, а як пацвярджаецца ў Беларусі Ваша магістарская ступень?

Яўген Прэйгерман: Так, як сказалі. Проста я ні да каго не хаджу і не прашу яе пацвярджаць. Тут узнікае іншы нюанс. Яна не пацвярджаецца на ўзроўні дзяржавы. Але ж ёсць працадаўца. І ў некаторых выпадках фармальнае прызнанне ступені для яго не мае сур'ёзнага значэння.

Юлія Лакіна: Але калі вы будзеце ўладкоўвацца ў дзяржаўную структуру, у вас могуць узнікнуць праблемы.

Уладзімір Дунаеў: У нас гэтая сфера рэгулюецца нарматыўнымі актамі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, якія ствараюць перашкоды для такога прызнання. У нас кажуць, што беларускі рынак працы не гатовы прыняць бакалаўраў. Але, у рэчаіснасці, не гатовая дзяржаўная бюракратыя, а не рынак працы.

Юлія Лакіна: За гады маёй працы я сутыкалася з гэтым досыць часта. Я таксама не пацвярджаю сваю кваліфікацыю. І праблема з прызнаннем беларускіх дыпломаў за мяжой і замежных у Беларусі — гэта, перш за ўсё, наступства істотнай розніцы ў тым, як у нас выкладаюць розныя дысцыпліны. Сама структура курсаў і праграмаў, тэхналогія навучання цалкам не адпавядае еўрапейскім нормам.

Уладзімір Дунаеў: Такім чынам, мы ўсе згодныя, што ў беларускай сістэмы вышэйшай адукацыі ёсць вельмі сур'ёзныя адрозненні ад Балонскай мадэлі. У нас ёсць праблемы з каштоўнасцямі. У нас ёсць адрозненні ў палітыцы прызнання дыпломаў, у структуры цыклаў або, як гэта ў нас называюць, прыступак адукацыі, ёсць вельмі сур'ёзныя разыходжанні ў палітыцы кантролю якасці. Бо адзін з галоўных прынцыпаў Балонскай сістэмы — гэта незалежнасць інстытутаў кантролю і ацэнкі якасці, а ў нас гэта функцыя міністэрства, якое само сябе кантралюе. Але ёсць яшчэ праблема мэтаў, дзеля якіх Беларусь спрабуе ўступіць у Балонскі працэс.

Святлана Мацкевіч: Як мне здаецца, сапраўдныя мэты, з якімі цяпер Беларусь спрабуе ўступіць у Балонскі працэс, пакуль не агучаныя. Нам даводзіцца пра гэтыя мэты толькі здагадвацца.

Уладзімір Дунаеў: Гэта значыць, вы маеце на ўвазе, што тыя мэты, якія пазначаныя ў нацыянальным дакладзе, не з'яўляюцца сапраўднымі? І вы мяркуеце, што ёсць прыхаваныя мэты, якія не пазначаныя?

Святлана Мацкевіч: Так, менавіта так. З боку афіцыйных структураў гаворыцца, што мы ўступім у Балонскі працэс, але рэфармаваць сістэму не будзем. Мы проста зафіксуем сістэму, як яна ёсць. Гэта нейкая хітрасць.

Юлія Лакіна: У Нацыянальнай праграме развіцця вышэйшай адукацыі на 20011–2015 гады прама сказана, што Балонская сістэма патрэбна для павелічэння экспарту адукацыйных паслугаў.

Уладзімір Дунаеў: Пры гэтым маецца на ўвазе імпарт студэнтаў. Экспарту паслуг у нармальным разуменні не адбываецца, бо паслугі адукацыі не аказваюцца за мяжой, напрыклад, не ствараюцца афшорныя кампусы. І гэта зразумелы адказ на дэмаграфічныя праблемы Беларусі. Скарачэнне насельніцтва вядзе да скарачэння колькасці студэнтаў, большасць якіх аплачвае сваю адукацыю. А паколькі паступленні ад платных адукацыйных паслугаў з'яўляюцца найважнейшай часткай бюджэту ВНУ, то даводзіцца шукаць іншыя шляхі папаўнення бюджэту.

Яўген Прэйгерман: У гэтым годзе, асабліва ўлетку, калі яшчэ ніхто не ведаў, што рабіць з эканомікай і як балансаваць дэфіцыт гандлёвага балансу, пачалі гучаць заявы адносна экспарту адукацыйных паслугаў і прыцягнення за кошт гэтага валюты. І гэтыя планы ўвайшлі ў стабільны парадак дня прэзідэнта.

