Берлінская сцяна: чаканні і вынікі

Пад ціскам гісторыі і часу змяняюцца любыя, нават самыя маналітныя, палітычныя ўтварэнні, а разам з імі і сімвалы эпох. Падзенне Берлінскай сцяны як адной з найбольш яркіх ілюстрацый «халоднай вайны» і біпалярнасці свету сёння з’яўляецца сімвалам уз’яднання Еўропы.



Пад ціскам гісторыі і часу змяняюцца любыя, нават самыя маналітныя, палітычныя ўтварэнні, а разам з імі і сімвалы эпох. Падзенне Берлінскай сцяны як адной з найбольш яркіх ілюстрацый «халоднай вайны» і біпалярнасці свету сёння з’яўляецца сімвалам уз’яднання Еўропы.

Гісторыя гэтага архітэктурна-будаўнічага элементу Берліна поўная драматычных падзей. Пасля капітуляцыі Германіі, Берлін, як і ўся краіна, быў падзелены на чатыры сектары: заходнюю частку Берліна займалі зоны, падкантрольныя ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі, усходнюю — Савецкаму Саюзу. Супрацьстаянне заходніх саюзнікаў і СССР прывяло ў 1948–1949 гадах да эканамічнай блакады Заходняга Берліна, для пераадолення якой заходнімі саюзнікамі быў арганізаваны так званы «паветраны мост» для забеспячэння горада. Гэты канфлікт інтарэсаў справакаваў утварэнне ў 1949 годзе дзвюх германскіх дзяржаў на акупаваных тэрыторыях: спачатку ФРГ у заходняй зоне, а затым і ГДР на ўсходзе. З 1949 па 1961 год з ГДР у Заходнюю Германію з-за розніцы жыццёвага ўзроўню з’ехалі амаль 2,7 мільёна чалавек.

13 жніўня 1961 года пачалося будаўніцтва мура вакол Заходняга Берліна. Ён быў узведзены за адну ноч. Раніцай берлінцы, якія хадзілі адзін да аднаго ў госці, пілі разам каву і пляткарылі пра суседзяў, зразумелі, што паміж імі паўстала сапраўдная мяжа з дбайнай аховаю. Берлінская сцяна прастаяла 28 гадоў. На працягу гэтага часу плынь жадаючых з’ехаць на Захад не змяншалася.

Звыш 100 тысяч грамадзян ГДР спрабавалі збегчы праз унутраную мяжу ці праз Берлінскую сцяну. Сотні з іх былі застрэленыя памежнікамі ГДР або загінулі падчас уцёкаў. Адны танулі, іншыя гінулі ў выніку няшчасных выпадкаў або сканчалі жыццё самагубствам у момант іх выяўлення. Па некаторых ацэнках, пры спробе пераадолець Берлінскую сцяну з 13 жніўня 1961 года па 9 лістапада 1989 года загінула 645 чалавек. Аднак па стане на 2006 год дакументальна атрымалася пацвердзіць гвалтоўную смерць у выніку спробы пераадолення сцяны толькі для 125 чалавек. Першым 24 жніўня 1961 года пры спробе ўцячы з Усходняга Берліна быў расстраляны 24-гадовы Гюнтэр Літфін. Апошняй ахвярай сцяны, ці, дакладней, рэжыму, стаў Крыс Геффрай — яго расстралялі 6 лютага 1989 года.

Уцёкі з ГДР караліся паводле крымінальнага заканадаўства пазбаўленнем волі на тэрмін да 8 гадоў. За дапамогу ў арганізацыі ўцёкаў пагражала пажыццёвае зняволенне.

У маі 1989 года пад уплывам перабудовы ў Савецкім Саюзе партнёр ГДР па Варшаўскай дамове Венгрыя знішчыла ўмацаванні на мяжы са сваім заходнім суседам Аўстрыяй. Тысячы грамадзян ГДР пацягнуліся ў іншыя ўсходнееўрапейскія краіны ў надзеі патрапіць адтуль у Заходнюю Германію. Ужо ў жніўні 1989 дыпламатычныя прадстаўніцтвы ФРГ у Берліне, Будапешце і Празе змушаныя былі спыніць прыём наведвальнікаў з-за наплыву жыхароў ГДР, якія дамагаліся ўезду ў заходнегерманскую дзяржаву. Калі 11 верасня 1989 венгерскі ўрад абвясціў пра адкрыццё межаў, Берлінская сцяна страціла свой сэнс: на працягу трох дзён ГДР пакінулі праз тэрыторыю Венгрыі 15 тысяч грамадзян. У краіне пачаліся масавыя дэманстрацыі з патрабаваннем грамадзянскіх правоў і свабодаў.

