Бежанцы: хуткіх рашэнняў не будзе

З нагоды Сусветнага дня бежанцаў прадстаўніцтва ААН у Беларусі наладзіла прыём для прадстаўнікоў міжнародных арганізацый, беларускіх аб’яднанняў і кампаній, а таксама дыпламатаў. Арганізатары прыцягнулі ўвагу да глабальнай праблемы, якая закранула і Беларусь.

У мінулым годзе колькасць перамешчаных асоб у свеце дасягнула рэкорда. Больш за 65 мільёнаў чалавек пакінулі свае дамы. Гэта лічба болей, чым насельніцтва Злучанага Каралеўства альбо Францыі ці Італіі. Больш за 4 мільёны чалавек прыбылі ў Еўропу. А 600 тысяч уцекачоў — выхадцы з Еўропы, у асноўным з Украіны. За апошнія два гады колькасць хадайніцтваў аб наданні прытулку павялічылася ў пяць разоў.

Такія лічбы агучыў прадстаўнік Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў (УВКБ ААН) у Беларусі Жан-Іў Бушардзі. Што да Беларусі, то ў 2014-2015 гадах сюды прыехалі каля 160 тысяч украінскіх грамадзян. Больш за 1 600 з іх звярнуліся з хадайніцтвам аб наданні прытулку.

“Такім чынам, колькасць прасіцеляў прытулку дасягнула рэкордна высокага для Беларусі ўзроўню”,
— рэзюмаваў прадстаўнік УВКБ ААН.

Акрамя ўкраінцаў, у Беларусь прыязджаюць і грамадзяне Сірыі, Пакістана, Афганістана.



Жан-Іў Бушардзі адзначыў праблемы, якія існуюць у Беларусі. “Так, напрыклад, праблемы, звязаныя з медыцынскім абслугоўваннем украінскіх грамадзян, вымушаных аплачваць медыцынскія паслугі, што лажыцца цяжарам на сямейны бюджэт”. Ёсць і праблема з працаўладкаваннем. “Ва ўмовах сучаснай эканамічнай сітуацыі ў Беларусі знайсці працу складана нават беларусам, не кажучы ўжо аб бежанцах”.

Прадстаўнік УВКБ ААН сказаў таксама, што разлічвае на садзейнічанне. “Любая дапамога — ці то ахвяраванні рэчамі, працаўладкаванне, фінансавая падтрымка — можа быць для кагосьці жыццёва важнай”, — звярнуўся Жан-Іў Бушардзі да прысутных на прыёме гасцей.

Надзвычайны і паўнамоцны пасол Германіі ў Беларусі Петэр Дэтмар адзначыў, што Еўразвяз сутыкнуўся з беспрэцэдэнтнай хваляй уцекачоў і мігрантаў: “Простых і тым больш хуткіх рашэнняў не будзе, як бы нам усім гэтага не хацелася. Размова ідзе аб “тэктанічных” зрушэннях, якія будуць займаць нас яшчэ доўгія гады”.

Успышкі насілля і войнаў, некаторыя з іх цягнуцца ўжо гадамі, могуць выліцца — асабліва ў арабска-ісламскай прасторы — у адну адзіную вялікую вайну. Якую ў сілу тэрытарыяльнага ахопу і разнастайнасці дзеючых гульцоў — немагчыма будзе спыніць ні шляхам палітычных перамоваў, ні ўмяшаннем знешніх сілаў. Гэта — найгоршы варыянт развіцця падзеяў у арабска-ісламскай прасторы, прадухіленне якога стала цэнтральным выклікам для еўрапейскай палітыкі, — падкрэсліў пасол Германіі.


На яго думку, калі паток уцекачоў будзе нарастаць і далей, то раней ці пазней будзе дасягнутая кропка, калі прымаючыя краіны не будуць спраўляцца з імі. Яны зачыняць свае межы і ўвядуць пагранічны рэжым.

Для вырашэння праблем Петэр Дэтмар лічыць неабходным прасоўваць сумесную міграцыйную палітыку і стварыць адзіную сістэму надання прытулку. А таксама змагацца з прычынамі масавых перамяшчэнняў:

Фота nv-online.info

Фота nv-online.info


Таму мы ўсімі сіламі павінны выступаць за палітычныя падыходы ў вырашэнні крызісаў, асабліва на Сярэднім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы. Таму мы павінны аказваць падтрымку дзяржавам вакол крызісных тэрыторый. Але гэта нам удасца толькі ў тым выпадку, калі мы — еўрапейцы — будзем дзейнічаць супольна. Гэта азначае ўнутраную салідарнасць. Мы павінны дамовіцца паміж сабой у Еўропе, дзе і як мы будзем прымаць на нашым кантыненце тых, хто бяжыць ад нястачы. Не калі-небудзь, але менавіта зараз. Нам патрэбны сумесныя працэдуры, сумесныя стандарты і справядлівае размеркаванне.

Прыём у Мінску зладзілі ў межах глабальнай кампаніі УВКБ ААН “З бежанцамі”. Пасол добрай волі УВКБ ААН, спявачка Іскуі Абалян звярнулася да ўсіх з заклікам падтрымаць людзей, якія былі вымушаны пакінуць сваю радзіму:

Мы ўсе такія розныя. Мы з розных краін. У нас у кожнага могуць быць у жыцці свае інтарэсы, свае перавагі. Але нас аб’ядноўвае вельмі многае. І самае галоўнае — гэта тое, што кожны з нас хоча жыць у краіне, над каторай свеціць мірнае неба. Таму я думаю, што кожны з нас можа быць дастаткова адкрытым для ўцекачоў у нашай краіне. І мне падаецца, што наша задача — простых людзей, такіх як я, — проста каб мы маглі прыняць, разумеючы іх праблему, іх бяду. І працягнуць у патрэбны момант ім сваю руку. Гэта наша самая галоўная задача.




Каментаваць