Банкруцтва курсу

Лета, сонца, адпачынкі, улады абяцаюць запаветныя 500 долараў заробку. А ў краіне рэгулярна ўспыхваюць канфлікты на прадпрыемствах. Здавалася б, жыццё наладжваецца, леташні пік крызісу пайшоў на спад, дык чаму рабочыя бунтуюць?
 

Вось толькі апошнія выпадкі пратэстаў на буйных прамысловых прадпрыемствах. Каля 200 супрацоўнікаў цэха «Аміяк–3» на ААТ «Гродна Азот» не падпісалі афіцыйнае папярэджанне аб зменах ва ўмовах працы і настаялі на выкліку незалежнай камісіі для атэстацыі працоўных месцаў. Каля 900 чалавек атрымалі папярэджанне з аддзела кадраў — за адмову падпісаць дакумент іх могуць звольніць.

У выпадку адмены старых правілаў работнікі пазбаўляюцца дадатковага 7-дзённага адпачынку за работу са шкоднымі і небяспечнымі ўмовамі працы і даплаты ў памеры 852,74 рублёў за гадзіну працы. Таксама людзей папярэдзілі аб пазбаўленні даплаты за характар і спецыфіку працы ў памеры 1035,47 рублёў за гадзіну працы.

Кіраўніцтва завода «Гродна Азот» афіцыйна паведаміла, што тэрміны дзеяння атэстацыі працоўных месцаў часова падоўжаныя. Пра сітуацыю на прадпрыемстве быў праінфармаваны нават віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка.

«Як аказалася, папярэднія вынікі цяперашняй атэстацыі, якая праводзіцца на падставе прынятых у апошнія гады нарматыўных дакументаў, істотна адрозніваюцца ад вынікаў папярэдняй, і ў выпадку іх зацвярджэння шматлікія працаўнікі прадпрыемства, выконваючы тую ж працу і ў тых жа ўмовах, пазбавіліся б устаноўленых раней правоў і льгот, — афіцыйна паведамляе прэс-служба завода. — Уладзімір Ільіч (Сямашка — рэд.) аказаў садзейнічанне ў вырашэнні ўзніклай праблемы: 14 ліпеня 2012 было прынятае рашэнне, згодна з якім тэрмін дзеяння вынікаў атэстацыі рабочых месцаў ААТ «Гродна Азот» у адпаведнасці з методыкай 2000 падоўжаны на перыяд да прыняцця канчатковага рашэння па новай ацэнцы ўмоў працы. Адначасова Міністэрству працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь даручана разгледзець прапановы кіраўніцтва і прафсаюзнага камітэта ААТ «Гродна Азот» па ўнясенні змяненняў у Інструкцыю па ацэнцы ўмоў працы пры атэстацыі рабочых месцаў».

Разгарэўся канфлікт з працадаўцам і на «Пінскдрэве» — больш за сотню рабочых вырашылі сысці з афіцыйнага прафсаюза. Падставы — нізкі заробак. «Настолькі цяжкая зараз эканамічная сітуацыя ў рабочых, калі зарплаты ў параўнанні з той працай, якую людзі робяць, такія мізэрныя. Літаральна сёння людзі атрымалі разліковыя лісты, паглядзелі на іх — і ва ўсіх папросту апусціліся рукі. Таму што тыя сумы, якія нам выплачваюць, — здзеклівыя. Бо людзям трэба карміць сваю сям’ю, карміцца самім, выплачваць крэдыты, і ўжо гэта фактычна не толькі немагчыма, але гэта ўганяе людзей у нейкія абавязацельствы, таму што з’яўляюцца даўгі і г.д.», — цытуе Радыё «Рацыя» аднаго з рабочых «Пінскдрэва». Цяпер на прадпрыемстве створаная Рабочая рада (узначаліў яе Дзмітрый Кудранок), якая будзе весці перамовы з адміністрацыяй.