9 лістапада 1989 года прадстаўнік урада ГДР Гюнтэр Шабоўскі абвясціў новыя правілы выезду і ўезду з краіны. Паводле прынятых рашэнняў, з наступнага дня грамадзяне ГДР маглі атрымаць візы для неадкладнага наведвання Заходняга Берліна і ФРГ. Сотні тысяч усходніх немцаў, не чакаючы прызначанага тэрміна, рынуліся ўвечары 9 лістапада да мяжы. Фактычна ва ўсіх сведчаннях тыя падзеі падаюцца з флёрам эйфарыі і ўсеагульнай радасці: немцы сталі адным народам. З часам Берлінскую сцяну разбурылі, кавалкі бетону расцягнулі на сувеніры, і толькі некалькі соцень метраў расфарбаванага бетону засталіся на сваім месцы як напамін пра гісторыю.

Пазней у многіх захапленне саступіць месца расчараванню. Змены на палітычнай мапе былі не адзінай умовай для ўз’яднання нацыі.

Дэпутат Бундэстагу Штэфан Хільсберг заўважае, што «пасля эйфарыі надышоў час цвярозасці». «Было многа ілюзій, не ўсе разумелі ўзровень таго выкліку, які чакаў грамадзян пасля аб’яднання. У нас было многа працоўных месцаў у прамысловасці, праўда, яе развіццё было куды больш павольнае, чым у Заходняй Германіі, і розніца гэтая расла — тлумачыць Штэфан. — У такіх умовах спатрэбіўся б доўгі перыяд для адаптацыі эканомік. Гэта значыла б розныя рынкі, падатковыя сістэмы і г. д. Усходнія немцы чакалі імгненнага ўваходу ў заходнюю эканоміку. Гэта прывяло да таго, што Усходняя Германія, калі можна так сказаць, цалкам аддала сябе заходняму рынку. Гандлёвыя сувязі былі разбураныя, у выніку многія прадпрыемствы былі вымушаныя заявіць аб сваім банкруцтве. На працягу двух гадоў колькасць працоўных месцаў скарацілася на 10–30 працэнтаў. На гэта жыхары Усходняй Германіі не разлічвалі».

На сёння ўзровень жыцця ва Усходняй Германіі складае каля 80 працэнтаў ад заходненямецкага.

У адказ на закіды аб несамадастатковасці Усходняй Германіі Ханнелорэ Штэер, былая дырэктарка Усходненямецкага радыё «Брандэнбург» і радыё «Берлін — Брандэнбург», дзеліцца сваімі перажываннямі і назіраннямі: «Першыя пяць-сем год мне было балюча чуць: «Вы прыстасаваліся да гэтай сістэмы». Аднак я даведалася, што ёсць спосабы прыстасавання да раскошы, кар’ерных магчымасцяў у Заходняй Германіі».

Нягледзячы на падобныя ўнутраныя супярэчнасці Германія сёння — моцная еўрапейская дзяржава з грунтоўным эканамічным патэнцыялам, развітой інфраструктурай і багатым культурным жыццём. І, падаецца, прычына тут не толькі ў разумнай палітыцы ўладаў, але і ў гістарычных уроках, якія немцы для сябе засвоілі.

Сёлета ў Германіі цэлы год адбываюцца розныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да падзення Берлінскай сцяны: ад вулічных выстаў да міжнародных канферэнцый. Апагеем святкавання стане Фэст свабоды каля Брандэнбургскіх варотаў, галоўным нумарам якога будзе перформанс з абвальваннем сімвалічнай Берлінскай сцяны, складзенай з 2,5-метровых костак даміно.

Каментаваць