Беспрацоўе па-беларуску

Многія назіральнікі даўно звярнулі ўвагу на надзвычай нізкія паказчыкі зарэгістраванага беспрацоўя ў Беларусі. Нават зараз, калі эканоміка яшчэ відавочна не аправілася ад крызісу, узровень беспрацоўя апусціўся ніжэй за 1 працэнт ад колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва, а ў Мінску — амаль да нуля. Гэта настолькі супярэчыць высновам падручнікаў па эканоміцы, што патрабуе спецыяльных тлумачэнняў.



Многія назіральнікі даўно звярнулі ўвагу на надзвычай нізкія паказчыкі зарэгістраванага беспрацоўя ў Беларусі. Нават зараз, калі эканоміка яшчэ відавочна не аправілася ад крызісу, узровень беспрацоўя апусціўся ніжэй за 1 працэнт ад колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва, а ў Мінску — амаль да нуля. Гэта настолькі супярэчыць высновам падручнікаў па эканоміцы, што патрабуе спецыяльных тлумачэнняў.

Гадоў сорак таму тэлебачанне паказвала сюжэт пра няўдзячны лёс італьянскіх беспрацоўных. Там камунальная служба зладзіла спаборніцтва паміж прэтэндэнтамі заняць працоўныя месцы прыбіральшчыкаў. І вось дзея — удзельнікі са скрынямі для смецця ў руках нясуцца да велізарнага кантэйнера, каб у ліку першых высыпаць у яго свой друз. Такім вось чынам савецкая прапаганда спрабавала напячы аладак з усім вядомай сітуацыі. У іх беспрацоўе, у нас — на кожным кроку аб’явы: «Патрабуюцца, патрабуюцца, патрабуюцца…» Што праўда, прапаноў у нас было многа, але выбіраць асабліва не даводзілася — заробкі ва ўсіх былі амаль аднолькава невялікія. Таму зваротным бокам медаля, сапраўдным бізуном кадравых службаў была высокая цякучасць кадраў.

Зразумела, праблема беспрацоўя на Захадзе існавала. Але неяк у букіністычнай краме трапілася выдадзеная ў ФРГ кніжка пра беспрацоўнага, дзе гэта з’ява разглядалася хутчэй з псіхалагічнага, чым эканамічнага пункту гледжання. Коратка пра сюжэт. Гюнтэр працаваў на машынабудаўнічым прадпрыемстве звычайным токарам. Атрымліваў годны заробак і адчуваў сябе сапраўдным бацькам і мужам, паважаным грамадзянінам сваёй краіны. Але на прадпрыемстве правялі тэхналагічную рэканструкцыю, станкі памянялі на гнуткія апрацоўчыя цэнтры, таму Гюнтэра і шматлікіх яго калег звольнілі з працы. Паколькі ён меў працяглы працоўны стаж, быў сябрам прафесійнага саюза, рэгулярна плаціў унёскі ў фонд сацыяльнага страхавання, то памер дапамогі па змушанаму беспрацоўю аказаўся прыкладна такім жа, як і былы заробак.

Але як сказаць жонцы, як патлумачыць дзецям, што бацька страціў працоўнае месца? Таму Гюнтэр кожную раніцу з’язджаў з дому і вяртаўся дахаты толькі пасля заканчэння рабочага дня.

Аднак жонка здагадалася і, як і кожная разумная жанчына, зрабіла ўсё магчымае, каб супакоіць мужа. Далей, як кажуць, хэпі-энд. Хоць Гюнтэр не адразу знайшоў працу, але сям’я не галадала, і дзеці па-ранейшаму ганарыліся сваім бацькам.

Як вядома, ФРГ з’яўляецца краінай з рынкавай, сацыяльна скіраванай эканомікай. Прыярытэт тут аддаецца рынку, бо ён забяспечвае самаразвіццё гаспадаркі. Як лічыў аўтар нямецкага эканамічнага цуда Людвіг Эрхард, значна лягчэй дзяліць на ўсіх па справядлівасці, адразаючы ад пірага, які пастаянна павялічваецца, чым па картках размяркоўваць апошні мех сухароў.

* * *

У нас нават у Канстытуцыі сказана пра сацыяльную скіраванасць эканомікі і справядлівасць, а што на самай справе? Калі б Гюнтэр жыў у сучаснай Беларусі і страціў працу, то не толькі яго сям’я, але і сам ён трапіў бы ў натуральную галечу, колькі б часу да гэтага і як бы плённа ні працаваў. У студзені 2009 года сярэдні памер дапамогі па беспрацоўю складаў 47,6 тысячы рублёў, а летась у ліпені — 50,4 тысячы рублёў, або 18,4% ад кошту бюджэту пражытачнага мінімуму.

Калі нехта пачынае крытыкаваць мізэрнасць гэтых самых мінімумаў, Міністэрства працы адказвае, што яны маюць толькі статыстычнае значэнне, выкарыстоўваюцца ў якасці крытэру ацэнкі поспехаў дзяржавы ў барацьбе з беднасцю. Маўляў, калі сума прыбытку перавышае кошт мінімуму (270 тысяч рублёў), то чалавек ужо афіцыйна лічыцца хоць і не багатым, але ўжо і не бедным, і таму выключаецца з ліку прэтэндэнтаў на атрыманне адраснай дзяржаўнай дапамогі. Памятаеце, як у 2007 годзе ўлады дзеля бездакорнай арганізацыі сістэмы сацыяльнай дапамогі скасавалі амаль што ўсе віды льгот, якімі да таго часу карысталіся пенсіянеры, студэнты ды іншыя.

