Беларусы будуць удзельнічаць у ваенных аперацыях

Палата прадстаўнікоў Беларусі ратыфікавала пагадненне аб Калектыўных сілах аператыўнага рэагавання Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы (КСАР АДКБ).

Палата прадстаўнікоў Беларусі ратыфікавала пагадненне аб Калектыўных сілах аператыўнага рэагавання Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы (КСАР АДКБ).

Беларусь вылучыць у склад КСАР каля дзвюх тысяч чалавек. Сёлета з 25 па 28 кастрычніка на тэрыторыі Расіі пройдуць і вучэнні Калектыўных сілаў аператыўнага рэагавання Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы. Месцам іх правядзення стане Чэбаркульскі палігон у Чэлябінскай вобласці, паведамляе БелТА са спасылкай на прэс-службу штаба Прыволжска-Уральскай ваеннай акругі. Пратакол аб правядзенні сумесных аператыўна-тактычных вучэнняў падпісалі прадстаўнікі Беларусі, Расіі, Казахстана, Кыргызстана, Арменіі і Таджыкістана, а таксама аб’яднанага штаба АДКБ. Заяўленая тэма вучэнняў — «Антытэрарыстычная тэхніка».

Раней Аляксандр Лукашэнка выкарыстоўваў мерапрыемствы АДКБ для дэманстрацыі сваёй нязгоды з пазіцыяй Расіі. Так, летась кіраўнік Беларусі адмовіўся ад удзелу ў саміце АДКБ з прычыны «малочных войнаў». Каб ратыфікаваць падпісаную дамову аб КСАР, беларускаму кіраўніцтву спатрэбілася паўгода.

Блакаваннем працы АДКБ (хаця Лукашэнка заяўляў, што Беларусь гэтым ні ў якім разе не займаецца) афіцыйны Мінск спрабаваў уздзейнічаць на знешнюю палітыку Расіі ў адносінах да Беларусі, выменьваючы ваенны саюз на датацыйную лаяльнасць. На згоду ратыфікаваць дамову аб КСАР мог паўплываць і нядаўні дзяржаўны пераварот у Кыргызстане. Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што АДКБ мусіць увесці ў Кыргызстан войскі, каб нармалізаваць сітуацыю ў краіне.

Таксама беларускі лідэр ставіў пад сумнеў перспектывы АДКБ. «Калі АДКБ не змагла своечасова адрэагаваць і паўплываць на сітуацыю — значыць, такая арганізацыя. Калі і далей так у АДКБ будуць развівацца падзеі, то, запэўніваю вас, што перспектыў гэтая арганізацыя не мае, — падкрэсліў Лукашэнка. — Што гэта за арганізацыя, калі ў адной з нашых краін льецца кроў, адбываецца дзяржаўны пераварот і… цішыня». Верагодна, пытанне пра ўвядзенне войскаў КСАР можа быць узнятае зноў на чэрвеньскім саміце АДКБ. Дамагаючыся падтрымкі зрынутаму сілавым шляхам кіргізскаму кіраўніцтву, Лукашэнка тым самым спрабуе забяспечыць уласную бяспеку на будучыню, у выпадку, калі аналагічны сцэнар Расія паспрабуе рэалізаваць у Беларусі.

Дамову аб КСАР АДКБ Беларусь падпісала 15 кастрычніка 2009 года, каб аб’яднаць высілкі дзяржаў — сябраў АДКБ у супрацьстаянні ўзброенаму нападу, у тым ліку агрэсіі, іншым выклікам і пагрозам. З краін АДКБ падпісаць дамову аб КСАР адмовіўся Узбекістан. У АДКБ уваходзяць Беларусь, Расія, Арменія, Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан і Узбекістан.
 

Каментаваць