Беларусь паміж Расіяй і Захадам

Напачатку тыдня ўсе насіліся з пасяджэннем Еўрасаюза і пытаннем падаўжэння санкцый для беларускіх чыноўнікаў. Хаця і так усё было вядома. Як і прадказвалася, 17 лістапада Еўрасаюз прадоўжыў частковае прыпыненне санкцый у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў і дзеянне санкцый да кастрычніка 2010 года. Разам з тым ЕС прапаноўвае Еўракамісіі пачаць падрыхтоўку да падпісання пагадненняў пра спрашчэнне візавага рэжыму і рэадмісіі.

Але значна больш цікавыя падзеі праходзілі ў Беларусі.



Напачатку тыдня ўсе насіліся з пасяджэннем Еўрасаюза і пытаннем падаўжэння санкцый для беларускіх чыноўнікаў. Хаця і так усё было вядома. Як і прадказвалася, 17 лістапада Еўрасаюз прадоўжыў частковае прыпыненне санкцый у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў і дзеянне санкцый да кастрычніка 2010 года. Разам з тым ЕС прапаноўвае Еўракамісіі пачаць падрыхтоўку да падпісання пагадненняў пра спрашчэнне візавага рэжыму і рэадмісіі.

Але значна больш цікавыя падзеі праходзілі ў Беларусі.

На вуліцы беларускіх незалежных журналістаў перакуліўся такі грузавік з цукеркамі. Яны не могуць паўнавартасна асвятляць дзейнасць уласнага прэзідэнта — іх проста не ўключаюць у “прэзідэнцкі пул і выдаюць мінімальную інфармацыю. А тут раптам прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў запрасіў да сябе журналістаў незалежных СМІ. Плануецца, што сустрэча прэзідэнта Расіі з беларускімі журналістамі адбудзецца 23 лістапада ў Крамлі.

У ліку ўдзельнікаў будуць газеты “Наша Ніва і “Народная воля, агенцтва БелаПАН, “Новы час, які дагэтуль выкінуты з сістэмы распаўсюду “Белпошты, партал tut.by, які паводле беларускага заканадаўства сродкам масавай інфармацыі пакуль што не з’яўляецца. Запрошаныя ў сталіцу Расіі і найбольшыя дзяржаўныя выданні і тэлеканалы, у тым ліку беларускамоўная “Звязда, якую таксама не дапускаюць у пул прэзідэнта Беларусі.

Большасць рэдактараў спачатку паставіліся да гэтага як да жарту. Але потым узгадалі, што на дварэ не 1 красавіка. Асабліва тады, калі атрымалі афіцыйныя запрашэнні.

Бачна, Мядзведзеў вырашыў узяць прыклад з Аляксандра Рыгоравіча. Той кожны год запрашае ў Беларусь дэлегацыю расійскіх журналістаў, возіць іх па рэгіёнах, прадпрыемствах, а затым дае маштабную прэс-канферэнцыю, падчас якой часцяком “палошча кіраўніцтва Расіі. Цікава, ці “прапалошча такім жа чынам Мядзведзеў самога Лукашэнку?

Дарэчы, калі на візіты расійскіх журналістаў у Беларусь трацяцца сродкі дзяржбюджэту Беларусі, то нашы паедуць у Маскву за свой кошт. Так што можна спадзявацца: “паказухі там не будзе.

А Лукашэнка, даведаўшыся пра гэта, пэўна, пакрыўдзіўся і даў зразумець Мядзведзеву, што ён гатовы павярнуцца да яго іншым бокам. У той жа дзень, калі Еўропа падоўжыла санкцыі, адначасова прыпыніўшы іх, Лукашэнка правеў нараду з прычыны мытнага саюза. “У нас на сённяшні дзень няма ніякай яснасці аб адмене экспартных пошлін на нафту, якія прымяняе Расія, ні па адзіным цэнаўтварэнні на прыродны газ і іншыя энергарэсурсы на тэрыторыі мытнага саюза. Довады аб тым, што гэтыя пытанні будуць урэгуляваны ў рамках Адзінай эканамічнай прасторы, непераканаўчыя, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

