Беларусь, Мінск, 3 ліпеня

З 1991 года Дзень Незалежнасці адзначаўся ў Беларусі 27 ліпеня, у дзень прыняцця Дэкларацыі аб суверэнітэце краіны. І ў гэтым была гістарычная логіка.



З 1991 года Дзень Незалежнасці адзначаўся ў Беларусі 27 ліпеня, у дзень прыняцця Дэкларацыі аб суверэнітэце краіны. І ў гэтым была гістарычная логіка.

Амаль праз два стагоддзі пасля расійскага імперскага, а затым савецкага панавання, Беларусь аднавіла паўнавартасную дзяржаўнасць, не насунутую знешнімі сіламі. Дзень жа 3 ліпеня быў прапанаваны як свята незалежнасці па выніках рэферэндуму 1996 года, які дагэтуль разглядаецца гісторыкамі як пачатак дзяржаўнага перавароту, што зламаў у нашай краіне сістэму падзелу ўлады. Масавая падтрымка пераносу свята на 3 ліпеня, за які па афіцыйных звестках выказаліся 88,18 працэнта выбарцаў, выглядае дзіўнавата. Так, дзень 3 ліпеня і ў савецкія часы адзначаўся, але без помпы, і як дзень вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх войскаў. І не быў нават выходным. Між тым, фактычнае выгнанне немцаў з Беларусі скончылася 27 ліпеня ў Беластоку і 28 ліпеня ў Брэсце.

Выдатны пісьменнік Валянцін Тарас, чые маладыя гады пачаліся ў партызанскім атрадзе, у інтэрв’ю Радыё “Свабода ў 2003 годзе недарма зазначыў: “Перамога ў той вайне мела прынцыповае значэнне для будучыні нашай Бацькаўшчыны, хоць яна была здабыта пад чырвонымі сцягамі. Таму што ў гісторыі далёкі прыцэл. Калі б тады не ўдалося гэтага звера — германскі фашызм — знішчыць, дык я не ведаю, ці маглі б мы сёння жыць у нейкай Беларусі і марыць пра тую Беларусь, якую мы хочам, якой мы прагнем, за якую мы змагаемся.

Калі сёлета Беларусь святкуе 65-годдзе сваёй незалежнасці, паўстае пытанне: а якая ж была тая вайна, што пракацілася па Беларусі, — Вялікая Айчынная ці другая сусветная? Змаганне за незалежнасць ці чарговы страшны і трагічны раскол? І ў чым сутнасць незалежнасці? Для беларусаў вайна была, напэўна, другой сусветнай, бо пачалася 1 верасня 1939 года. Пачалася з нападу Германіі на Польшчу на яе далёкай заходняй мяжы. У польскай арміі служылі дзесяткі тысяч жыхароў Заходняй Беларусі, на той час грамадзян міжваеннай Польшчы. Вайна працягнулася 17 верасня паходам Чырвонай арміі на захад, ударам у спіну краіны, якая змагалася з фашыстамі. Высылкай тысяч і тысяч у Сібір і Казахстан, і часовым выратаваннем праз службу ў польскай Арміі Андэрса ў Палесціне і вайне на другім фронце ў Італіі са штурмам Монтэ-Касіна. А для тысяч — хуткім расстрэлам у Катыні.

Для акупаваных жыхароў Беларусі вайна зрабілася часам вусцішнага змагання за выжыванне. Перачакаць або паспрабаваць палегчыць свой лёс праз здраду і прыстасаванне. Да 50 тысяч асобаў пайшлі служыць у паліцэйскія фармаванні. І каля 15 тысяч адышлі разам з немцамі летам 1944 года. І здраднікі, і падманутыя. У партызанах — 60 тысяч у 1943 годзе і 375 тысяч у 1944-м — ратуюцца ад невыносных умоваў апошніх месяцаў вайны на зямлі Беларусі. Пры гэтым партызанка розная — і савецкая, і польская, і ўкраінская, і нацыянальная беларуская, і габрэйская. Змаганне за выжыванне, часам змаганне аднаго з адным.

1944 год прынёс вызваленне ад фашызму, але ці прынёс незалежнасць? Бо застаецца пытанне, чаму амаль 75 тысяч беларусаў не пажадалі вяртацца назад з лагераў у Германіі? Кіравала імі не толькі нячыстае сумленне, але і веданне таго, што нясе радзіме аднаўленне ў ёй савецкага парадку. Таму да шматмільённых ахвяр вайны, да “кожнага чацвёртага з беларусаў, дададзім жахлівы і чарговы грамадзянскі раскол.

Каб зразумець, чым была перамога над фашызмам на беларускай зямлі — вызваленнем ці здабыццём нацыянальнай свабоды, прыгадаем напісанае ў лютым 1990 года на заранку аднаўлення беларускай дзяржаўнасці эсэ-маніфест Уладзіміра Арлова “Незалежнасць — гэта. З кароткай фінальнай фармулёўкай: “Незалежнасць — гэта калі ад нараджэння да скону пачуваешся сваім чалавекам на сваёй зямлі. Яго варта перачытаць, каб зразумець, што і дагэтуль не ўсе натуральныя прыкметы незалежнасці зрабіліся ў Беларусі явай.

Так, мы не служым у войску за межамі сваёй зямлі за чужыя інтарэсы, мы нарэшце называем дзяцей беларускімі імёнамі (ці часта?), мы шануем памяць продкаў на Дзяды. Паступова, але няпроста аднаўляецца царква. Але спіс зусім не поўны. Бо “незалежнасць — гэта калі ты пойдзеш у школу, і цябе будуць вучыць на тваёй мове… (беларускай, польскай, расійскай — для кожнага сваёй). І шмат што іншае. Ці перасталі піянерскія дружыны змагацца за чужыя імёны? Ці паважае свой народ — розны ў індывідуальных асобах і лёсах — яго ўлада? Ці дзеці ў школе нарэшце вывучаюць сваю гісторыю, а не варыянт яе бачання старэйшым братам? І ці беларусаў нарэшце не страшыць перспектыва жыць без гэтага старшага брата?

На знакамітым палатне Валянціна Волкава “Мінск. 3 ліпеня 1944 г. жыхары зруйнаванага нямецкімі і савецкімі бамбардзіроўкамі горада радасна вітаюць савецкія войскі. І радасць людзей, пэўна, сапраўдная: нарэшце скончылася вайна. А для мастака Валянціна Волкава, як і для многіх іншых мастакоў, якія засталіся ў акупацыі, — Цiхановiч, Даўгяла, Дучыц, Шыбнёў, і не толькі мастакоў — заканчвалася змушаная, дзеля выжывання, праца “пад немцамі і пачыналася праца з новай уладай. Але разуменне трагедыі народа, які ў часы другой сусветнай вайны апынуўся паміж молатам і кавадлам, прыходзіць да яго нашчадкаў спакваля, і толькі ў апошні час. Той самы Валянцін Волкаў, даўно нябожчык, аўтар знакавай карціны пра 3 ліпеня, дачакаўся ўшанавання мемарыяльнай дошкай на доме, дзе жыў у Мінску. Як знак прымірэння. Пачуванне свайго чалавека на сваёй зямлі вяртаецца вельмі марудна. Да Незалежнасці нам яшчэ ісці. А пакуль павіншуем адзін аднаго са святам вызвалення Мінска!

Каментаваць