Беспрацоўных цяжка палічыць

Як адзначыў на прэсавай канферэнцыі першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Пётр Грушнік, паводле апошняга перапісу насельніцтва, беспрацоўнымі ў Беларусі з’яўляюцца 6,1% ад колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва.

Як адзначыў на прэсавай канферэнцыі першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Пётр Грушнік, паводле апошняга перапісу насельніцтва, беспрацоўнымі ў Беларусі з’яўляюцца 6,1% ад колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва.

Да катэгорыі эканамічна актыўнага насельніцтва належаць людзі, якія маюць крыніцу самастойнага існавання ці намер яго атрымаць і маюць магчымасць працаваць. Такім чынам, крытэры даволі рухомыя. Жаданне зарабляць можа быць і ў дзяцей, і людзей, старэйшых за пенсійны ўзрост. Таму Міжнародная арганізацыя працы вызначыла, што эканамічна актыўным можа лічыцца насельніцтва ва ўзросце ад 10 да 72 гадоў. Дзеці і падлеткі, па традыцыі, працуюць у краінах трэцяга свету, а для жыхароў развітых краін характэрна вельмі працяглая працоўная актыўнасць.

Інакш кажучы, каб вызначыць колькасць эканамічна актыўнага насельніцтва, трэба праводзіць сацыялагічнае апытанне. У Беларусі да гэтага часу праблема вырашалася прасцей. Да лічбы занятых у эканоміцы дадавалі колькасць зарэгістраваных у службе занятасці беспрацоўных, і атрымлівалі патрэбны вынік. На канец 2009 года, калі праводзіўся перапіс, колькасць эканамічна актыўнага насельніцтва, згодна Белстату, складала 4696,9 тысячы чалавек (4655,5 тысячы занятых плюс 41,4 тысячы зарэгістраваных беспрацоўных).

Але, на самай справе, колькасць беспрацоўных, а значыць і эканамічна актыўнага насельніцтва ў цэлым, была большай амаль на 290 тысяч чалавек.

Менавіта такой ступені абвастрэння дасягнула ў нашай краіне сацыяльна-эканамічная хвароба — беспрацоўе. Але яна ніяк не фіксуецца дзяржавай, якая афіцыйна цешыцца мізэрнымі паказчыкамі афіцыйнага беспрацоўя 0,8% — у верасні 2010 года, 0,6% — у верасні гэтага. Хутка зачынім біржу працы!

Калі частцы афіцыйных беспрацоўных выплачваецца хоць нейкая дапамога (16,6% ад сярэднедушавога памеру бюджэту пражытачнага мінімуму), то абсалютная большасць беспрацоўных увогуле не мае ніякага дачынення ні да дзяржаўных інстытутаў, якія павінны рэгуляваць попыт і прапанову на рынку працы, ні да інстытутаў сацыяльнай абароны насельніцтва ўвогуле.

Дарэчы, спадар Грушнік не паабяцаў фактычна беспрацоўным беларусам ніякай асаблівай матэрыяльнай дапамогі і ў будучым. Адзначыў толькі, што з пераходам да рэгулярных абследаванняў хатніх гаспадарак, дзе пачне вызначацца і рэальны стан занятасці, ягонае міністэрства будзе мець «нейкія дзве лічбы», адна будзе сведчыць аб зарэгістраваным беспрацоўі, другая — аб выніках абследавання хатніх гаспадарак. На яго думку, гэта дазволіць пашырыць поле дзейнасці міністэрства.

Прынамсі, без усякіх даследаванняў зразумела, што пражыць на дапамогу, якая складае толькі 1/6 частку пражытачнага мінімуму, немагчыма ні дзіцяці, ні старому. Таму міністэрства даўно магло б выступіць з адэкватнай аргументацыяй неабходнасці яе падвышэння да гэтак званага мінімуму. Калі б памеры дапамогі павысіліся, паказчыкі афіцыйнага беспрацоўя наблізіліся б да фактычных. Людзі прыйшлі б рэгістравацца, каб атрымліваць дапамогу.

Дарэчы, пры сённяшнім стане грамадства, калі людзі баяцца ўсяго, вельмі цяжка праводзіць сацыялагічныя апытанні. А калі ўлічыць, што амаль кожны згодзен адказаць на любое пытанне любога начальніка так, як гэта таму патрэбна, апытанні становяцца амаль што немагчымымі.

Карацей, цяжка верыць і сацыёлагам, і даследчыкам хатніх гаспадарак з ліку міністэрскіх ды іншых чыноўнікаў. Аб гэтым шмат і даволі аргументавана пішуць у сеціве. Прыкладам, адзначаюць, што ў нашых суседзяў з ліку новых чальцоў Еўрасаюза, розныя віды сацыяльнай дапамогі з самага пачатку гарантавалі страціўшым працу небаракам пражытачны мінімум. А зараз іх мінімальныя стандарты ўжо вышэй за сярэднія заробкі беларусаў.

Некалькі гадоў таму была прынятая праграма «паскарэння» сацыяльна-эканамічнага развіцця малых і сярэдніх гарадоў. Згодна з разлікамі, у гэтых населеных пунктах на аднаго зарэгістраванага беспрацоўнага прыпадала 26 афіцыйна незанятых асоб. Пры гэтым назіраліся вельмі ўразлівыя кантрасты. Прыкладам, у гарадскім пасёлку Гарадзішча Баранавіцкага раёна было 4 афіцыйных беспрацоўных і 720 афіцыйна незанятых асоб (1:180), у рабочым пасёлку Бальшавік Гомельскага раёна — 2 беспрацоўных і 854 незанятых, у гарадскім пасёлку Езярышча Гарадоцкага раёна — 1 (!) афіцыйны беспрацоўны на 401 афіцыйна незанятых асоб.

Зразумела, частка афіцыйна незанятых людзей маюць занятак — вучацца ў вышэйшых або сярэдніх навучальных установах, служаць у войску. Значная частка мае крымінальныя крыніцы здабыткаў і рэгулярна папаўняе шэрагі спецыфічнага абмежаванага кантынгенту. Частка займаецца незарэгістраваным і таму блізкім да крымінальнага дробным бізнесам. А яшчэ большая частка наўпрост ад’язджае на заробкі.
 

Каментаваць