Пратэст з прычыны незадаволенасці заробкамі на пачатку ліпеня разгарэўся і на Бабруйскім заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў — дзве брыгады цэха зборкі трактароў выступілі супраць зніжэння зарплаты, зладзілі «італьянскую» забастоўку. Старшыня мясцовай суполкі Незалежнага беларускага прафсаюза Міхаіл Кавалькоў паведамляў, што людзі праявілі цікаўнасць да неафіцыйнай прафсуполкі, пісалі заявы на ўступленне. «Гэтыя падзеі адбываліся без прамога ўплыву з цэнтральнага офісу прафсаюза. Суполка ў Бабруйску дзейнічае многа гадоў», — адзначае старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Бухвостаў.

Магчыма, гаварыць пра ўстойлівую тэндэнцыю рабочых бунтаў пакуль зарана, але сітуацыя для стабільнай Беларусі з сацыяльнымі білбордамі, што дэманструюць выявы шчаслівых рабочых, нестандартная. Тым больш цікавыя гэтыя працэсы на тле выроўнівання эканамічнай сітуацыі. Відаць, людзі прыйшлі ў сябе пасля леташняга эканамічнага шоку і зразумелі, што, якія б абяцанні ні раздаваў кіраўнік дзяржавы, заробкі за ростам коштаў на тавары і паслугі ніяк не паспяваюць. А звычка да пэўнага ўзроўню жыцця ўжо ёсць.

Добра асэнсоўваючы сітуацыю, Аляксандр Лукашэнка нездарма націскае на заробак у эквіваленце 500 долараў. «Сустракаючыся ўчора з Надзеяй Ермаковай, я запатрабаваў, каб мы ўсё зрабілі для развіцця эканомікі. Нацыянальны банк павінен тут працаваць разам з урадам. На валютным рынку быццам сітуацыя нядрэнная, нягледзячы на сезоннасць. Але трэба бачыць эканоміку. Усе грошы ад эканомікі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка падчас рабочай сустрэчы з прэм’ер-міністрам Міхаілам Мясніковічам. — Хацеў бы пачуць, што з заработнай платай. Трэба людзей усё ж такі падцягнуць да 500 долараў, а далей яны, маючы ўжо нейкую падушку бяспекі — усё ж такі гэта нармальны заробак, — будуць самі зарабляць грошы, і нам можна дыстанцыявацца ад таго, каб зверху нагнятаць сітуацыю з заробкам. Але сярэдняя зарплата ў 500 долараў — гэта самы мінімум, які павінен быць у нашай краіне».

Катэгарычна супраць штучнага падвышэння заробкаў выступаюць эканамісты — неабгрунтаваная эмісія грашовай масы справакуе чарговы прыступ праблем у эканоміцы краіны.

«У мінулым годзе летам, калі па краіне ладзіліся акцыі маўклівага пратэсту, рабочыя не падтрымалі іх. Эксперты тады казалі, што восенню людзі пачнуць выступаць. Але гэта не спраўдзілася. Цяперашнія пратэсты я не лічу выпадковасцю. Пратэсты ўспыхваюць у розных рэгіёнах, тычацца абсалютна розных прадпрыемстваў. Гэта вынік банкруцтва эканамічнага курсу, што засведчыў мінулы год, — разважае Аляксандр Бухвостаў. — Калі летась яшчэ атрымлівалася стрымліваць рост цэн, людзі мелі валютныя запасы, то цяпер заробкі не паспяваюць за ростам цэн. Самаадчуванне шараговага беларуса як мінімум не палепшылася, а ў многіх рэгіёнах істотна пагоршылася. Я б яшчэ дадаў, што сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў краіне ніколі не вернецца да стану, які быў перад прэзідэнцкімі выбарамі. І гэта будзе вызначаць ход падзей у краіне».

Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Бухвостаў зазначае, што на многіх прадпрыемствах фіксуюцца «абсалютна зневажальныя, хамскія адносіны кіраўніцтва да рабочых». На думку прафлідара, «гэта таксама індыкатар таго, што адбываецца ў краіне». Бухвостаў гаворыць, што пратэсты працоўных не варта звязваць з пэўнай узроставай катэгорыяй: «І моладзь, і сталыя людзі ўсведамляюць, што сітуацыя ў тупіку, таму ідуць на такія вось меры».
 

Каментаваць