Уладзімір Дунаеў: Задача зарабляць валюту на іншаземцах была сфармуляваная крыху раней. Да канца 2007 года, на мой погляд, саспела гатоўнасць да таго, каб дзеля эканамічных мэтаў трошкі пацясніць ідэалагічныя. І тады пачаў выкарыстоўвацца тэзіс, што нам трэба зрабіць нашу сістэму вышэйшай школы прывабнай для іншаземцаў. Хай нават проста бачнасць стварыць. А лепш за ўсё стварыць экспартны варыянт нароўні з унутраным варыянтам вышэйшай адукацыі.

Святлана Мацкевіч: Мы можам сказаць, што пры ўступленні ў ЕПВА беларуская ўлада спрабуе вырашаць эканамічную задачу, а не ставіць мэтай трансфармацыю, абнаўленне сістэмы вышэйшай адукацыі.

Уладзімір Дунаеў: Сама па сабе такая эканамічная мэта нічога дрэннага не ўтрымлівае. Дрэнна тое, што мы ўпускаем шанец істотна рэфармаваць вышэйшую адукацыю, не дзеля іншых, а дзеля саміх сябе. Нам неабходна як мага хутчэй прымусіць адукацыю працаваць на павышэнне якасці чалавечага капіталу. Пакуль узровень ВУП на душу насельніцтва паказвае, што ў гэтым плане справа ў нас ідзе вельмі дрэнна.

Але ва ўладаў ёсць і палітычныя мэты далучэння да ЕПВА. Некаторыя эксперты паказваюць, што сітуацыя з уступленнем у Балонскі працэс можа чымсьці нагадваць выпадак выкарыстання легальных еўрапейскіх працэдураў для апраўдання рэпрэсіяў супраць Алеся Бяляцкага. Можна скарыстацца працэдурай уступлення ў ЕПВА для таго, каб апраўдаць аўтарытарны рэжым і рэпрэсіі ў сістэме вышэйшай адукацыі супраць іншадумцаў і ўдзельнікаў мірных пратэстаў. Цяпер за гэтыя рэпрэсіі 5 рэктараў у спісе асобаў, каму забаронены ўезд у краіны ЕЗ. Калі Беларусь прымуць у ЕПВА без усялякіх умоваў, то потым можна сказаць: якія могуць быць прэтэнзіі. Мы не горшыя за іншых.

Уладзімір Дунаеў: Мы падышлі да пытання аб стратэгіях уваходжання Беларусі ў Балонскі працэс. Амаль усім зразумела, што нешта неабходна рабіць для таго, каб Беларусь увайшла ў ЕПВА. Але ёсць разыходжанні ў разуменні эфектыўнасці розных стратэгіяў. Ёсць людзі ў Беларусі, якія лічаць, што Беларусь мусіць ісці нейкім самабытным шляхам. На Захадзе ёсць праціўнікі допуску Беларусі ў Балонскі працэс — пакуль захоўваецца існуючы рэжым. Мы пакінем у баку гэтыя падыходы, паколькі гэта стратэгіі ізаляцыі, а не ўступлення ў ЕПВА. Давайце пагаворым пра тое, якія ёсць стратэгіі далучэння да Балонскага працэсу. Якія іх плюсы і мінусы.

Яўген Прэйгерман: Цалкам згаджаючыся з тым, што Беларусь не гатовая да ўступлення ў Балонскі працэс з пункту гледжання і акадэмічных свабодаў, самакіравання і з пункту гледжання тэхнічных рэчаў, я лічу, што трэба Беларусь прымаць на бліжэйшым саміце міністраў адукацыі сарака сямі краінаў — членаў ЕПВА ў красавіку гэтага года. Беларусь пры цяперашняй палітычнай сістэме ніколі не будзе адпавядаць стандартам Балонскага працэсу. Рэальных акадэмічных свабодаў і рэальнага грамадскага ўдзелу ў кіраванні вышэйшай адукацыяй у нас ніколі не будзе. І фактычна, калі мы гэта разумеем, то мы альбо Беларусь ізалюем, альбо прымаем такой, якой яна ёсць зараз. Гэта будзе стратэгія ўцягвання. І трэба, каб студэнты сутыкаліся з еўрапейскай культурай, уключаліся ў еўрапейскія адукацыйныя праграмы. Пры ўступленні ў Балонскі працэс беларускія студэнты будуць мець больш такіх магчымасцяў.

Уладзімір Дунаеў: Спадзяюся, што прыхільнікі такой стратэгіі ўлічваюць рызыку таго, што безумоўнае ўступленне Беларусі ў Балонскі працэс будзе інтэрпрэтавацца як заахвочванне адміністрацыйнага самавольства і рэпрэсіяў у нашай сістэме вышэйшай адукацыі. Але давайце прааналізуем тое, што Вы лічыце плюсам такога сцэнару.

