Баранавіцкі прадпрымальнік зноў арганізаваў дабрачынны абед

Баранавіцкі прадпрымальнік і грамадскі актывіст Мікалай Чарнавус 11 кастрычніка ізноў арганізаваў на мясцовым кааператыўным рынку (вуліца Чарнышэўскага, 11) дабрачынны абед. Ён частаваў мінакоў і прадпрымальнікаў гарачай пярлоўкай з мясам і грыбамі.



Мікалай Чарнавус частуе мінакоў гарачай пярлоўкай з мясам і грыбамі на баранавіцкім кааператыўным рынку


Мікалай Чарнавус ужо не першы раз ладзіць такія акцыі ля свайго працоўнага месца на Баранавіцкім рынку. Раней такім чынам ён, канешне, падтрымліваў перш за ўсё, незабяспечаных людзей, альбо людзей без сталага месца жыхарства. «Але зараз увесь рынак ужо чакае, усе не толькі прадпрымальнікі, але і сталыя наведвальнікі, калі там Чарнавус баршчу прыгатуе альбо пярловай кашы з грыбамі», — кажа прадпрымальнік, які раней быў прафесіянальным поварам, і прайшоў шлях ад повара да кіраўніка сталоўкі.

Рынак ён абраў для раздачы абедаў, як самае зручнае месца. «Пайсці на цэнтральную плошчу горада, і раздаваць абеды перад гарвыканкамам? Неяк нязручна. А вось на рынку ўжо збіраюцца свае людзі, «мясцовая інтэлігенцыя», — жартуе Чарнавус.

Варта зазначыць, што з дабрачыннымі абедамі ў Мікалая Чарнавуса амаль кожны раз выходзяць «непаняткі» з мясцовымі ўладамі. У 2009 годзе на Чарнавуса «наехаў» галоўны лекар Баранавіцкага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Сяргей Плескацэвіч. Нібыта, Чарнавус сваімі абедамі парушае санітарна-эпідэміялагічныя нормы. У адказ Чарнавус заявіў, што ён — прафесіянал, і парушае гэтыя нормы не больш, чым тыя, хто на рынку гандлюе булачкамі і фаст-фудам. Тым не менш, папярэджанне прадпрымальніку было вынесенае, адначасова з прапановай праводзіць такія абеды ў прызначаным для таго месцы. Напрыклад, у сталовых.

Калі Чарнавус паразмаўляў з адміністрацыямі сталовак, у яго вочы на лоб палезлі. За кошт адной «сталоўскай» порцыі ён сам мог бы накарміць з дзясятак чалавек! Таму абеды прадоўжыліся.

За папярэдні дабрачынны абед у 2012 годзе ля свайго працоўнага месца на Цэнтральным кааператыўным рынку на Мікалая Чарнавуса быў складзены адміністрацыйны пратакол па артыкуле 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях — «арганізацыя і правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства». 19 лістапада 2012 года суддзя суда горада Баранавічы і Баранавіцкага раёна Аксана Сарахман пакарала грамадскага актывіста адміністрацыйным штрафам у памеры 3 мільёны рублёў.

Цяперашняя дабрачынная акцыя таксама прайшла на фоне праблемаў. 30 верасня з 10.00 да 11.00 у старым парку на вуліцы Камсамольскай, які мясцовая ўлада вызначыла для масавых мерапрыемстваў, Чарнавус правёў адзіночны пікет супраць карупцыі. Мікалай Чарнавус не падаваў заяўку на акцыю, бо лічыць гэта бессэнсоўным — яе б, па ягоным меркаванні, усё роўна забаранілі б. Падчас акцыі Чарнавус разгарнуў плакат: «Уральскіх жулікаў ловяць, а свае абадралі народ і на Канарах адпачываюць».

Падставай для пікетавання стала тое, што два гады таму прадпрымальнікаў Баранавіцкага кааператыўнага рынку, дзе працуе Чарнавус, не без падтрымкі мясцовых уладаў абавязалі ўсталяваць ралеты. З прадпрымальнікаў узялі грошы, пры гэтым фірма, якая павінна была выканаць працу, да гэтага часу нічога не зрабіла. Чарнавус спрабаваў вырашыць гэтую праблему, звяртаючыся ў дзяржструктуры, але беспаспяхова.

10 кастрычніка супрацоўнікі гарадской міліцыі правялі ператрус у доме Чарнавуса. Міліцыянты шукалі рэчавыя доказы арганізацыі і правядзення пікета.

Тым не менш, Чарнавус на наступны ж дзень вырашыў пачаставаць сугараджан абедам. Бо, калі прадпрымальніка прызнаюць вінаватым у парушэнні заканадаўства, невядома, колькі часу грамадзяне яшчэ не пачастуюцца ягонымі прысмакамі.

Каментаваць