Дык вось, калі ацэньваць па мінімуму, то Беларусь з’яўляецца безумоўным сусветным лідэрам у барацьбе з беднасцю. Прыкладам, лацінаамерыканскія краіны дзесяцігоддзямі не могуць зрушыцца з месца — колькасць беднякоў застаецца стабільна высокай, нягледзячы на даволі хуткі рост іх эканомік. Больш таго, зараз адносная колькасць беднякоў у Беларусі ў структуры насельніцтва нават меншая, чым у Злучаных Штатах. Як сведчыць афіцыйная статыстыка, у 2000 годзе, калі прэзідэнт толькі ўздымаў лозунг «За сильную и процветающую Беларусь», — здабыткі ніжэй бюджэту пражытачнага мінімуму (рысы беднасці) мелі 41,9% насельніцтва, праз пяць гадоў — толькі 12,7%, а зараз (дадзеныя абследавання хатніх гаспадарак за студзень—чэрвень бягучага года) толькі 4% ад іх агульнай колькасці мелі сярэднемесячны прыбытак на душу меней гэтага бюджэту. Малазабяспечанымі ў гарадах і гарадскіх паселішчах з’яўляюцца 3,2% хатніх гаспадарак, у сельскіх населеных пунктах — 6,1%.

Ёсць з чым пайсці на чарговыя выбары, каб атрымаць чарговую перамогу!

* * *

На самай справе, вельмі дакладныя падлікі і вельмі няўстойлівая сітуацыя. Бо калі ў сям’ях з’яўляюцца хоць бы адно дзіця, многія з іх трапляюць у галечу — асноўную частку ў структуры малазабяспечаных хатніх гаспадарак (67,9%) складаюць сем’і, у якіх ёсць няпоўнагадовыя дзеці. І гэта з улікам той дапамогі (таксама мізэрнай), якую шматдзетныя сем’і атрымоўваюць ад дзяржавы.

Журналісты многіх краін праводзілі на сабе эксперыменты на выжыванне ў рамках мінімальных сацыяльных стандартаў, якія дзяржава лічыць неабходным забяспечыць кожнаму. Адны пры гэтым змушалі сябе да адмаўлення ад шкодных звычак (тытунь, алкаголь), другія толькі адчувалі дыскамфорт ад таго, што давялося адмовіцца ад паездак на ўласным аўтамабілі, іншыя адкрывалі для сябе рэцэпты адносна таннага дыетычнага харчавання.

Калі б хто з беларускіх журналістаў надумаўся паставіць такі эксперымент, яму спачатку трэба было б напісаць тастамент. Бо пры норме сярэднесутачных выдаткаў у памеры тры долары, трэба выбіраць не што есці, а калі есці — кожны дзень ці два разы на тыдзень.

Беднякі ў іншых краінах да такога жорсткага выбару не змушаюцца, бо ў большасці выпадкаў рыса беднасці вызначана на ўзроўні 70% сярэдняга заробку па краіне.

Звычайна кажуць, што статыстыка ведае ўсё. У гэтым пераконвае дакладнасць разлікаў — да дзесятых, а то і сотых працэнта. Хоць зразумела, што і на 50% пражытачнага мінімуму не пражывеш, а тут цябе быццам бы цвікамі да сцяны прыбіваюць — 18,4%. Ганарыцца можна. Ніхто б у свеце не выжыў, а беларускія беспрацоўныя жывуць! Без ніякай містыкі.

Рэальны факт, які сродкамі статыстыкі пацвярджаюць у кожны канкрэтны момант тысячы людзей. І разам з тым — поўны абсурд. Бо на самай справе беспрацоўны, які атрымлівае дапамогу, не павінен мець ніякіх іншых крыніц прыбыткаў. Ні дывідэндаў, ні выйгрышаў у таталізатар, ні бабульчынай спадчыны. За гэтым пільна сочаць на Захадзе, і павінны сачыць (па закону) у нас. І пазбаўляць парушальнікаў права на атрыманне сацыяльнай дапамогі, або нават судзіць за махлярства.

Беларускія ж беспрацоўныя не жывуць на тую дапамогу. Яны маюць іншыя прыбыткі.

Якія? Дакладна не дывідэнды. Гэта грошы сем’яў, гэта грошы ад нейкай незарэгістраванай дзейнасці, магчыма, нават і крадзяжоў. Нездарма ж па крымінальнай статыстыцы ў нас больш злачынцаў, чым зарэгістраваных беспрацоўных, а сярод злачынцаў — абсалютную большасць складаюць асобы, якія нідзе не працуюць і не вучацца, але афіцыйна не лічацца беспрацоўнымі. Бо які ж дурань пойдзе рэгістравацца на біржы пры такім абыякавым стаўленні да яго жыццёва важных патрэб з боку Міністэрства працы?

Малыя памеры дапамогі па беспрацоўю — гэта толькі адзін з інструментаў, якія дазваляе ўладзе ўтрымліваць узровень зарэгістраванага беспрацоўя, як кажуць, «ніжэй плінтуса». Рэальны ж узровень беспрацоўных у Беларусі з улікам усіх гэтых фактараў, з улікам прыхаванага беспрацоўя, сягае недзе да 18–30 працэнтаў.

Пра іншыя інструменты эквілібрыстыкі са статыстыкай беспрацоўя паразважаем іншым разам. Яны таксам вельмі важныя, і яшчэ больш смешныя.
 

Каментаваць