Беларусы наведалі Катынь

23 жніўня ўжо ў другі раз у Еўропе адзначаўся Міжнародны дзень памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Дэлегацыя прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасці і журналісты наведалі мемарыяльны комплекс “Катынь, дзе ўвесну 1940 года НКУС расстраляў больш за 4 тысячы афіцэраў польскай арміі, сярод якіх было багата і ўраджэнцаў Беларусі.

(На здымку: Дэлегацыя беларускай дэмакратычнай грамадскасці)



23 жніўня ўжо ў другі раз у Еўропе адзначаўся Міжнародны дзень памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Дэлегацыя прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасці і журналісты наведалі мемарыяльны комплекс “Катынь, дзе ўвесну 1940 года НКУС расстраляў больш за 4 тысячы афіцэраў польскай арміі, сярод якіх было багата і ўраджэнцаў Беларусі.

(На здымку: Дэлегацыя беларускай дэмакратычнай грамадскасці)


Арганізатарам вандроўкі ў Катынь стала секцыя “Мемарыял Беларускага рэспубліканскага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Яшчэ ў аўтобусе кандыдат гістарычных навук Ігар Кузняцоў, які з’яўляецца адным з самых дасведчаных экспертаў у пытанні сталінскіх рэпрэсіяў, падрабязна распавёў пра гісторыю Катыні, пра дакументальныя сведчанні, якія выкрываюць злачынства савецкага рэжыму пачатку 1940-х гадоў.

Тыя, хто наведваў Катынь яшчэ летась, гэтым разам убачылі шмат новага. Па-першае, ля цэнтральнага ўваходу ў мемарыял амаль завяршаецца будаўніцтва вялікага праваслаўнага храму, хоць у мінулым годзе яшчэ і слядоў гэтай будоўлі не назіралася. Як паведаміў “НЧ адзін з супрацоўнікаў мемарыяла, будаўніцтва святыні пачалося толькі ў красавіку, але вядзецца зайздроснымі тэмпамі.

Па-другое, Катынь у цяперашнім выглядзе — яшчэ не завершаны мемарыял. Зараз рыхтуюцца другая і трэцяя частка комплексу пад назвай “Даліна смерці. Удзельнікам беларускай дэлегацыі пашчасціла напаткаць намесніцу дырэктара мемарыяла Галіну Андрэенкаву, якая не проста распавяла пра сэнс і задачы гэтага пантэона, але і пра перспектывы музея-могілак пад адкрытым небам.

Ужо зараз па-за агароджанай тэрыторыяй Катыні пастаўлены папярэдні помнік на месцы знішчэння тысяч савецкіх грамадзян (паводле папярэдніх экспертыз, бальшавікі масава забівалі там людзей яшчэ з 1920-х гадоў). Гэта частка Катыньскага лесу, дарэчы, вельмі нагадвае нашы Курапаты — такія ж магільныя ўпадзіны на месцах пахаванняў закатаваных мірных грамадзян, дзе-нідзе драўляныя крыжы, кветкі і вянкі, знічкі на брацкіх магілах. Але, у адрозненні ад Курапатаў, у Катыні вядзецца праца і ствараецца сапраўдны мемарыял памяці ахвяраў чырвонага тэрору.

У Катыні беларусы ўсклалі кветкі і запалілі свечкі на польскай частцы мемарыяла, дзе знайшлі апошні супакой тысячы афіцэраў польскага войска. Важна адзначыць, што цяпер вядома імя кожнага забітага, прычым не толькі імя, але таксама дата і месца нараджэння. Мы з калегамі ўчытваліся ў знаёмыя тапонімы — Гродна, Мінск Літоўскі, Краснаполле, Чачэрск, Ліда, Брэст Літоўскі, Клецк і многія іншыя гарады і мястэчкі нашай краіны. Там прагучаў памінальны набат пад каталіцкім крыжам пакуты. Потым тое ж самае было зроблена на так званай “савецкай частцы мемарыяла, над якой узвышаецца вялікі праваслаўны крыж.

Па завяршэнні наведвання Катыні дэлегацыя скіравалася да месца катастрофы самалёта польскага прэзідэнта Леха Качыньскага. Прызнацца шчыра, убачанае ўразіла. І нават не маштабам катастрофы, якая шакавала ўвесь цывілізаваны свет. Але тым стаўленнем з боку шараговых месцічаў. Яшчэ захаваліся каляровыя стужкі, якімі было абцягнута месца падзення лайнера, яшчэ добра бачны нібы лязом зрэзаныя крылом самалёта верхавіны дрэваў, яшчэ стаяць каля прылеглай да лесу аўтатрасы вянкі на памяць аб загінулых у той катастрофе. І тут жа тоны бруду — пляшкі з-пад гарэлкі, бляшанкі з-пад піва, безліч пластыкавых бутэлек, цыгарэтных пачакаў ды іншага смецця. І гэта на месцы, дзе загінула столькі людзей і дзе яшчэ прысутнічаюць іхныя душы! Дзіўнае стаўленне да чужога гора, хаця такое гора чужым не бывае…

У наступным годзе вандроўка ў Катынь зноў абавязкова адбудзецца. Гэта вельмі важна для ўспамінаў, для незабыўнасці, для параўнання, як усё ж захоўваецца памяць ахвяраў сталінскіх злачынстваў у суседняй краіне ў адрозненні ад нашай, дзе на месцы знішчэння мірных грамадзян у Малым Трасцянцы — найбуйнейшая сметніца Беларусі. А ў народным мемарыяле Курапаты пануюць не павага і належнае стаўленне з боку чыноўнікаў да народнай памяці, але вандалы з фашысцкай свастыкай на лацканах.


Намесніца дырэктара мемарыяльнага комплексу Галіна Андрэенка распавядае беларусам пра Катынскую трагедыю

Вянкі на памяць аб загінулай польскай дэлегацыі на чале з прэзідэнтам Лехам Качыньскім (лес, дзе разбіўся самалёт)

Месца пахавання афіцэраў польскай арміі


Савецкая частка мемарыялу. Тут ляжаць тысячы мірных савецкіх грамадзян, знішчаных НКУС у 20-40-я гады мінулага стагоддзя

Сталыпінскі вагон для транспарціроўкі зняволеных

Каментаваць