Беларусь — Еўропа. Пытанні і адказы

Пакуль не вызначана дата дыялога паміж афіцыйным Мінскам і Еўрасаюзам па пытаннях выканання правоў чалавека ў Беларусі. Няма пэўнасці і па праблеме цаны візы для беларусаў. Але ёсць яснасць па некаторых канкрэтных праектах беларуска-еўрапейскага супрацоўніцтва. Пра гэта на прэс-канферэнцыі распавёў кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскай Камісіі ў Беларусі Жазэ Мануэль Пінту Тэйшэйр.

Пакуль не вызначана дата дыялога паміж афіцыйным Мінскам і Еўрасаюзам па пытаннях выканання правоў чалавека ў Беларусі. Няма пэўнасці і па праблеме цаны візы для беларусаў. Але ёсць яснасць па некаторых канкрэтных праектах беларуска-еўрапейскага супрацоўніцтва. Пра гэта на прэс-канферэнцыі распавёў кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскай Камісіі ў Беларусі Жазэ Мануэль Пінту Тэйшэйр.

Сустрэча з журналістамі пасла Еўракамісіі ў Беларусі была прысвечана Дню Еўропы, які на кантыненце адзначаецца 9 мая. У гэты дзень пяць гадоў таму Еўрасаюз пашырыўся адразу на дванаццаць дзяржаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Гэта, па словах дыпламатаў, стала магчымым толькі дзякуючы сур’ёзным палітычным, эканамічным і сацыяльным рэформам у гэтых краінах.

Жазэ Мануэль Пінту Тэйшэйр адзначыў, што пасля прыняцця ў Празе 7 мая праграмы Еўрасаюза «Усходняе партнёрства», у якую ўвайшлі шэсць рэспублік былога СССР, у тым ліку і Беларусь, Еўрасаюз разглядае афіцыйны Мінск у якасці свайго новага партнёра.

Аднак са словаў дыпламата стала зразумела, што ў працэсе супрацоўніцтва паміж ЕС і Беларуссю застаюцца шмат пытанняў, хаця некаторыя з іх ужо знаходзяцца на стадыі абмеркавання. Напрыклад, дагэтуль не распачаўся дыялог паміж Беларуссю і Аб’яднанай Еўропай па пытаннях выканання правоў чалавека ў нашай краіне.

Яшчэ адным важным пытаннем, што цікавіла журналістаў, было магчымае прызнанне афіцыйным Мінскам незалежнасці мяцежных грузінскіх тэрыторый — Абхазіі і Паўднёвай Асеціі і верагодны ўплыў такога рашэння на еўраінтэграцыю Беларусі.

«Вы дакладна ведаеце пазіцыю Еўрасаюза: ён не прызнае і не збіраецца прызнаваць незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Але гэта пытанне не з’яўляецца часткай дыялога паміж Беларуссю і Еўрасаюзам і не абумоўлівае гэты працэс, які, да таго ж, не з’яўляецца еўраінтэграцыяй. Прызнаваць або не прызнаваць гэтыя ўтварэнні — мусіць быць рашэннем беларускага кіраўніцтва і беларускага народа, але мы разглядаем як станоўчы той факт, што Беларусь пакуль не прызнала іх незалежнасць», — заявіў спадар Тэйшэйр.

Кіраўнік прадстаўніцтва Еўракамісіі не змог канкрэтна адказаць на пытанне, ці будзе і калі зменшана цана візы ў краіны ЕС для грамадзян Беларусі. Па словах дыпламата, гэта даволі складанае пытанне, якое вымагае часу і высілкаў, але выказаў спадзяванне, што праблема будзе вырашана, прычым у не самай аддаленай перспектыве.

Што да канкрэтных праектаў, то Жазэ Мануэль Пінту Тэйшэйр паведаміў, што ЕС выдаткуе Беларусі 8,5 мільёна еўра на стварэнне спецыяльнай лабараторыі, якая мусіць кантраляваць якасць прадуктаў харчавання, бо ёсць перспектывы павелічэння паставак беларускай харчовай прадукцыі ў краіны Еўрасаюза.

Каментаваць