Беларусь хоча перайсці на бязвыплатнае донарства крыві

14 чэрвеня адзначаецца Сусветны дзень донара крыві. Пакуль бязвыплатнае донарства крыві ў Беларусі складае 15–20%.


 

Да 2020 года Беларусь плануе перайсці на бязвыплатнае донарства крыві. Пра гэта паведаміла вядучы навуковы супрацоўнік ДУ "Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій" Эсфір Свірноўская, перадае БЕЛТА.

 

"Сусветная арганізацыя аховы здароўя звяртаецца да ўсіх краін — чальцоў СААЗ з заклікам укараніць 100-працэнтнае бязвыплатнае донарства", — сказала Эсфір Свірноўская.

 

Цяпер у Беларусі ўдзельная вага бязвыплатнага донарства вагаецца ў рэгіёнах краіны ў межах 15—20 працэнтаў. За 2015 год у параўнанні з 2014-м колькасць бязвыплатных данацый павялічылася ў рэспубліцы амаль на траціну.

 

"У свядомасці донараў з'явілася разуменне таго, што трэба быць альтруістам і трэба дарыць кроў. Гэта той шлях, які прывядзе нас да 100-працэнтнага бязвыплатнага донарства", — падкрэсліла вядучы навуковы супрацоўнік.

 

Яна таксама адзначыла, што менавіта добраахвотная бязвыплатная здача крыві асацыіруецца са значна больш нізкімі паказчыкамі інфіцыравання. І звярнула ўвагу, што найвышэйшы ўзровень трансфузіялагічнай дапамогі ўкаранёны ў тых краінах, дзе кожная доза крыві здаецца донарамі бясплатна.

 

"Калі мы будзем развіваць бязвыплатнае донарства, кровадачы без дадатковай аплаты, то, бясспрэчна, за кошт гэтых асігнаванняў павысім бяспеку, якасць донарскай крыві", — упэўнена Эсфір Свірноўская. 


Каментаваць