БХД будзе ствараць «кааліцыю адказных»

Аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» пакуль не бачыць сэнсу ў абмеркаванні кандыдатуры адзінага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года. Пра гэта на прэс-канферэнцыі 16 снежня заявіў сустаршыня аргкамітэту па стварэнні БХД Віталь Рымашэўскі.



«Шмат зараз узнікае заяў і прапаноў у сувязі з будучымі прэзідэнцкімі выбарамі 2015 года. Для нас, я яшчэ раз паўтару, стратэгія БХД адна: давайце разам, супольна рабіць кампаніі па абароне беларусаў. Калі хоць адна супольная кампанія будзе праведзеная паспяхова, то можна казаць, што будзе еднасць. Еднасць магчымая толькі на глебе супольных дзеянняў і супольных каштоўнасцяў, супольнай праграме дзеянняў», — лічыць Рымашэўскі.

Паводле яго слоў, вельмі важна, каб дэмакратычныя сілы з 2013 года не пачалі «падман насельніцтва, кажучы, што ў Беларусі нібыта ёсць выбары».

«Няма сэнсу размаўляць пра адзінага кандыдата, і не казаць пра тое, якія ўмовы мы ставім для правядзення выбараў. Першая ўмова: прызнаем мы права Аляксандра Лукашэнкі балатавацца на наступных выбарах? Тыя, хто прызнае — нам з імі не па дарозе, адназначна. З гэтага трэба пачынаць. А потым ужо казаць пра тое, якім чынам мы будзем пачынаць кампанію, якая ў нас ёсць праграма дзеянняў, што мы будзем гаварыць. Ці будуць гэта гвалтоўныя дзеянні, непрымальныя для нас, ці гэта будуць негвалтоўныя дзеянні. З тымі, хто збіраецца паднімаць тут узброенае паўстанне, сеяць варожасць сярод беларускага народа, БХД не па шляху", — заявіў Рымашэўскі.

Па ягоных словах, БХД пачынае двухбаковыя кансультацыі з палітычнымі партыямі і рухамі з мэтай выпрацоўкі сумесных дзеянняў і абмеркавання супольных планаў, і пошуку тых пунктаў, у чым БХД і іншыя арганізацыі могуць дзейнічаць разам. У першую чаргу, заявіў Рымашэўскі, перамовы БХД пачне «з тымі, хто можа трымаць сваё слова, з кім мы прайшлі кампанію байкоту 2012 года». Гэта, у першую чаргу, Аб'яднаная грамадзянская партыя, перамовы з якой адбудуцца ўжо ў пятніцу, 18 студзеня, незалежныя прафсаюзы і грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь». «Гэтыя палітычныя рухі блізкія нам па поглядах і па бачанню сітуацыі ў Беларусі», — кажа Рымашэўскі.

Каментаваць