Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Беларуская кіраўнічая культура як пракляцце для рэформ

Сайт ideaby.org разбіраецца, якія культурныя складнікі неабходныя для нашай рэфарматарскай success story.

Беларусь – краіна міні-лукашэнак, шматлікіх кіраўнікоў, якія ў паводзінах са сваймі падначаленымі капіруюць стыль кіравання Лукашэнкі. Напрыклад, кіраўнік Брэсцкай вобласці, які раскрытыкаваў дырэктара дома-музея Міцкевіча за тое, што ў яго згарэў будынак і ўсё травой зарасло. Іронія ў тым, што ніякі будынак не згарэў і травой нічога не зарасло.

За падобным стылем кіравання хаваюцца непрыкметныя для вока наступствы, якія непасрэдна ўплываюць на развіццё краіны. Савецкі, аўтарытарны і проста бескультурны стыль кіравання вядзе да непазбежных крыўдаў, непаразуменняў, адсутнасці дыялогу, страху. Болей за тое, ён аддаляе краіну ад поспеху.

Каб лягчэй зразумець праблему, можна параўнаць Беларусь з вялікім прадпрыемствам, на якім Лукашэнка з’яўляецца дырэктарам, а міністры – начальнікамі цэхаў (аддзелаў).

Уявім, што дырэктар трымае ўсіх у страху, што абмяжоўвае ініцыятыву персаналу. А іншыя начальнікі паўтараюць гэтую мадэль са сваімі падначаленымі. Дыялог на прадпрыемстве паміж рознымі звёнамі практычна адсутнічае.

І самае галоўнае, дырэктар усімі сіламі трымаецца за сваё крэсла, не грэбуючы ніякімі сродкамі. Зразумела, гэта не толькі згубна ўплывае на маральную атмасферу на прадпрыемстве, але і разбурае матывацыю працаўнікоў. Зусім ужо сумная карціна паўстае ў сітуацыі, калі дырэктар прытрымліваецца састарэлых прынцыпаў кіравання і не разумее правілаў функцыянавання сучаснага рынку для рэалізацыі часта ўжо састарэлай прадукцыі.

Наўрад ці такое прадпрыемства будзе паспяховым і канкурэнтаздольным.

Нават калі б усе яго работнікі валодалі прафесійнымі навыкамі і ведамі.

У сферы палітыкі Беларусь з’яўляецца як раз такім прадпрыемствам. Культура кіраўніцтва акурат з’яўляецца ключавым тормазам развіцця краіны.

Пяць складнікаў палітычнай культуры

Давер.

Амерыканскі палітолаг і філосаф Фрэнсіс Фукуяма ў сваёй кнізе «Давер: сацыяльныя цноты і шлях да росквіту» звязвае культурныя фактары з фінансавым дабрабытам грамадства і росквітам краіны. Давер і маральнасць з’яўляюцца найбольш важнымі фактарамі паспяховасці дзяржаў. Адсутнасць даверу негатыўна адбіваецца на функцыянаванні дзяржавы, а таксама можа прывесці да больш радыкальных наступстваў, як рэвалюцыі ці войны.

Згодна з Фукуямам, узаемны давер і ўспрыманне апанента як партнёра, а не як ворага, вядзе да спрыяльнай атмасферы як унутры краіны, так і ў любой арганізацыі. Яскравым прыкладам для яго з’яўляюцца нямецкія і японскія прадпрыемствы, якія падчас крызісаў выжывалі толькі дзякуючы ўзаемнаму даверу паміж працаўнікамі, менеджментам, а таксама банкамі.

Маральнасць.

Фукуяма сцвярджае, што ўзровень карупцыі з’яўляецца адным з паказнікаў маральнасці палітычнай сістэмы і грамадства. Маральнасць жа, у прыватнасці, азначае сумленнае і кампетэнтнае чынавенства.

Тая ж Японія, паводле палітолага, з’яўляецца добрым прыкладам. І сапраўды, у рэйтынгу Transparency International гэтая краіна знаходзіцца на досыць высокім 20-ым месцы. Беларусі жа займае 79-ае месца з 176.

Права на памылку.

Адказнасць за здзяйсненне сур’ёзных парушэнняў, безумоўна, мусіць быць. Аднак людзі (не толькі чыноўнікі), якія шчыра робяць сваю справу і трымаюцца правілаў і законаў павінны быць упэўненыя, што ў іх ёсць права на памылку. Урэшце сістэму вызначае не памылка, а рэакцыя на яе.

Дыялог.

Як унутры самой улады, так і з грамадзянамі краіны павінен быць наладжаны дыялог. Натуральна, не паказушны, як гэта рэгулярна бывае (успомнім нядаўні педсавет), а рэальны, дзе бакі будуць слухаць і чуць адно аднаго.

А для гэтага неабходна перастаць успрымаць адно аднаго ў чорна-белым вымярэнні.

Добрымі прыкладамі тут могуць быць краіны Заходняй Еўропы, у якіх працуе не толькі прынцып раўнавагі ўлады, але і добра наладжаныя каналы камунікацыі паміж дзяржаўнымі ўстановамі і грамадскасцю.

Проста больш свабоды.

Экс-дырэктарка Нацыянальнага агенцтва інвестыцыяў  і прыватызацыі (НАІП) Наталля Нікандрава адзначае, што людзям у дзяржструктурах неабходна даваць больш свабоды дзеянняў і ствараць магчымасці для асабістай і прафесійнай самарэалізацыі.

Тады чалавек будзе імкнуцца максімальна выкладвацца на працы, якая будзе выконвацца на найвышэйшым узроўні. І гэта сапраўды так. Бо калі змясціць чалавека ў пэўныя жорсткія рамкі, па яго крэатыўнасці і творчым патэнцыяле наносіцца знішчальны ўдар.

Таму міні-лукашэнкам у Беларусі трэба мяняцца. Альбо іх трэба мяняць.

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2017-09-12 14:43:43
Пра стыль і метады кіравання ў дзяржаўных установах РБ пісана-перапісана, аўтар нічога новага не адкрыў. Пацешыла хіба шкалярская спасылка на Фукуяму - а то ж да Ф. Ф. ніхто не ведаў, што давер у грамадстве і арганізацыях жыццёва неабходны!
Усё б нічога, калі б у краіне была рэальная альтэрнатыва, калі б "трэці сектар" дэманстраваў, як трэба рабіць... Між тым ладная яго частка працуе акурат паводле лукашэнкаўскіх схем і прынцыпаў. Вось няхай бы сп. Лысюк прыгледзеўся да некаторых "дэмакратаў", дый задаў бы сабе пытанне - як не памяняць шыла на мыла?
  • Yury
  • 2017-09-12 16:34:37
Шыкоўны артыкул !
Безумоўна трэба часьцей нагадваць пра тое у якую багну звалілася эканоміка сучаснай рэспублікі. Якая у 90-х мела вялікі шанец выйсьці на шлях міжнароднага супрацоўніцтва з вядучымі эканомікамі сьвету. Але калгасна-саўгасны савецкі менталітэт не абцяжараны грунтоўнай эканамічнай адукацыяй і ведамі у сфэры дзяржаўнага будаваньня зрабіў найпрасьцейшы выбар - стаць на кармленьне у маскавітаў якія прадаюць на захад якуцкі газ і Татарскую нафту.

Каментаваць