Беларускі ўран адправяць у Расію

Беларусь вывезе ў Расію ўран, які захоўваецца на тэрыторыі Аб’яднанага інстытута энергетычных і ядзерных даследаванняў «Сосны». Аплачваць праект будуць амерыканцы.



Беларусь вывезе ў Расію ўран, які захоўваецца на тэрыторыі Аб’яднанага інстытута энергетычных і ядзерных даследаванняў «Сосны». Аплачваць праект будуць амерыканцы.

Ядзернае паліва ў нашай краіне — гэта спадчына савецкіх часоў. Гэта ўран рознай ступені ўзбагачанасці, які выкарыстоўваўся навукоўцамі ў эксперыментальных мэтах: у інстытуце была створана адзіная ў свеце перасоўнай АЭС «Памір». У 1986 годзе станцыю знішчылі, а паліва для яе працы засталося. Уран назапашваўся з 1954 па 1987 гады. Паліва «Паміру» на 30 працэнтаў выгарала, але яно яшчэ актыўнае. Уран знаходзіцца ў «басейне» — вялікім баку з вадой, ёсць штат з трох чалавек, якія сочаць за бяспекай. Усяго ў нашай краіне захоўваецца некалькі дзесяткаў кілаграмаў паліва.

Цяпер уран выкарыстоўваецца ў працах на ўстаноўцы «Гіяцынт», на якой разглядаюцца цыклы распаду радыеактыўных элементаў. «Гіяцынт» — гэта міні-ядзерны рэактар, распрацоўкай якога ў «Соснах» займаліся па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі і пры садзейнічанні МАГАТЭ.

Гэтай вясной Аляксандр Лукашэнка закрануў тэму ўрану ў вайсковым кантэксце. «Я не буду хаваць: у нас застаўся высокаўзбагачаны ўран — сотні кілаграмаў фактычна ўжо зброевага і менш узбагачанага, — заявіў кіраўнік Беларусі. — Мне некаторыя гавораць: вывозьце гэты ўран. Хочаце ў Амерыку, мы вам заплацім, хочаце ў Расію. Я кажу: па-першае, чаму вы нам дыктуеце, бо гэта наш тавар. Мы яго ўтрымліваем пад кантролем МАГАТЭ».

Тады Лукашэнка запэўніў: «Мы не збіраемся рабіць брудныя бомбы і не збіраемся камусьці прадаваць. Мы ў даследчых мэтах выкарыстаем гэты ўран». Але і выказаў шкадаванне, што з краіны вывезлі ядзерную зброю. «Мяркую, што вывад з Беларусі ядзернай зброі на тых умовах, як гэта было здзейснена нашымі нацыяналістамі, быў жорсткай памылкай. Мне давялося падпісваць гэту дамову, таму што падзецца было няма куды: мяне душылі і Расія, і амерыканцы — выводзіце, бо паабяцалі. Нельга было, гэты найвялікшы набытак, гэта дарагі тавар, які мы ўрэшце павінны былі прыстойна прадаць», — агучыў сваю пазіцыю беларускі лідэр.

Навуковец Іван Нікітчанка мары Лукашэнкі аб ядзернай зброі аспрэчвае і гаворыць, што ў Беларусі мізэрная колькасць урану, і яе недастаткова для таго, каб прымяняць у вайсковых мэтах. «Уран завозіўся ў савецкія часы. Цяпер яго расход у «Соснах» вымяраецца ў грамах — толькі ў лабараторных метадах выкарыстоўваецца. Таму ніякай небяспекі няма, можаце не хвалявацца», — гаворыць навуковец.

Пытанне пра вываз з краіны ўрану было ўзнятае яшчэ 20 гадоў таму, але толькі цяпер знойдзеныя сродкі для яго транспарціроўкі і захоўвання. Гэта будзе здзейснена ў межах праграмы (яе спансуюць ЗША), паводле якой Расія забірае з краін былога СССР адпрацаванае ядзернае паліва, высокаўзбагачаны ўран.

У Беларусі плануецца пабудаваць новае рэспубліканскае сховішча для захоўвання радыеактыўных адыходаў, тым больш гэта актуальна з планамі ўзвядзення ўласнай АЭС. Навукоўцы ўжо падрыхтавалі рэкамендацыі па яго размяшчэнню. Даследаваная 30-кіламетровая зона паблізу Астравецкай пляцоўкі будучай АЭС і вызначаныя тэрыторыі, на якіх магчымае будаўніцтва новага сховішча. Пакуль названыя 3–4 патэнцыйныя пляцоўкі пад забудову. У новым сховішчы будуць размешчаны як адыходы з АЭС пасля пяцігадовага іх захоўвання на станцыі, так і тыя, што будуць здробненыя і перапрацаваныя на прадпрыемстве «Экэрэс».

Радыеактыўныя адыходы будуць змяшчацца ў адмысловыя кантэйнеры і захоўвацца ў сховішчы каля станцыі на працягу 5 гадоў. Высокаактыўныя адыходы плануецца захоўваць у сховішчы на станцыі на працягу ўсяго тэрміна эксплуатацыі АЭС, пасля вываду станцыі з эксплуатацыі гэтыя адыходы мусяць быць перазахаваныя. Вывозіць у Расію высокаактыўныя адыходы немагчыма, бо гэта забаронена расійскім заканадаўствам. Што тычыцца адпрацаванага ядзернага паліва, то для Беларусі найбольш аптымальна было б вяртаць яго пастаўшчыку паліва (калі гэта будзе Расія, то, адпаведна, вывозіць у Расію).
 

Каментаваць