Беларускі след Другой сусветнай

Афіцыйны Мінск, як і прагназавалася, не адрэагаваў на рэзалюцыю АБСЕ, якая асудзіла два таталітарныя рэжымы — гітлераўскі і сталінскі — і прапанавала зрабіць 23 жніўня, дзень падпісання пакта Молатава—Рыбентропа, Днём памяці ахвяраў сталінізму і нацызму. Чаму? Не чутна афіцыйнага розгаласу і з нагоды 70-й гадавіны з дня пачатку гістарычнай трагедыі, якой стала другая сусветная вайна. Чаму?

 



Пакт падпісвае міністр замежных спраў СССР Вячаслаў Молатаў


Здавалася б, які цудоўны шанец паказаць Захаду сваё імкненне да лібералізацыі, нічым не рызыкуючы. Зрабіць усяго толькі дэкларатыўны жэст па асуджэнню даўняга мінула, прычым з гісторыі ўжо не існуючай краіны, дзякуючы краху якой Беларусь і змагла рэалізавацца ў якасці суверэннай дзяржавы. Жэст, які не патрабаваў ніводнага рэальнага кроку дзеля палітычнай трансфармацыі рэжыму, паслаблення ў сферы правоў чалавека, свабоды СМІ, выбарчай сістэмы…

Але гэта толькі на першы погляд. Бо гэта сітуацыя якраз з тых, калі слова ёсць справа. І такое слова ўтрымлівае ў сабе небяспеку закрануць, з непрадказальным вынікам, ці не самыя асновы цяперашняй беларускай палітычнай сістэмы, што адчулі яе творцы і ўладары сваім інстынктам да самазахавання. Зыходзячы выключна са сваіх інтарэсаў.

Сувязь мінулага і сучаснага значна складаней і глыбей, чым падаецца на першы погляд. Наступствы такіх глабальных катастроф, як вайна, сягаюць праз гады і дзесяцігоддзі. Угледзімся ў тое, што выявілася, вырвалася з палону савецкіх прапагандысцкіх напластаванняў, у чым можна разабрацца сёння, з пункту погляду беларускіх інтарэсаў.

Пачатак другой сусветнай вайны мае дзве даты. 1 верасня 1939 года — напад гітлераўскай арміі на Польшчу — сусветна прызнаная дата. У яе ценю дата 17 верасня — уступленне Чырвонай арміі на тэрыторыю Заходняй Беларусі, на той час усходніх крэсаў Польшчы. У савецкай трактоўцы — вызвольны паход, вынікам якога сталася ўз’яднанне беларускіх земляў у рамках БССР. Уз’яднанне — гістарычная справядлівасць. Іншая справа, якім спосабам і праз якія новыя беды для беларускага народа. Але тое асобная тэма.

Аднак за абедзвюма датамі стаіць пакт Молатава—Рыбентропа, сакрэтны пратакол якога прадугледжваў падзел Еўропы на сферы ўплыву. Пакт — па зместу і факту развіцця наступных падзей — стаўся фактам развязвання другой сусветнай вайны. Сталінскім СССР і гітлераўскай Германіяй у якасці саюзнікаў. З той, аднак, істотнай асаблівасцю, што кожны з бакоў выношваў свой сцэнар у барацьбе за сусветнае панаванне і разглядаў пакт як тактычны ход, як інструмент падману, дзеля стварэння выгаднага плацдарму для рашучага наступу. На Усход — у планах Гітлера, на Захад — у планах Сталіна. У спрыяльных, па разліках кожнага, абставінах і зручны час. Дэмантаж умацаванняў на беларускай тэрыторыі, на былой мяжы з Польшчай, муляжы асобных з якіх зараз адноўлены пад назвай «лінія Сталіна», — усяго толькі эпізод у гэтай гульні. Прычым абсалютна памылковы.

Ідэалагічная ўпакоўка — Трэці Рэйх, Вялікая Германія ці Сусветная Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка, праз маланкавую вайну ці пераможную сусветную пралетарскую рэвалюцыю — тут без розніцы. Два таталітарныя монстры рыхтаваліся да смяротнай бойкі за аднаасобнае глабальнае ўладаранне. Людзі, народы разглядаліся імі не болей чым рэсурс у дасягненні мэты.

На пачатку гэтай канібальскай гульні Гітлер пераўзышоў Сталіна ў мастацтве падману. Але прайграў усю вайну. Вялікая параза гітлераўскай Германіі ацвярэзіла немцаў ад нацысцкага чаду і натхніла на адбудову Германіі дэмакратычнай.

Вялікая ж перамога СССР, дасягнутая вялікай крывёй народаў, што апынуліся ў новай таталітарнай імперыі, мела дваякі вынік. Народы выратавалі сябе ад рабства і знішчэння пад «жалезнай пятой» (выраз Джэка Лондана) гітлераўскага рэжыму. Але іх перамога была скрадзена сталінскім рэжымам і дала яму магчымасць працягнуць сваё існаванне яшчэ на 45 гадоў, хаця і ў больш мяккіх формах. Ціск канцэпцый і практык гэтага рэжыму аказаўся выключна моцны і ўстойлівы. Яго рэцыдывы — у формах палітычнай сістэмы, ідэалогіі і палітыкі — наглядна праяўляюцца ў Расіі, спадкаемніцы СССР.

