Бараніць Курапаты праз суд

Так вырашылі прадстаўнікі грамадскасці. У сваёй скарзе, накіраванай 17 сакавіка ў суд Цэнтральнага раёна Мінска, яны просяць абавязаць Генеральную пракуратуру прадпрыняць дзеянні для выпраўлення парушэнняў заканадаўства аб ахове Курапатаў з боку СТАА «БелРэстІнвест», а таксама для вынасу 4 дамкоў аб’екту прыдарожнага сервісу з першапачатковай назваю «Бульбаш-хол» з тэрыторыі ахоўнай зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці.



Пра гэта 17 сакавіка ў Мінску на прэсавай канферэнцыі паведамілі заяўнікі скаргі. Сярод іх — старшыня ГА «Хрысціянская злучнасць «Курапаты» 84-гадовы Вацлаў Нямковіч, старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч, грамадскія дзеячы і навукоўцы Вацлаў Арэшка і Вінцук Вячорка, а таксама грамадскі актывіст Алесь Макаў, які восенню 2008 года затрымаў у Курапатах вандалаў, за што пазней страціў працу.

Нагадаем, што ўвосень 2012 года грамадскасці стала вядома аб парушэнні заканадаўства ў дачыненні да Курапатаў. Гэтае парушэнне выявілася ў тым, што падчас будаўніцтва аб’екту прыдарожнага сервісу на 51-м кіламетры МКАД заказчык работ «БелРэстІнвест» узвёў у заходняй частцы ахоўнай зоны Курапатаў 4 дамкі.

У сувязі з гэтым парушэннем грамадскасць неаднаразова вусна і пісьмова звярталіся ў розныя органы выканаўчай улады, а таксама ў Генеральную пракуратуру з просьбай прыняць неабходныя неадкладныя меры ў межах кампетэнцыі адпаведных дзяржаўных структураў.

Па пытаннях, узнятых у зваротах, Генеральная пракуратура 27 лістапада 2012 года накіравала Мінскаму аблвыканкаму адпаведнае прадстаўленне № 0703-05д-18745 «Аб ліквідацыі парушэнняў заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай каштоўнасці, прычын і ўмоваў, якія ім спрыяюць».

Гэтае прадстаўленне было разгледжана на нарадзе ў камітэце па архітэктуры і будаўніцтве Мінаблвыканкама 27 снежня 2012 года з удзелам прадстаўнікоў Генпракуратуры, Міністэрства культуры і іншых зацікаўленых. На нарадзе было прынята аднагалоснае рашэнне аб неабходнасці вынасу «БелРэстІнвестам» 4 дамкоў аб’екту прыдарожнага сервісу з тэрыторыі ахоўнай зоны Курапатаў. Аднак па сённяшні дзень гэтае рашэнне так і не выканана.

Вось чаму заяўнікі ў пісьмовым звароце ад 11 лютага 2014 года ў Генпракуратуру прапанавалі ёй забяспечыць выкананне патрабаванняў яе ж прадстаўлення. Але паколькі Генпракуратура ў сваім пісьмовым адказе ад 25 лютага 2014 года не вырашыла па сутнасці пытанні, узнятыя ў звароце, у межах сваёй кампетэнцыі, а перанакіравала ў Міністэрства культуры ліст грамадзян, яны вырашылі абскардзіць у судзе захады нагляднага органу краіны.

Як распавёў Вацлаў Арэшка, акрамя таго, што забудоўшчыкі парушылі недатыкальнасць ахоўнай зоны Курапатаў з іх заходняга боку, такія ж пагрозы існуюць з іншых бакоў народнага мемарыялу. Паводле ягоных слоў, гаворка ідзе пра тое, што ў паўночнай частцы ахоўнай зоны Курапатаў забудоўшчыкі катэджнага пасёлку «Сонечны» ўжо ўзвялі інжынерныя збудаванні, запраектавана ўзвядзенне новых дамоў, аўтастаянкі і крамы; у ахоўнай зоне народнага мемарыялу з усходу ад яго запланавана будаўніцтва вялізарнага Міжнароднага выставачнага цэнтру. Вось чаму вырашана бараніць ахоўныя зоны Курапатаў праз суд, сказаў Вацлаў Арэшка.

Вінцук Вячорка зазначыў, што да ідэалагічна абгрунтаваных учынкаў улады адносна Курапатаў дадаліся матывы эканамічныя. Ён падкрэсліў, што гаворка ідзе пра «вельмі смачныя зямельныя кавалкі», якія знаходзяцца каля самой МКАД. Вячорка звярнуў увагу на незаконнасць распрацоўкі горадабудаўнічых праектаў дэталёвай планіроўкі (ПДП) тэрыторыі вакол нерухомых матэрыяльных гісторыка-культуртных каштоўнасцяў без зацверджаных праектаў зонаў аховы адпаведных помнікаў. Але паколькі ахоўная зона Курапатаў устаноўлена паводле часовай схемы, а не канчатковага праекту зонаў аховы нацыянальнага некропалю, лёс акаляючай яго тэрыторыі знаходзіцца ў падвешаным стане, бо спачатку рыхтуецца адпаведны ПДП, а потым пад яго падганяецца мяжа ахоўнай зоны, пра што сведчыць рашэнне Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Мінкультуры ад 27 лістапада 2013 года, сказаў Вінцук Вячорка. Ён звярнуў увагу на тое, што паколькі паўночная і ўсходняя межы ахоўнай зоны Курапатаў на гэтым пасяджэнні рады не былі ўхваленыя, яны засталіся ў падвешаным стане, бо будуць карэктавацца з адпаведнымі ПДП. Вячорка выказаў спадзяванне, што грамадства спыніць наступ на месца згубы ахвяраў сталінскіх рэпрэсій з поўначы і ўсходу ад Курапатаў.

Вацлаў Нямковіч падкрэсліў, што дзяржава ніколі не пакідала Курапаты ў спакоі. Пра гэта сведчыць пасляваеннае высяканне лесу ва ўрочышчы, эксгумацыя парэшткаў бязвінных ахвяраў падчас будаўніцтва праз народны мемарыял газаправоду і МКАД, яе пашырэння, а таксама ўзвядзенне ў ахоўнай зоне помніка гісторыі так званага «Бульбаш-холу». Так што нацыянальны некропаль трэба абараняць не толькі ад вандалаў, але і ад чыноўніцтва, сказаў Вацлаў Нямковіч.

На прэсавай канферэнцыі гаварылася і пра тое, што змяншэнне ахоўнай зоны Курапатаў перакрэслівае мажлівасць выкарыстання акаляючай урочышча тэрыторыі для праектаў мемарыялізацыі — ушанавання памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930–1940-х гадоў.

Каментаваць