Беларускія закладнікі

Цягам 2011–2013 гадоў, паводле плана, зацверджанага Саветам міністраў, мусяць быць прыватызаваныя 244 аб’екты гаспадаркі. У асноўным гэта прадпрыемствы транспарту, лёгкай прамысловасці, будаўнічай сферы. Сёлета ж з’явіліся першыя спробы пошуку крэдытаў пад заклад актываў буйных прадпрыемстваў. Падобная практыка мела месца ў Расіі ў 1990-я гады, калі грошы браліся пад заклад кампаній, што ў выніку і засталіся ў прыватных руках па сходных коштах.

Цягам 2011–2013 гадоў, паводле плана, зацверджанага Саветам міністраў, мусяць быць прыватызаваныя 244 аб’екты гаспадаркі. У асноўным гэта прадпрыемствы транспарту, лёгкай прамысловасці, будаўнічай сферы. Сёлета ж з’явіліся першыя спробы пошуку крэдытаў пад заклад актываў буйных прадпрыемстваў. Падобная практыка мела месца ў Расіі ў 1990-я гады, калі грошы браліся пад заклад кампаній, што ў выніку і засталіся ў прыватных руках па сходных коштах.

У 1990-я гады ў Расіі, якая мела вострую патрэбу ў папаўнення дзяржаўнай казны, былі праведзеныя залогавыя аўкцыёны. На продаж выставілі шэраг найбуйнейшых кампаній. Аўкцыёны называліся залогавымі, бо, у адрозненне ад звычайных аўкцыёнаў, кампаніі не прадаваліся, а аддаваліся ў заклад. Аднак, выкупіць назад дзяржава іх не змагла. У выніку “Нарыльскі нікель, “Лукой, “Сібнафта, Нафтавая фінансавая кампанія, “Сургутнафтагаз ды шэраг іншых прывабных кавалкаў дзяржаўнай эканомікі, па ацэнцы экспертаў, за нізкую цану перайшлі ў прыватныя рукі. Конкурс на гэтых аўкцыёнах быў вельмі нізкі, а прадпрыемствы выстаўляліся па заніжаных коштах.

Аднак з гэтым нязгодны Павел Данейка — рэктар “Moscow Business School, былы сакратар камісіі па эканамічных рэформах у Вярхоўным Савеце Беларусі: “Я не бачу ў тых продажах нешта прыніжальнае для краіны, тады было столькі грошай і за столькі набывалі. Грошы не маюць абсалютнай вартасці, сума магла б быць большай, але пакупка ацэньваецца паводле генеруемага даходу. І здзелкі на залогавых аўкцыёнах у суадносінах да таго прыбытку былі нармальнымі. Увогуле, я ў гэтых здзелках не бачу нічога ненармальнага: краіна атрымлівае валюту, а прадпрыемства — нармальных гаспадароў.

Беларускія ўлады цяпер спрабуюць рабіць крокі ў аналагічным кірунку — шукаць крэдыты пад залог актываў прадпрыемстваў. Было абвешчана аб гатоўнасці прадаць ААТ Банк ВТБ дзяржаўную долю ў беларускім Банку ВТБ (Беларусь) пры выкананні шэрагу спадарожных умоў. Гэтае пытанне ўжо абмяркоўвалася падчас сустрэчы кіраўніка Банка ВТБ Андрэй Косціна з Аляксандрам Лукашэнкам. «Падчас сустрэчы дэлегацыі абмеркавалі магчымасць павелічэння долі ВТБ у Банку ВТБ (Беларусь) да 100% за кошт набыцця пакета акцый дзяржавы, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы расійскага банка. ААТ Банк ВТБ (Расія) цяпер валодае 71,4% пакетам акцый беларускага банка.

Адной з умоў продажу капіталу з’яўляецца крэдытаванне прадпрыемстваў нафтахімічнага комплексу РБ і фінансаванне сумесных беларуска-расійскіх інвестыцыйных праектаў. Але галоўная ўмова — выдзяленне Беларусі крэдыту на суму ў 1 мільярд долараў, паведаміла блізкая да банкаўскіх колаў РБ крыніца.