“Ці зможам мы кампенсаваць упушчаныя выгады ад супрацоўніцтва з трэцімі краінамі, удзельнічаючы ў мытным саюзе, які сфарміраваны пераважна на ўмовах расійскага боку? — звярнуўся да прысутных Лукашэнка. — Бо нельга забываць, што ў цяперашніх умовах удзел Беларусі ў мытным саюзе набывае глыбокі геапалітычны сэнс. Пры ўдзеле ў мытным саюзе Беларусь губляе частку свайго эканамічнага суверэнітэту ў пытаннях гандлёвых адносін з трэцімі краінамі і ў нейкай меры ставіць пад пагрозу некаторых айчынных таваравытворцаў. Лукашэнку таксама цікавіць, ці атрымае Беларусь пры гэтым магчымасць выйсці на якасна новы, больш высокі ўзровень доступу і прысутнасці на рынках Расіі і Казахстана.

Лукашэнка падкрэсліў: “Ніякіх запэўненняў, абяцанняў і клятваў не прымаецца. Вырашаць павінны цяпер, мы павінны прыняць канкрэтныя рашэнні.

Справа ў тым, што пасяджэнне Міждзяржаўнага савета ЕўрАзЭС прызначана на 27 лістапада ў Мінску. Па выніках саміта планавалася падпісанне дакументаў, якія пакладуць пачатак функцыянаванню мытнага саюза Беларусі, Казахстана і Расіі.

У выніку, дакументы могуць быць і не падпісаныя. Дый само пасяджэнне Міждзяржаўнага савета ЕўрАзЭС можа не прайсці.

Здзівіў таксама старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леанід Козік, выступаючы ў Бруселі. Ён прапанаваў разгледзець пытанне пра зніжэнне кошту віз Еўрасаюза для беларусаў і іншых грамадзян краін — удзельніц “Усходняга партнёрства, а потым перайсці да вырашэння пытання пра іх адмену. Гэту прапанову актыўна падтрымалі прадстаўнікі Украіны, Грузіі, Малдовы.

Дарэчы, пакуль Козік заяўляе, моладзь дзейнічае. 18 лістапада грамадскае аб’яднанне “Рух будучыні распачало кампанію за адмену віз краінамі Еўрасаюза для грамадзян Беларусі. Як лічыць старшыня “Руху будучыні Вячаслаў Дзіянаў, цана шэнгенскай візы ў 60 еўра для многіх беларусаў папросту “непад’ёмная. Паводле яго меркавання, Беларусь з’яўляецца геаграфічным цэнтрам Еўропы, а свабоды перамяшчэння ў грамадзян краіны не было і няма. “Таму мы лічым прыярытэтным пытанне адмены візавага рэжыму з краінамі ЕС, першым крокам да якой павінна стаць адмена платы за атрыманне візы, — сказаў Дзіянаў.

Па ягоным меркаванні, адмена віз Еўрасаюза для беларусаў будзе садзейнічаць дэмакратызацыі краіны больш, чым усе праграмы ЕС разам узятыя. “Еўропа жадае бачыць Беларусь дэмакратычнай. У сувязі з гэтым выдзяляюцца вялікія грошы на розныя семінары, трэнінгі, канферэнцыі і яшчэ невядома на што. Аднак беларусы папросту не ведаюць, што такое Еўропа, як яна працуе, што такое еўрапейская дэмакратыя. Проста таму, што звычайны грамадзянін не можа заплаціць 60 еўра за еўрапейскую візу і на свае вочы пабачыць Еўропу, — сказаў Дзіянаў.

Паводле яго меркавання, адмена віз ЕС для беларусаў прывядзе да значнай дэмакратызацыі краіны. “Беларусы ўбачаць Еўропу сваімі вачамі. І, вярнуўшыся адтуль, задумаюцца: “Чаму мы не жывём так, як у Еўропе? Што можна зрабіць для таго, каб жыць гэтак жа? Акрамя таго, непазбежна ўзнікнуць кантакты паміж людзьмі, паміж бізнесам і студэнтамі ў першую чаргу. А гэта самыя актыўныя слаі насельніцтва, схільныя да дэмакратычных змен, — лічыць Дзіянаў.

Цікава, прынясуць нейкі плён супольныя дзеянні праўладных і незалежных аб’яднанняў?

Каментаваць