Юлія Лакіна: Вас варта разумець так, што далучэнне Беларусі да ЕПВА без усялякіх умоваў і перспектываў рэфармавання апраўданае пашырэннем магчымасцяў студэнцкай мабільнасці. Аднак калі мы далучаемся да Балонскага працэсу, гэта яшчэ не значыць, што студэнты будуць мець больш магчымасцяў ездзіць у еўрапейскія ўніверсітэты. Для гэтага павінна быць пагадненне аб уключаным навучанні, калі існуюць праграмы абмену паміж рознымі ўніверсітэтамі. Павінны быць пагадненні паміж універсітэтамі аб супрацоўніцтве, і толькі пасля гэтага магчымыя абмены студэнтамі або выкладчыкамі. Гэта даволі працяглая працэдура. Але яна можа пачацца незалежна ад таго, ці ўступіла краіна ў Балонскі працэс ці не. Такая праграма можа быць ініцыяваная самімі ўніверсітэтамі.

Уладзімір Дунаеў: І трэба заўважыць, што істотнага росту фінансавання такіх праграмаў з уступленнем у Балонскі працэс чакаць не варта. Асноўная праграма падтрымкі студэнцкіх абменаў у ЕЗ — «Эразмус» — з нашым далучэннем да ЕПВА не стане больш даступнай. Так што надзея на прыкметнае пашырэнне студэнцкай мабільнасці не можа быць аргументам, прапанаванай стратэгіяй. Але і іншы аргумент на карысць безумоўнага прыёму Беларусі ў Балонскі працэс — адсутнасць перспектывы рэфармавання беларускай сістэмы адукацыі пры існуючым рэжыме — не падаецца пераканаўчым. Магчыма, рэформы не асабліва верагодныя, але нельга іх выключыць наогул. Акрамя таго, нават у рамках аўтарытарных рэжымаў магчымыя акадэмічныя свабоды і ўніверсітэцкая аўтаномія.

Юлія Лакіна: Другая стратэгія — гэта ўступленне Беларусі ў ЕПВА ў выніку пакрокавага выканання ўмоваў. Напрыклад, ёсць такая перашкода для далучэння да Балонскага працэсу, як наяўнасць забароны на ўезд рэктараў у краіны Еўразвяза з-за пераследу студэнтаў — удзельнікаў мірных пратэстаў. Для таго, каб зняць гэтую праблему, мы прапануем Беларусі прадэманстраваць гатоўнасць адмовіцца ад выключэння студэнтаў, пераследу іншадумцаў. Праз некаторы час, калі пацвердзіцца, што такіх выпадкаў больш няма, можна будзе выключыць рэктараў з «чорных спісаў» ЕЗ. Гэта дазволіць прыбраць адну з перашкодаў на шляху ў ЕПВА.

Яўген Прэйгерман: А калі па выніках маніторынгу яны вытрымалі гэты іспыт?

Юлія Лакіна: Гэта было б вельмі добрым вынікам, які дазволіў бы пераходзіць да іншых умоваў. Важна толькі, каб гэтыя ўмовы былі дакладна сфармуляваныя ў выглядзе дарожнай мапы. І калі нашая вышэйшая школа прадэманструе намер прытрымлівацца гэтай дарожнай мапы, то няма патрэбы чакаць, пакуль усе ўмовы будуць выкананыя. Далейшае рэфармаванне можа адбывацца ўжо пасля прыёму Беларусі ў ЕПВА.

Святлана Мацкевіч: У выніку ўмоўнага сцэнару павінна адбыцца вырошчванне новага нацыянальнага суб'екта ўнутры краіны. Гэта павінен быць палітычны суб'ект, суб'ект у адукацыйнай палітыцы, які зможа ўплываць на рамачныя ўстаноўкі, на каштоўнасныя ўстаноўкі ў сістэме адукацыі, і задаваць палітыку ў сістэме адукацыі.

Яўген Прэйгерман: Такі падыход патрабуе наяўнасці двух важных рэчаў. Першае, вельмі жорсткая пуга і, другое, вельмі прывабны пернік. Я не бачу, дзе тут пуга. Ну, не пусцілі нас у Балонскі працэс. Ну, не, дык не. Дзеля крэдыту МВФ мы ідзем на пэўныя саступкі, а тут які пернік?

Уладзімір Дунаеў: Мы, думаю, маглі б растлумачыць, чаму рэфармаванне сістэмы вышэйшай адукацыі ў інтарэсах усяго грамадства. І што без павышэння якасці чалавечага капіталу мы не зможам выбрацца з ямы сістэмнага крызісу. У гэтым сэнсе эканамічны эфект рэформы вышэйшай школы можа перасягнуць любыя крэдыты МВФ.

Іншая справа, што прыхільнікам сталінскіх шарашак цяжка зразумець, чаму лідарства ў сусветных рэйтынгах універсітэтаў неаддзельнае ад інстытуцыянальнай аўтаноміі і акадэмічнай свабоды.

Паводле belinstitute.eu, пераклад arche.by


 

Каментаваць