Другі свежы прыклад абмену актываў на грошы — прапанова Мінска да Ашчадбанка Расіі ўзяць кантрольны пакет нафтаперапрацоўчага прадпрыемства “Нафтан у якасці закладу па крэдыце ў 1 мільярд долараў. Першапачаткова размова ішла аб актывах “Беларуськалію, але, па словах віцэ-прэм’ера Беларусі Сяргея Румаса, аддаваць у заклад акцыі аднаго з найбольш паспяховых беларускіх прадпрыемстваў улады не захацелі. Эксперт Павел Данейка ў сваіх ацэнках гэтых новаўвядзенняў у беларускай эканоміцы стрыманы. “Я пазітыўна ўспрымаю гэтыя крокі. Мяркуеце, што лепш было б, каб гэта засталося ў дзяржуласнасці і прадпрыемствы б загнуліся? — гаворыць Данейка. — Ці пашырыцца гэтая практыка, пакуль сказаць цяжка, але мяркую, што ў выпадку выстаўлення на падобныя здзелкі прадпрыемстваў нафтахімічнага комплексу без удзелу расійскага ці казахскага капіталаў не абыдзецца.

Раней анансавалася здзелка з Ашчадным банкам РФ на 2 мільярда долараў, але іншыя ўдзельнікі гэтага крэдыту (Deutsche Bank) адмовіліся ад папярэдняй дамовы.

Вывесці агульную лінію ў гэтых пробных і пакуль не завершаных здзелках даволі складана, бо няма выніку, абкатаных тэндэнцый. Эканаміст Леанід Злотнікаў гаворыць, што яму як аналітыку пакуль што банальна нестае інфармацыі для абагульнення. Але, паводле яго слоў, “практыка расійскіх залогавых аўкцыёнаў так напалохала свет, што чакаць падобнай маштабнасці цяпер у іншых краінах не варта.

Разам з тым Леанід Злотнікаў не адмаўляе варыянту, што па буйных прадпрыемствах могуць быць прынятыя рашэнні ў рэчышчы палітычных патрэбаў. “У нас рашэнні прымае адзін чалавек, і буйныя прадпрыемствы могуць быць прапанаваны ў залог з нейкіх асабістых меркаванняў. Думаю, цяпер еўрапейскі капітал не пойдзе ў нашу краіну — не тыя ўмовы; хутчэй, тут можна чакаць кітайскія і расійскія грошы. Канешне ж, ёсць верагоднасць, што людзі каля ўлады пад рознымі шыльдамі будуць імкнуцца завалодаць прывабнымі актывамі, але — падкрэсліваю — пакуль усе развагі ёсць толькі гіпотэзамі, — гаворыць эканаміст.

Што тычыцца згаданых вышэй планаў па прыватызацыі, то сродкі ад продажу дзяржаўнай уласнасці мяркуецца зрабіць асноўнай крыніцай папаўнення золатавалютных рэзерваў Беларусі ў наступным годзе. Аб гэтым гаворыцца ў праекце “Асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі Рэспублікі Беларусь на 2012 год. Агульны аб’ём атрыманых ад прыватызацыі сродкаў плануецца на ўзроўні 2,5 мільярда долараў. Сума не надта вялікая, але ў зацверджаным і даступным для азнаямлення плане прыватызацыі прадпрыемствы дробныя і сярэднія.

Асноўныя прыбыткі ад продажу ў прыватную ўласнасць могуць прынесці аб’екты, якія належаць да “фамільнага срэбра Беларусі — нафтахімічны комплекс, “Беларуськалій, магістральныя нафтаправоды, аб’екты энергасістэмы. Але продаж, акцыянаванне, заклад гэтых прадпрыемстваў будзе адбывацца па іншых схемах, са старанным адборам патэнцыйных уладальнікаў, што могуць прапанаваць дзяржаве выгодныя кантракты, гарантыі і г. д.
 

Каментаваць