БАЖ патрабуе знайсці і пакараць вінаватых у нападзе на Сяргея Чалага

Беларуская асацыяцыя журналістаў заклікае Генеральнага пракурора, старшыню Следчага камітэта і кіраўніка МУС узяць расследаванне справы пад асабісты кантроль.



У сувязі з гвалтоўным нападам на Сяргея Чалага Беларуская асацыяцыя журналістаў прыняла заяву. Калегі не выключаюць, што збіццё звязана з журналісцкай дзейнасцю Сяргея Чалага. Гэты факт дадае расследаванню злачынства яшчэ большую важнасць.

«У адпаведнасці з падыходам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, сфармуляваным офісам Вярхоўнага камісара па правах чалавека, “для гарантавання абароны журналістаў і іншых прадстаўнікоў СМІ неабходна прымаць самыя актыўныя меры па барацьбе з беспакаранасцю за гвалт і напады. Дзяржавы павінны забяспечваць правядзенне эфектыўнага, аператыўнага, пільнага, незалежнага і непрадузятага расследавання ўсіх выпадкаў пагроз і нападаў. Да таго часу, пакуль фактычныя і патэнцыйныя правапарушальнікі не будуць ведаць, што любая пагроза ці напад на прадстаўніка прэсы пацягне за сабой прававыя наступствы, забеспячэнне абароны журналістаў будзе заставацца сур'ёзнай праблемай”», — адзначаецца ў заяве.

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” звяртаецца да Генеральнага пракурора Беларусі, старшыні Следчага камітэта і Міністра ўнутраных спраў і патрабуе:

Узяць пад асабісты кантроль справу аб нападзе на Сяргея Чалага з мэтай правядзення эфектыўнага, аператыўнага, неперадузятага расследавання.

Знайсці вінаватых у нападзе і прыцягнуць іх да прадугледжанай законам адказнасці".

Незалежны эканамічны аналітык, аўтар праграмы “Эканоміка на пальцах” партала TUT.BY Сяргей Чалы быў збіты  невядомымі ў ноч на 19 траўня. Напад адбыўся ў самым цэнтры Мінска, дзе размешчаны шматлікія камеры відэаназірання, працуюць патрулі органаў унутраных спраў.

Пасля збіцця Сяргей Чалы апынуўся ў лякарні з разбітым тварам, зламаным носам і чэрапна-мазгавой траўмай. Па прагнозах лекараў, на ўзнаўленне яму спатрэбіцца месяц.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць