Без крэдыту, затое з малаком

Безумоўна, галоўнай тэмай гэтага тыдня стаў малочны канфлікт паміж Беларуссю і Расіяй, але пра яго дэталі і наступствы чытайце ў іншых артыкулах гэтага нумару. Спынімся на іншых падзеях, хаця і пра малако ўсё ж пагаворым.



Безумоўна, галоўнай тэмай гэтага тыдня стаў малочны канфлікт паміж Беларуссю і Расіяй, але пра яго дэталі і наступствы чытайце ў іншых артыкулах гэтага нумару. Спынімся на іншых падзеях, хаця і пра малако ўсё ж пагаворым.

14 чэрвеня каля сталічнага Палаца спорту прайшоў рэспубліканскі фестываль “Дзень малака. Бясплатныя дзіцячыя атракцыёны, гульні, конкурсы, святочны канцэрт з удзелам артыстаў беларускай эстрады і, зразумела, дэгустацыі і кірмаш малочнай прадукцыі ўсіх беларускіх вытворцаў — чаго тут толькі не было. Тыя, хто не з’ехаў на лецішча ці на шашлыкі, маглі пачаставацца высакаякаснай беларускай прадукцыяй і тое-сёе прыкупіць дахаты. І чаго гэтыя расіяне выпендрываюцца? То ім якасць не тая, то кошты занізкія. Дарэчы, напярэдадні ў сталіцы прайшло яшчэ адно свята малака — “МалочнаСакавіты фестываль Мінск–2009, арганізатары якога падкрэслівалі, што фестываль — “не аператыўная піяр-акцыя, звязаная з праблемамі паставак беларускай малочнай прадукцыі на расійскім рынку, а запланаванае мерапрыемства. Сапраўды, нашто нам такі піяр, лепш самі з’ядзім. А калі пачаць харчавацца толькі малочнымі вырабамі, можна і заробкі не падвышаць.

Тым больш, што грошы на гэта трэба яшчэ пашукаць. “Беларусь не зможа прэтэндаваць на расійскі крэдыт, калі зацягне прыняцце мер па аздараўленні эканомікі, — лічыць міністр фінансаў Расіі Аляксей Кудрын. Выдзяленне Расіяй апошніх 500 мільёнаў долараў з двухмільярднага крэдыту залежыць ад “прыняцця рашучых мер урадам Беларусі па аздараўленні сваёй эканомікі, як заявіў міністр у размове з журналістамі ў Лечэ (Італія), дзе праходзіла сустрэча міністраў фінансаў “Вялікай васьмёркі.

“Тым часам урад Беларусі не прымае дастатковых мер, — перадае “РИА Новости словы Кудрына. Вось і разбярыся: МВФ кажа, што ўсё не так дрэнна, Сусветны банк грошы дасць. А гэтыя зноў нешта круцяць. За два тыдні Кудрын некалькі разоў змяніў сваё меркаванне наконт грошай і Беларусі. 28 мая сказаў, што грошы пакуль не дадуць, бо Беларусь не хоча іх браць расійскімі рублямі. 5 чэрвеня абяцаў, што дадуць 500 мільёнаў долараў, але трэба яшчэ перамовіцца. А вось 100 мільярдаў расійскімі нам не пазычаць. 9 чэрвеня міністр заявіў, што крэдыт Беларусі ў памеры 500 мільёнаў долараў можа быць выдзелены са сродкаў антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС. А зараз зноў — не дадуць. Можна  вызначыцца і больш дакладна, мы б тады пашукалі ў іншых месцах.

Ці то пакрыўдзіўшыся з-за грошай, ці то раззлаваўшыся з-за малака, ці нарэшце задумаўшыся пра лёс свайго народа, але кіраўніцтва Беларусі адмовілася ўдзельнічаць у запланаванай на 14 чэрвеня ў Маскве сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ. “Аксіёмай з’яўляецца тэзіс пра тое, што эканоміка служыць падмуркам нашай агульнай бяспекі, — гаворыцца ў паведамленні, распаўсюджаным прэс-службай Аляксандра Лукашэнкі. — Аднак калі найбліжэйшы саюзнік Беларусі па АДКБ спрабуе, добра ўсведамляючы тое, што адбываецца, знішчыць гэтую аснову, фактычна паставіць беларусаў на калені — як у такой сітуацыі можна казаць пра ўмацаванне калектыўнай бяспекі на агульнай прасторы арганізацыі?

Беларускі бок упэўнены, што “нельга прымаць вельмі важныя рашэнні ў межах АДКБ, ісці на пэўнае ўшчамленне сваіх нацыянальных інтарэсаў дзеля агульнай справы ў сітуацыі, калі парушаюцца асноватворныя прынцыпы пабудовы калектыўнай бяспекі. Гэта было б безадказна ў дачыненні да свайго народа і стварыла б небяспечны прэцэдэнт, які пагражае далейшаму развіццю арганізацыі і падрывае давер яе сяброў адзін да аднаго. Але нягледзячы на адсутнасць беларускай дэлегацыі, пагадненне пра стварэнне Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання ўсё ж было падпісана. “Гэта спроба ігнараваць не толькі прынцыповую пазіцыю дзяржавы — сябра АДКБ, але і асноватворнае правіла арганізацыі — правіла кансенсусу пры прыняцці рашэнняў, якое гарантуе на практыцы няўхільны ўлік меркаванняў усіх без выключэння сябраў арганізацыі ў такой важнай справе, як бяспека, — пракаментаваў сітуацыю прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Папоў.

Не паехалі ў Маскву, затое пасля 13-гадовага перапынку правялі пасяджэнне беларуска-германскага савета эканамічнага супрацоўніцтва. “Мы даўно супрацоўнічаем з Германіяй, і ў нас добры гандаль. Нас прыцягваюць новыя тэхналогіі, якія распрацоўваюцца ў Германіі. Маючы стабільную і прадказальную эканоміку, стабільнасць у дзяржаве, Беларусь можа быць добрым партнёрам для Германіі, — зазначыў Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы. — Мы заўсёды будзем вітаць германскі бізнес і забяспечым надзейнасць інвестыцый. Прэзідэнт таксама заявіў пра гатоўнасць разгледзець любую прапанову германскага боку па супрацоўніцтве. У сваю чаргу, дзяржаўны сакратар Федэральнага міністэрства эканомікі і тэхналогій ФРГ, старшыня германскай часткі беларуска-германскага савета эканамічнага супрацоўніцтва Бернд Пфафенбах адзначыў, што германскія бізнесмены гатовы не толькі гандляваць з Беларуссю, але і інвеставаць у эканоміку. І праўда, нашто нам тая Масква, калі ёсць заможная Германія і з ёй увесь Еўрасаюз?

Але хопіць пра палітэканоміку. У Беларусі пачалося цэнтралізаванае тэставанне ў межах уступнай кампаніі. Каб быць дапушчаным да ЦТ, зарэгістраваны абітурыент павінен паказаць пашпарт або даведку, якая яго замяняе. Тэставанне праводзіцца на базе 74 навучальных устаноў, у тым ліку 32 — у Мінску. Для ўдзелу ў ЦТ у гэтым годзе зарэгістраваліся больш як 175 тысяч чалавек. Сёлета ўпершыню сертыфікаты ЦТ будуць выдавацца ўсім абітурыентам са станоўчым балам, што “заклікана павялічыць іх шансы на паступленне ў вышэйшыя і сярэднія навучальныя ўстановы. Маўляў, набраў два-тры балы са ста — і добра, ідзі вучыся далей не бясплатна, дык за грошы. Чаму б не дапамагчы радзіме ў крызіс.

Дарэчы, пра крызіс. З 1 ліпеня цэны на паслугі пральняў, хімчыстак, цырульняў і дакументальныя фотаздымкі ў Беларусі будуць фарміравацца свабодна. Такое рашэнне ўтрымліваецца ў пастанове Савета міністраў № 752 ад 8 чэрвеня 2009 года, паведамляе прэс-служба ўрада. Згодна з дакументам, гэтыя віды паслуг выключаюцца з пераліку сацыяльна значных тавараў (работ, паслуг) і лекавых сродкаў, цэны (тарыфы) на якія рэгулююцца Міністэрствам эканомікі, аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам. Дадаткова з рэгуляваных тавараў выключаюцца: малако стэрылізаванае, адтопленае, казінае, здобныя булачныя вырабы, абаранкавыя і сухарныя вырабы, пірагі, піражкі, пончыкі. Наколькі свабодна вырастуць цэны на манікюр і пончыкі, хутка даведаемся.

Каментаваць