16 верасня Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) споўнілася 20 гадоў. Урачыстая імпрэза з нагоды юбілея арганізацыі прайшла ў Мінску.



На пачатку імпрэзы амаль сотня сябраў БАЖ з усіх рэгіёнаў Беларусі хвілінаю жалобнага маўчання ўшанавалі памяць галоўнага рэдактара “Новага Часу” Аляксея Караля, які быў сябрам арганізацыі шмат гадоў.

Лагічна, што галоўнай асобай на вечарыне была Жанна Літвіна — яна ачольвала БАЖ амаль 20 гадоў. Многія журналісты, што прыйшлі ці прыехалі на імпрэзу, неслі кветкі “нашай мамачцы”, казалі ёй кампліменты, і, паверце, гэта было вельмі шчыра, хоць Жанна Мікалаеўна ўжо склала паўнамоцтвы старшыні структуры на апошнім з’ездзе.

Не абышлося і без прысутнасці замежных дыпламатаў. Так, на імпрэзе быў новы амбасадар Германіі ў Беларусі Петэр Дэтмар, прадстаўнікі іншых дыпламатычных ведамстваў заходніх краінаў.

Сотні фотаздымкаў, размешчаных паабапал залі, дзе адбывалася імпрэза, распавядалі пра гісторыю БАЖ, пра лёс журналістаў, якія з’яўляюцца сябрамі арганізацыі. Вядоўца імпрэзы бард і артыст Віктар Шалкевіч вельмі файна вёў урачыстасць. Былі і жарты, і моманты, калі немагчыма было стрымаць слёз. Напрыклад, калі Віктар уручыў кветкі Вользе Завадскай — матулі зніклага без вестак (не хочацца казаць “забітага”) нашага калегі, аператра расійскага тэлеканалу ОРТ Змітра Завадскага (апошні раз яго бачылі 7 ліпеня 2000 года).


Калі на экране з’явіліся здымкі Аляксея Караля, Шалкевіч проста маўчаў. А зала зноў устала. І таксама маўчала. Так журналісты ўшанавалі памяць нашага Галоўнага рэдактара. Шчыра ўшанавалі, і пасля асноўнай часткі імпрэзы, у кулуарах, многія ўзгадвалі добрым словам нашага Аляксея Сцяпанавіча.

Моўчкі глядзелі прысутныя і відэа Леаніда Міндліна з удзелам забітай 20 кастрычніка 2004 года Веранікі Чаркасавай, якая на гэтых здымках размаўляе пра сэнс жыцця са сваім бацькам, таксама вядомым беларускім журналістам Анатолем Чаркасавым, які, будучы без рук і без ног, ствараў гісторыю айчыннай журналістыкі. Вечная памяць.

Вядоўца і арганізатары прайшліся па ўсіх этапах існавання БАЖ і па прычынах, чаму ўзнікла гэтая арганізацыя. На вялікі жаль, прычыны гэтыя не пазітыўныя. Гэта — ціск на незалежную прэсу, закрыццё недзяржаўных выданняў, затрыманне, збіццё і гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў СМІ, што мы пастаянна назіраем апошнія 20 год.

Кіраўнік Беларускага дома правоў чалавека (Вільня) Таццяна Равяка пазычыла незалежным журналістам таго, каб роля БАЖ як праваабарончай арганізацыі як мага хутчэй скончылася, а сама арганізацыя магла зймацца прафесійнымі пытаннямі. “Відаць, гэта пакуль што немагчыма, хоць і вельмі хацелася б”, — сказала ў адказ Жанна Літвіна. 

Але галоўнае — пераемнасць, як мне падаецца. Гэта і прадэманстравалі былы і цяперашні кіраўнікі БАЖ. Жанна Літвіна з падачы Віктара Шалкевіча перадала сымвалічны звон новаму старшыні арганізацыі Андрэю Бастунцу.

Ёсць адчуванне, што БАЖ мацнее і будзе жыць.

Каментаваць