І тым больш у Беларусі, на аскепку, фундаменце і нясучых канструкцыях якога сфарміраваўся сучасны беларускі аўтарытарны рэжым. Таму і аб пакце — маўчанне. І на рэзалюцыю АБСЕ — нулявая рэакцыя. Таму і «лінія Сталіна». Таму і вайсковыя парады. Таму і агульная інтэрпрэтацыя другой сусветнай вайны амаль што цалкам у кантэксце савецкай канцэпцыі. З выразна бачным імкненнем беларускага кіраўніцтва пераключыць на сябе пражэктары той вялікай перамогі. Кранеш канцэпцыю — захістаецца ўся канструкцыя.

І ўсё ж агульным вынікам другой сусветнай вайны трэба лічыць, хаця і аддалены па часе ад яе завяршэння, канец сталінскай мадэлі таталітарызму, канец савецкай імперыі. Гэтак жа, як і агульны рух краін былога сацлагеру, адна за адной, услед за Польшчай, а крыху пазней і былых рэспублік СССР, да дэмакратычных перамен.

Гісторыя ўзнікнення, існавання і краху таталітарных рэжымаў сведчыць, што іх смерць наступае пасля маштабнай паразы. Ці аднамомантнай — у вайне, ці расцягнутай па часе. Паразы, якая паступова нарастае, збіваецца ў ком з мноства лакальных параз — унутраных і знешніх. Паразы як непазбежнай эканамічнай і палітычнай эрозіі ўсяго таталітарнага арганізму.

Нягледзячы на лютасць рэпрэсій і ўсёабдымны кантроль за грамадствам, таталітарныя рэжымы не могуць цалкам пазбавіцца ад унутранага супраціву, ад апазіцыі. Архівы, успаміны ўдзельнікаў адкрываюць нам сёння мноства фактаў падпольнага антысавецкага супраціву пасля вайны. Інтэлектуальны ж супраціў — у адкрытых і замаскаваных формах: у мастацтве, літаратуры, навуцы, у сем’ях, у працоўных калектывах, на сходах і ў курылках, у анекдотах, урэшце, у дысідэнцтве, — няўлоўна, знутры размываў самыя асновы рэжыму, разрэджваў атмасферу татальнай хлусні.

Пасля Сталіна савецкі рэжым увайшоў у фазу паступовай дэфармацыі і распаду, каб канчаткова сканаць на лязе перабудовы. Яго рэгенерацыя — у асобных краінах, у тым ліку, на жаль, і ў Беларусі, у адносна мяккіх аўтарытарных формах — з’ява часовая. Не той маштаб, не той рэсурс, не той міжнародны клімат.

 І, галоўнае, не той народ. Што ёсць таксама адным з наступстваў вайны. Атмасфера яшчэ насычана страхам і хлуснёй, і закон што дышла, і свабоднае слова пад прэсам. Аднак прарыў адбыўся, праўда гісторыі і сучаснасці адкрываецца і адукоўвае. Посттаталітарны беларус на шляху да свабоднага чалавека.

Акрамя таго, архітэктары беларускай вертыкалі мусілі дапусціць як непазбежнасць у межы сваёй сістэмы арганізацыйна аформленую апазіцыю, што сфарміравалася на ўздыме першай хвалі дэмакратызацыі. Безумоўна, аслабленая і расцярушаная, якую, аднак, зусім зліквідаваць не ўдалося і якая непазбежна будзе прырастаць новымі сіламі. Беларускі аўтарытарны рэжым ужо перабраў свой ліміт лакальных параз, страціў баланс устойлівасці, трапіўшы, насуперак уласнай волі і неймаверным высілкам, у плынь паўзучай трансфармацыі.

Яшчэ адзін фактар паразы сталінскага рэжыму — антыгітлераўская кааліцыя. Пастаўленыя перад драматычным выбарам, з якім з двух таталітарных монстраў уступіць у хаўрус, палітыкі Англіі, Францыі і ЗША, праз трагічную памылку Мюнхенскай дамовы, здолелі прыняць правільныя і стратэгію, і тактыку. Іх дапамога сталася адным з рашаючых фактараў перамогі СССР у вайне. На іх баку аказалася і гістарычная правата.

Менавіта заходнія дэмакратычныя краіны і стварылі супрацьвагу памкненням Сталіна да ўсясветнага гаспадарання пасля пераможнага мая 1945 года. Перашкодзілі яму развязаць трэцюю сусветную вайну, спыніўшы яго агрэсію на рубяжах «халоднай вайны». Стварылі Еўрапейскі Саюз, які і стаўся прыкладам і апорай для краін былога сацыялістычнага лагера, а затым і краін былога СССР у дэмакратычных пераўтварэннях.

Не гістарычная паралель, а проста гістарычная асацыяцыя: ці не ёсць праграма «Усходняга партнёрства» нечым падобным да таго хаўрусу дзеля выключна мірнай перамогі дэмакратычных тэндэнцый развіцця ў найноўшай гісторыі Беларусі?

Каментаваць